Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Недзе пад поўдзень назбіраў поўны, з коптурам, кашэль белых грыбоў. Усе маладзенькія – адзін у адзін; карычневыя капелюхі, цвёрдыя, крамяныя ножкі… Не заўважыў, як праляцеў час, стомы не было.
Толькі калі прысеў на заімшэлы бярозавы пень, адчуў лёгкія дрыжыкі ў нагах: як-ніяк, а кіламетраў з пятнаццаць-дваццаць пратэпаў, нагінаючыся і кланяючыся, як у храме, да зямлі кожнаму грыбочку. Во якую ён, баравічок, мае сілу і павагу! Тут і загадка нечакана нарадзілася – хлопчык з пальчык, а і волата да зямлі сагне.
Месца для адпачынку, трэба прызнаць, выбраў удалае: пад дубам. Сеў на сухі пень, як на крэсла. Побач расла бяроза, і на ствол яе можна было абаперціся. Тое я і зрабіў. Прымружыўшы вочы, расслабляючыся ўсім целам, глыбока ўдыхнуў у сябе паветра. Асалода! Рай! Шчасце!
Бяроза краналася сваімі “косамі” маёй галавы, плечы датыкаліся да шурпатай кары.
Над бярозай раскінуў свае разгалістыя галіны магутны дуб – як атуляў берасцянку сваімі шатамі. Карані дуба даходзілі да маіх ног.
…Адчуўшы, што мая лясная ўзрушанасць сцішылася, расплюшчыў вочы.
Бяроза, забраўшы ад мяне стому, зняла з маіх плячэй і грудзей свае галіны-рукі, супакоілася.
Мне ўдалося і драмануць колькі хвілінаў, і нават сон кароткі запомніў… Прысніўся мне мой настаўнік Хурс. Быццам ён вучыў мяне ці то з фізіцы, ці хіміі. І зноў пра тое хітрае слова напомніў, якое амаль сцерлася з маёй памяці, – грыдпіс. А мо і грынпіс ці дрыгпіс, не магу дакладна сказаць. Але яно адбілася ў маёй памяці, на языку ўселася, прасілася, каб вымавіў уголас…
– Грыдпіс, грыдпіс, – прашаптаў, каб пазбавіцца ад яго і забыць.
Перагаворваліся пра нешта верашаліны бярозы, зляталі першыя зжоўклыя залатнікі лістоты, клаліся на зямлю. Уставаць не хацелася, мне падабаўся мой стан, калі нічога не хацелася, нічога не жадалася. Знаходзіўся як бы ў бязважкасці, не датыкаючыся ні да зямлі, ні да паветра.
Удалечы, між стромкіх свечак бяроз, убачыў чалавека. Але то, мусіць, не грыбнік быў, бо не глядзеў сабе пад ногі, а круціў галавой туд-сюд, вышукваючы нешта ў галінах дрэў. Ды і ў руках яго не было ні кошыка ці кашаля, ніякай валізкі. Гуляў сабе чалавек па лесе, дыхаў паветрам, любаваўся прыродай.
Бачна, што ішоў у мой бок. І чым бліжэй падыходзіў, тым больш расло недаўменне і незразумелы радасны страх: “Няўжо? Няўжо гэта ён – настаўнік Хурс? Як ён тут з’явіўся? Ці ўвесь час жыў у гэтым глухім лесе? Ці гэта зноў, як і перад гэтым, прывід, маё хворае ўяўленне?”
– Прывітанне, Антон, – падышоў ён да мяне і падаў руку. – А я чакаў цябе, спадзяваўся, што ты аб’явішся ў маіх уладаннях.
Рука цёплая, сухая, поціск моцны, мужчынскі. Ён адкінуў на спіну капюшон брызентавага плашча, сеў на пянёк супраць мяне. Я ж маўчаў, баючыся, што ён знікне, як і некалі на беразе Нявы.
– Ты не рады нашай сустрэчы? – вярнуў ён мяне да рэальнасці.
– Чаму не рады? Рады. Але калі мы апошні раз сустракаліся, то размовы ў нас чамусьці не атрымалася.
– Тады яшчэ не прыйшла пара нам гаварыць.
– А цяпер?
– Цяпер – самы раз. Таму што ты стаў старэйшы, а я трохі памаладзеў.
– Хіба так бывае, Міхась Пятровіч? – паглядзеў я з недаверам на яго.
– Усё бывае, мой дружа, і ў гэтым нічога незвычайнага няма. Як і ў тым, што ты прыйшоў да мяне ў госці.
Ён паглядзеў на мой кашэль з грыбамі, падзівіўся:
– Ого! Шмат назбіраў. Заядлы, бачу, грыбнік.
Міхасю Пятровічу можна было даць і пяцьдзесят, і ўсе дзевяноста гадоў, калі не болей. Ён, як мне падалося, трохі адрозніваўся ад таго, якім сустрэў яго на беразе Нявы. Той быў нейкі стомлены, паніклы, а гэты – рухавы, голас бадзёры, позірк вясёлы. Мусіць жа, не хлусіў мой настаўнік, калі казаў, што стаў маладзей…
– Баба Настазя высушыць у печы – будзе некалькі вязанак. Павязеш прадаваць у Піцер ці Мурманск?
“Чаго цікавіўся пра Піцер? Намякаў хіба на што?”
– Ды не, ніколі не прадаваў грыбы.
– А дарэмна, скажу табе… За грыбны сезон можна назбіраць на “мерсэдес”, а мо і не на адзін…
– Мо і так, але я не імкнуся да гэтага… Так, некалі крушнічане мелі, кажучы сённяшняй мовай, харошы бізнес. Праўда, не ездзілі на іншамарках, але адзенне і абутак маглі мець прыстойныя.
– Так, так, то я жартую. Весела мне сёння, жартаваць і смяяцца хочацца.
Ён уздыхнуў, памаўчаў нейкі момант, потым, уперыўшыся ў мяне позіркам, пацікавіўся:
– Антон, а ці не хацеў бы ты схадзіць да мяне ў госці? Праведаць, так бы мовіць, свайго старога настаўніка?
– У госці? – акругліў я вочы. – Куды?
– Ды тут побач знаходзіцца маё жытло.