Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
Я ім рассказала, што гэта верш Гётэ. Пераказала ягоны тэкст. Яшчэ малыя цяпер ведаюць гэткія вашыя словы, як маммі, паппі, кіндэр, юнгэ, фройнд, лібэ, мільх, цукэр, данкэ, біттэ. А ляльку, дарэчы, яны назвалі, здагадайся як? Фрау Вайс – у гонар тваёй маці. Прабач, што не стрымалася, расказала ім пра Германію, хто ім даслаў гэтыя цудоўныя падарункі. Петрусёк цяпер заўсёды, ложыць нанач ляльку побач з сабою, гаворыць: “Гэта фрау Вайс. Яна вылечыць мяне”. А я толькі на хвілінку ўяўляю, як ты там у сябе на радзіме стаяў з шыльдай і збіраў для нас ахвяраванні, адразу замірае сэрцайка. Я ганаруся табою, любы. Не ведаю, што наканавана наперадзе мне лёсам, але я ўжо шчаслівая тым, што ў маім жыцці быў і ёсць ты, мілы. Дзякуй табе за запрашэнне да вас у Германію, якое ты даслаў з пасылкай. Я абавязкова прыеду.
Да сустрэчы, мой любы. Алеся.
P.S. Я вельмі радая за фрау Вайс, што ў яе на рабоце ўсё добра. Пацалуй яе, калі ласка, за мяне і выкажы маю вялікую падзяку за ўсё. І яшчэ – самае шчырае прывітанне ўсім тваім сябрам…”
Прачытаўшы ў хваляванні некалькі разоў запар ліст Алесі, Ёхан паклаў яго на стол, прайшоў да чорнага фартэпіяна маці. Адкінуўшы накрыўку, ён пяшчотна дакрануўся рукамі да бела–чорных клавішаў. Гэты дотык прыносіў яму заўсёды супакой і цяпло, бо на гэтым фартэпіяна калісьці грала Алеся. І, чапаючы рукою клавішы, ён быццам датыкаўся да яе пальцаў – лёгкіх, трапяткіх, чуйных. Так, зусім хутка прыедзе яго сінявокая зорка. Апусціўшы накрыўку, Ёхан падышоў да акна. На дварэ змяркалася. За тоўстым шклом цямнелі чорныя ствалы сосен, між імі, бы вавёрка, гойсала жоўтая пляма месячыка. Адно толькі моцна турбавала Ёхана – чаму ў сваіх шчырых светлых лістах Алеся амаль нічога не піша пра сваё здароўе? Мо не хоча яго хваляваць?
Амаль месяц Ёхан жыў у чаканні прыезду Алесі.
І вось надышлі канікулы…
Быў ціхі і ясны восеньскі дзень. З раніцы Ёхан з’ездзіў у булачную, заказаў торт. Прывёзшы яго дамоў, схадзіў у кветнік, нарэзаў вялікі букет ружаў, аднёс яго ў гасціную, паставіў у святочную вазу. Пасля прыбраў канапу і кніжныя паліцы. Аглядзеўшы пакой, ён з палёгкай уздыхнуў – здаецца, усё выглядала прыгожа і прыстойна. Затым, старанна адпрасаваўшы касцюм, Ёхан прысеў на стул, з любасцю дакрануўся да фотакарткі, якая стаяла на стале. Гэты невялічкі каляровы здымак даслала яму два месяцы таму Алеся. Так, з хвілінкі на хвілінку прыедзе ўжо яго любая. Але чаму спазняецца маці? Ёхан кінуў позірк на гадзіннік – была палова на першую. А маці дзесьці затрымліваецца.
Калі ўнізе ў прыхожай рыпнулі дзверы, у Ёхана адлягло ад сэрца – вось нарэшце і яна. Пераапрануўшыся ў касцюм і белую кашулю, ён спусціўся па лесвіцы ў хол. Пачуўшы груканне посуду, якое далятала з кухні, хлопец падумаў пра торт – ці прыбрала яго фрау Шуман са стала ў халадзільнік? Мяккі ж есці не вельмі прыемна.
Маці ў холе не было, як і ў прыхожай. Ёхан знайшоў яе ў гасцінай. Яна стаяла ў глыбіні пакоя каля ружаў, прытуліўшыся да сцяны, сумная, спахмурнелая, на вачах у яе былі слёзы. Ёхан міжволі насцярожыўся. Відаць, нешта здарылася.
Прыкмеціўшы Ёхана, маці падняла галаву, выцерла хустачкай вочы.
– Прабач, мой хлопчык, – сумна вымавіла, – мы не адважыліся табе сказаць учора. Не прыедзе Алеся. Я ведаю, ты ў мяне мужны, сынок. Няма больш яе, два тыдні, як няма… Вось яе апошняе пасланне, – нясмела працягнула яна беласнежны ліст паперы. – Яго даслала маці Алесі. Трымайся, мой хлопчык, – прытуліла яна Ёхана да сябе. – Буду ў суседнім пакоі…
Паклаўшы ліст на стол, яна выйшла.
Ёхан некалькі хвілін не кранаўся з месца. Усё ягонае цела – рукі, ногі, тулава, галава, – нібы налілося непераадольным цяжарам. Ён не адчуваў ні прасторы, ні часу. Толькі вялікія выразныя вочы Алесі, бы міраж, стаялі перад ім. Не, у гэта было нельга паверыць, што ягонай мілай, добрай і любай ужо больш няма… А мо ён бачыць пачварны сон? Але гэты пах ружаў, гэты бялюткі ліст на стале… Зачапіўшы рукою фіранку акна, Ёхан цяжка апусціўся на стул.