Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– А грыбы? – паглядзеў я на кашэль. – Куды іх? З сабой?
– Навошта з сабой? Няхай тут пабудуць. У гэтай акрузе на дзесяткі кіламетраў няма ніводнага ці пабочнага чалавека. А хоць бы і быў, то не ўбачыць тваіх грыбоў.
– Добра, я згодзен. Пайшлі.
– Тут недалёка. Ды і не будзем мы доўга, мо з паўгадзінкі якой. Паспееш да бабы Настазі, яна акурат і печ выпаліць да твайго прыходу.
І сапраўды – мы не прайшлі і паўсотні крокаў, як перад намі вырасла незвычайная хаціна. Пакрытая шырокім кляновым лісцем, складзеная ў нетрадыцыйным, так бы мовіць, стылі – бярвенні не гарызантальна, а стайма. Тоўстая папярэчына абціскала збудаванне з усіх бакоў.
– Вось тут я і хаваюся ад усяго свету.
– І ўвесь час тут жылі?
– У асноўным, а так мяне насіла па свеце. Пастаянна знаходзіўся ў пошуку ісціны.
– Якой ісціны – Міхась Пятровіч?
Настаўнік не адказаў на маё пытанне, прачыніў перада мною веснікі. Па прыступках падняліся на ганак, Хурс расчыніў дубовыя дзверы.
Патыхнула жылым памяшканнем. Яшчэ – багуном і парэчкамі, чаборам і мятай. Цяпло жытла, сонечнае святло ў вокнах, бліскучая смаловая падлога з шырокімі маснічынамі, стэлажы з кнігамі, дубовы стол пасярэдзіне, – усё гэта ўзяло мяне адразу ў палон, прымусіла адчуць жаданым госцем.
– Сядай, мой мілы дружа Антоне, сядай, адчувай сябе ў мяне, як у роднай хаце. Ты мне заўсёды падабаўся, ты не быў падобны на сваіх аднагодкаў-вучняў: не пасміхаўся нада мною, перажываў, калі нада мною здзекваліся. Я адчуваў тваю дабрыню, як і дабрыню і пяшчоту бабы Настазі. Дзякуй табе, Антон, дзякуй!
Паціснуў плячыма, бо не ведаў, як можна дзякаваць за тое, што не трымаеш ні на кога ў свеце зла, што добра адносішся да чалавека. Тым часам Хурс дастаў гліняныя кубкі, наліў у іх пахкую гарбату з лясных зёлак, паставіў місу мёду. Яшчэ – нейкія сухарыкі і пячэнне, цукеркі.
– Адчуваю, Антоне, тваё здзіўленне і недаўменне – ты ніяк не можаш уцяміць: чаму толькі цяпер захацеў з табой сустрэцца. Ці не так?
– Так, вы ўгадалі. А сапраўды – чаму?
Хурс адпіў некалькі глыткоў, уздыхнуў. Прымружыўшы вочы, прамовіў:
– Калі пільна ўгледзецца ў сябе, пранізаць сябе мільярдамі рэнтгенаўскіх промняў, адразу стане зразумелым, што мы – дзеці прыроды. Бо мы жывем штодня ў чаканні, у прадчуванні таго, што вось-вось нас праведае нехта звыш, дабраславіць. І мы абавязкова пераменімся, перародзімся… Будзем знаходзіцца каля таго парога, за якім, няма ўжо таямніцы і тайнаў – пазнанне і адкрыццё глыбіняў сусвету, – ці не так, Антон? Гэта ўжо як насланнё, салодкі сон. І няма ніякіх сілаў перапыніць тое, абарваць… Сціскаецца сэрца, наварочваюцца слёзы, – прачынаецца шкадаванне па нечым страчаным і згубленым, хочацца вярнуць сябе ў тую пару, калі ты быў яшчэ чысты і праведны…
Не перабіваў Хурса. Мне чамусьці падалося, што мы з ім насамрэч параўняліся – ці то ўзростам, ці разуменнем сутнасці рэчаў, пра якія ён казаў, а мо і нейкіх абавязкаў, на нас ускладзеных…
– Я чакаў, доўга чакаў, калі час звяжа нас і зблізіць, – праказаў ён, даліваючы мне ў кубак гарачай, з вялікага заварніка, гарбаты. – Вунь там, на верхняй паліцы, ляжыць зялёная папка. Пасля нашай размовы я дам табе яе, каб ты прадоўжыў маю справу. Я адкрыю табе свае тайны, таямніцы існавання як чалавека, так і сусвету. А тайна мая называецца адным словам – “Грыдпіс”.
– Як, як? – не ўтрымаўшыся, перабіў настаўніка.
– Ураўненне “Грыдпіс”.
– Прызнацца, я ўжо недзе чуў гэтае слова, не магу толькі ўспомніць, дзе… Ці то ў сне, ці то нехта прашаптаў мне яго, калі я імкнуўся зрабіць нешта, ды не атрымлівалася яно ў мяне…
– Можа, і чуў, усё можа быць… Дык вось, ты сёння павінен прыняць рашэнне – можаш і адмовіцца ад маёй прапановы. У цябе будзе час падумаць. Калі жыў сярод людзей, заблудзіўся ў сваёй жа душы. Такое можа быць, і з табой такое здаралася. Заблудзіўся і – абрадваўся: так, значыць, трэба было Богу, каб я адмовіўся ад усяго зямнога, ад усяго таго, што адштурховае нас ад ісціны. Ты чытаў не раз Святое Пісанне. Спачатку ты не разумеў напісанага. А потым і пранікся, бо ты далучыўся да нечага непазнавальнага. Табе здавалася, што знаходзішся блізка да разгадкі, але кожным разам яна ўцякала ад цябе, аддалялася і аддалялася. Жывучы тут, прачытаў тысячы і тысячы кніг вучоных і даследчыкаў быцця свету. Але аднойчы адчуў, што атрымліваю заданне аднекуль зверху, і яно дабраславёна Абсалютнымі Ведамі – АВ, а калі па-расейску то – АЗ, аз, букі, ведзі… Пачатак усяго. Незразумела для цябе, Антон, пра што я кажу, ці не так? Пакуль што незразумела. Потым зразумееш.
Настаўнік гаварыў, здавалася, не заўважаючы мяне і вельмі хутка. Пэўна, помніў, што мяне чакае баба Настазя і вытапленая печ. Гаварыў пераканаўча.