Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Прывітаньне ад Алеся Аўчыньнікава. Я буду яго ўвесь час угаворваць, каб рыхтаваў выставу для Наваполацкага культурнага асяродьдзя. Ён у Гародні зараз самы блізкі мне чалавек. Мы зь ім прайшлі ўсе выпрабаваньні лёсу. Ён заўсёды падтрымлівае маю пазыцыю, за што я яму вельмі ўдзячны. І зараз, калі я зрабіўся незалежным літаратарам, Аўчыньнікаў кажа: «І добра зрабіў, што кінуў гэтае балота, паказаў зубкі афіцыйным дзеячам ад літаратуры... Лепш супрацоўнічай з Аркушам, чымся з хлопчыкамі, якіх правялі, як дурачкоў... Вось і спазнаў "сяброў" на справе». Зрэшты, ты ўжо ведаеш, як разгарнуліся падзеі. Пакуль нічога не чуваць новага. А здарыцца што — абавязкова паведамлю. Чакаю твайго ліста. Як дагэтуль. Як заўсёды. Кланяюся тваёй жонцы. Пацалуй ад майго імя маленькага Антосіка.
Юра Гумянюк
16.11.1991, Гародня.
* * *
— А чаму вы зьвярнуліся менавіта да мяне? — Сытуацыя была дзіўная. Гэты дзядзечка хоча мне расказаць нешта такое, за што могуць адарваць галаву. — І вы не баіцеся, што гэты «дзядок»-пэнсіянэр назірае за тым, як вы гутарыце са мной?
— А зь імі ня варта гуляць у казакі-разбойнікі і агентаў 007. Гэтым толькі будзеш іх злаваць і прымушаць узмацняць кантроль. Усё роўна даведаюцца. Вы можаце сказаць, што такім чынам я вас падстаўляю. Але яны і так за вамі пільна сочаць і слухаюць ваш тэлефон. Бо адкуль ён мог даведацца пра нашу сустрэчу? Я званіў з аўтамата. Журналісты ўсе на кантролі, тым больш зь незалежных выданьняў. Таму тут няма асаблівай рызыкі. Праўда, калі вы ня будзеце адразу друкаваць тое, што пачуеце. А калі зьнянацку спытаюць, скажаце, што я жаліўся на малую пэнсію і расказаў, як шмат працаваў за сваё жыцьцё.
— Дык што вы мне хочаце расказаць? — Мая цікаўнасьць пачала выплёхвацца праз краі. Што мог такога незвычайнага мне распавесьці гэты сухенькі дзядзечка? Якія такія сакрэты ён ня хоча зьнесьці з сабой у магілу?
— Свой лёс, — сказаў ён будзёна і ўзьняў голаў насустрач веснавому, цёпламу сонцу, потым прымружыў вочы і дадаў: — А вы думаеце, што не бывае сакрэтных лёсаў?
— Хіба што вы былі ў ахове Сталіна, — пажартаваў я.
— На шчасьце, такі лёс мяне абмінуў. Затое мяне абвінавачвалі ў забойстве Машэрава, — прамовіў ён безь якой-кольвечы эмоцыі ў голасе.
— А што, Машэрава забілі? На колькі я ведаю, гэта была выпадковая аўтакатастрофа.
— Гэта было Боскае пакараньне. — Мой суразмоўца сказаў гэта такім голасам, нібыта асабіста прысутнічаў на гэтым паседжаньні Боскага суду. — Але давайце пра ўсё па парадку.
І Павал Іванавіч пачаў мне расказваць пра сваё жыцьцё. Ад нараджэньня да выхаду не пэнсію.
— Усё здарылася з-за таго, што я адмовіўся падпісаць паперу на супрацоўніцтва з КДБ, калі закончыў сэмінарыю. Як пазьней даведаўся, гэта была агульная практыка — амаль усе выпускнікі сэмінарыі падпісвалі такія паперы на супрацоўніцтва. Некалькі разоў са мной размаўлялі, уломвалі, пагражалі, але я катэгарчына заявіў, што гэтага не павінна быць, бо нельга парушаць таямніцы споведзі, гэта вялікі грэх. Разьвітваючыся са мной, суворыя людзі мяне папярэдзілі, што я моцна пашкадую і паабяцалі нагадаць пра сябе. А яны заўсёды выконваюць свае абяцаньні. Не прайшло і двух гадоў, як мяне абвінавацілі ў растраце сродкаў у сваім прыходзе і асудзілі. Нахабна ўсё сфальшавалі. Для мяне гэта было жахліва. Але я ўспрыняў судовы вырок як выпрабаваньне маёй веры ў Хрыста. У той час, у першай палове 60-х, пачаўся моцны наступ на Царкву. Паўсюль у Беларусі ўзяліся руйнаваць храмы. Вось і ў Полацку ўзарвалі Мікалаеўскі сабор, былы касьцёл Сьвятога Стэфана. Гэта было нейкае шаленства, зацьменьне розуму. Я напісаў ліст Машэраву і мне ўдалося яго пераправіць на волю. У ім я папярэджваў нашага кіраўніка, што за ўсё будзе расплата і за ўсё трэба будзе адказваць. Ясная справа, што да Машэрава мой ліст ня трапіў. Затое яго перадалі ў тую ўстанову, якая мяне запраторыла ў лягер. Мае Дантавы колы пачаліся з пачатку. Зьбівалі, зьдзекваліся. Дадалі яшчэ паўтара года лягеру. Аднойчы на парашы, на кавалачку скарыстанай газэты, я прачытаў пра сьмерць Машэрава. Я пачаў грукаць у дзьверы, крычаць, маўляў, я ж яго папераджваў, што будзе расплата, што за ўсё трэба адказваць. Мяне схапілі і пацягулі ў катоўню. Некалькі дзён запар катавалі, спрабуючы даведацца, што я ведаю пра пакушэньне на Машэрава, хто яго рыхтаваў, хто замаўляў, хто выконваў. Кажу: Бог. Як яго сапраўднае імя, хто яго саўдзельнікі? Думаў, што ўсё — гэта канец. Але Бог дараваў мне жыцьцё. І вось гэтыя ганаровыя пэнсіянэры сёньня сочаць, каб пра іх «подзьвігі» вы, журналісты, чаго-кольвечы не напісалі. Але я ўпэўнены, што празь якіх 15-20 гадоў вы пра гэта напішаце. Бо прыйдуць новыя Машэравы, якія зноў будуць парушаць Боскія законы. І трэба ім растлумачыць, што за ўсё спытаецца, за ўсё трэба будзе адказваць.