Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Расказваў, як, знаходзячыся ў лагеры, пазнаёміўся з адным цікавым чалавекам – археолагам. Спалі побач, на другім ярусе нараў. Аднойчы той прызнаўся Хурсу, што часта кантактуе з паралельным светам. Міхась не паверыў яму. Але, каб пераканацца ў тым, ці іншым, прапанаваў Зміцер – так звалі суседа – папытацца Хурсу “у іх”, што такое за слова грыдпіс”. І тут жа настаўнік пачуў адказ: “Мы зразумелі тваё пытанне, на нашай мове гэта азначае “шлях з нічога”. Хурс выразна пачуў іх голас, і тое ашаломіла яго. Нават напалохала. Міхась ведаў, што ў фізіцы ёсць такое паняцце, як “грыд”. Але да яго яшчэ Зміцер далучыў “піс”. А гэта азначала атам энергіі, пры тым энергіі, якая рухаецца – круціцца вакол сваёй восі, энергіі, як конус, як юла, аграмадны нябесны віхор, нешта накшталт тарнада… Калі яшчэ больш дакладней – энергетычная варонка, яма без дна.
– Вы казалі нешта пра формулу? – асцярожна папытаўся ў Хурса.
Ён не спяшаўся з адказам, устаў з крэсла, падышоў да стэлажу, узяў папку і паклаў перада мной на стале. На вокладцы, выціснутая друкарскім спосабам, свяцілася водблескам нейкая незразумелая формула ці ўраўненне. Моўчкі глядзеў на выціск, чакаў тлумачэння ад настаўніка. Я зноў зрабіўся вучнем, які некалі адказваў яму на пытанні па фізіцы – яго прадмеце.
– Першае азначэнне – аб’ём. А ён адпавядае палавіне перамножаных квадратнай і лінейнай матрыц.
– І што гэта азначае?
– Наш Сусвет – Галактыка – складаецца з матрыц, якія ўсе да адной пранізаны энергіямі, і што нараджаюцца дзякуючы ім. З квадратнай матрыцай я разабраўся адразу ж, і яна выглядала так: Х х Х. Ці – 10х10. У ёй закладзена дзесяцірычнасць. А вось з лінейнай… Доўга, вельмі доўга ішоў да яе, пакуль не зразумеў, што гэта вектарная велічыня, пастаянна скіраваная да цэнтра анізатрапіі бясконцай прасторы. Анізатрапія, як ты ведаеш з фізікі, я тлумачыў вам пра тое, гэта – нераўнамернасць, неаднолькавасць уласцівасцяў па розных кірунках. Я ж уяўляю яе як прыцягальную прастору, якіх – процьма, незлічонае мноства. Мы ўсе, разам узятыя, з’яўляемся цэнтрамі анізатрапіі. А адсюль і сцвярджэнне – наш свет не трох-чатырох-пяцімерны, а шматмерны. Вось пасля гэтага я адкрыў ці ўгадаў, сам не ведаю, гэтую формулу – формулу энергаёмкасці прасторы. Прасторы, якую мы не бачым.
Я асэнсоўваў тое, што пачуў, а потым прыйшлося і ўдакладніць:
– А матрыцы, мой настаўнік? Што яны азначаюць?
– Мы перайшлі са сваім сукамернікам ужо ў новую плоскасць размовы, зраўняліся ў ведах таго, што я павінен зразумець. Адчуў, што пачаў набліжацца да пазнання яго формулы.
Маўчу.
– Яе, матрыцу, можна вызначыць па-рознаму. Але я яе бачу як паняцце сілавой структуры.
Хурс адгарнуў папку, дастаў з яе некалькі аркушыкаў паперы, спісаных дробненькім акуратным почыркам. Расказаў пра тое, што ў ядзернай фізіцы ёсць такое паняцце – магічныя лічбы. Яны расстаўлены ў такім парадку – 2, 8, 20, 28, 50, 82, 126, 152. Прымяняючы прынцып як закон сіметрыі, Міхась Пятровіч з гэтых лічбаў і стварыў матрыцу. Тады ён, лежачы на нарах, папрасіў свайго суседа, каб той спытаўся ў “іх” і пра другое – пра сіметрыю і асіметрыю. “Яны” адразу ж і адказалі, што сіметрыя – самая блізкая родзічка асіметрыі, і што гэта яна кіруе Сусветам.
Настаўнік з захапленнем працягваў далей сваю думку пра тое, што ён абвяргае ўжо самога сябе, даказваючы, што і ў сіметрыі не ўсё дакладна, як здавалася на першы погляд. Напісаў на паперы новыя лічбы – 3-8-2, 2-7-3, 2-2-7, 3-8-3. А гэтыя лічбы ў сваю чаргу нараджалі нейкі новы малюнак – накшталт дрэва. Дрэва жыцця…
Хурс падышоў да шырокага акна, прысеў на падваконнік. Пачаў расказваць пра сваё жыццё, пра лагерны перыяд, куды яго “упяклі” энкэвусаўцы. Апавядаў пра тое, як паміраў з голаду, а знаходзіўся ў той жа час “там”, у іншым сусвеце… Але калі ён узмаліўся Госпаду аб дапамозе, адразу адчуў, як Нябачны вярнуў яго ў першапачатковы стан быцця, прыдаўшы яму фізічныя сілы. Вось тады ён і задумаўся над шмат якімі рэчамі. Заўсёды лічыў, што галоўнае ў жыцці – здароўе, што галоўнае – мець рукі, ногі і галаву… А аказалася – інтэлект, якому зусім не абавязкова мець фізічную абалонку. Мусіць жа, і сам Бог, не мае той фізічнай абалонкі, і такім чынам бездакорна кіруе Сусветам, стварыўшы паняцце “грыдпіс”.
Зразумеўшы і ўцяміўшы тое, у Хурса “паехаў дах”, я пастараўся замоўкнуць, стаіцца… Далей – болей і болей. Ён разабраўся ў такім паняцці, як ДНК. Прыйшоў да вываду, што яно ў кожным з нас, і выглядае своеасаблівай лесвіцай. А яна раздзелена ці развітая на асобныя зноскі – адэнін-тымін, гуанін-цытазін, – злучаючыся толькі ў такім парадку. А па краях-брыжыках – цукрова-фасфатныя злучэнні з віціеватымі кудзеркамі-парамі – нуклеацідамі, – а яны маюць лік на мільярды…