Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
Да апошняга паслання Алесі ён дакрануўся толькі праз гадзіну. Ліст дзяўчыны быў шчыры і чысты, нібы тыя воды Эльбы.
“Дарагі мой Ёхан! Колькі доўгіх нудных дзён чакала твайго пісьма і вось нарэшце атрымала яго. Схавалася ў палату, разгарнула і… не паверыла сваім вачам – ён на маёй роднай беларускай мове! Толькі ўявіла на хвілінку, як ты сядзеў і гарбеў са слоўнікам… Божа, быццам не ліст, а сэрцайка сваё ты даслаў мне, мілы. Самы шчыры і зямны паклон табе, любы, за гэты цудоўны прыгожы падарунак. Ён зараз заўсёды са мною, бы тое сонейка сагравае і надае мне сілы.
А ўвогуле зараз у нас на дварэ сапраўдная восень. Мокра і ветрана. Небы свінцова–шэрае, цярушыць дробны халодны дождж, нібы самі нябёсы плачуць, перажываюць нашу бяду. Ведаеш, я цяпер у іншай палаце, разам з дарослымі (ты толькі не хвалюйся, любы, мне проста прыпісалі новыя лекі). З сябрамі амаль не бачуся, бо хадзіць па бальніцы забараняюць. Сумна і тужліва. Толькі аднойчы сустрэла ў перавязачным пакоі Петруська. Ледзь не расплакалася. Ён казаў, што яму будуць рабіць аперацыю. Таму я моцна хвалююся за яго. Ці вытрымае, ён жа зусім яшчэ малы. Нават і не ўяўляю, што б рабіла, каб не тыя цікавыя кніжкі, якія ты мне нядаўна даслаў. Яны для мяне зараз, як тая крынічка для вандроўніка, з раніцы да вечара чытаю і чытаю. А ноччу зноў паўстае перад вачыма Петрусёк… Але хопіць пра сумнае.
Ведаеш, любы, я адлічваю кожны дзянёк, што набліжае нашу сустрэчу. Прыціскаю да сэрца тваю фотакартку і ў думках уяўляю яе. А яшчэ я жыву ўспамінамі. Часамі мне нават сніцца ваш мілы, добры і ўтульны дом, ты, мілы, фрау Вайс, быццам зноў мы едзем да Карла на баль, пасля танчым з табою пры свечках вальс, стаім каля святой магілы Марціна Лютэра… Божа, няўжо ўсё гэта было? Няўжо я зноў хутка буду побач з вамі? Даруй, любы, але падчас мяне ахоплівае трывожнае прадчуванне, што не падаруе нам лёс гэтай салодкай хвіліны спаткання. Я стараюся адагнаць гэтыя змрочныя думкі, бо, што б ні здарылася, я ўсё роўна прымчуся да цябе, мой любы, у той дзень. Прылячу сіняй птушкай ці зазірну ў тваё акно бялёсай заранкай. Ты зірні ў тэлескоп, убачыш яе – чароўную, чыстую, ласкавую, ведай – гэта я. Як там у нашага Максіма Багдановіча:
Шчасця, цяпла, радасці табе. Бывай, мой каханы.
Алеся.”
Паклаўшы развітальны ліст Алесі на стол, Ёхан дацягнуўся рукою да фотакарткі, якая стаяла побач з жоўтай ажурнай лямпай. Наблізіўшы яе да вачэй, пяшчотна правёў па ёй пальцамі. І не стрымаў слёз. Алеся, дзівосная і прыгожая, як лясная фея, бы жывая, усміхалася яму з фотакарткі сваёй шчырай і чароўнай усмешкай…
Цяжка падняўшыся са стула, ён падышоў да акна. Прыціснуўшы да сэрца маленькі бялёсы фотаздымак, Ёхан скрозь слёзы журботна зірнуў у нябёсны блакіт – туды, куды сінявокай заранкай паляцела ягонае першае юначае каханне…
КАЛІ ЗАЦВІТАЕ ПАПАРАЦЬ–КВЕТКА… аповесць
Свой доўгі і тлумны працоўны дзень буфетчыца Таццяна пачынала з прыбірання ў кафэ, у якім працавала чацвёрты год. Спачатку яна старанна выстаўляла на паліцы тавар, потым выцірала чыстай анучкай пыл на круглых століках, што стаялі ў невялічкай зале, да бляску мыла падлогу.
Першымі наведвальнікамі кафэ звычайна былі рабочыя мясцовага лесазавода, якія куплялі запалкі і цыгарэты і таропка знікалі за ўваходнымі дзвярамі, пасля з’яўляліся школьнікі, якія ласаваліся перад заняткамі цукеркамі.
Абслужыўшы рухавы дзіцячы гурт, Таццяна з хваляваннем зірнула на гадзіннік. Быў пачатак дзесятай. Хутка ў кафэ прыйдзе ён – гэты загадкавы цёмнавалосы мужчына, які зусім нядаўна пасяліўся ў іхнім невялікім лясным пасёлку. Яна падфарбавала ля люстэрка вейкі, вусны, паправіла прычоску, на хвіліну залюбавалася сабой. Так, ёй вось–вось стукне дваццаць восем, але выглядае яна зусім яшчэ маладой дзяўчынай: правільныя рысы твару, вялікія выразныя карыя вочы, вытанчаная фігура… Колькі разоў, стоячы за прылаўкам, яна лавіла на сабе зацікаўленыя мужчынскія позіркі, чула ад іх кампліменты, да якіх яшчэ нядаўна ставілася абыякава – аж пакуль у пасёлку не з’явіўся таямнічы незнаёмец…