Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Вось якое мае жыццё, вось якая я! I нікому, А. таксама, пра гэта ўсё не скажаш, хоць яго, А., я, несумненна ўжо, кахаю, хачу быць ягонай. Ды... А.— жанаты i, здаецца, вельмі добры сем'янін!»
5
— Сапраўды, я пачаў адчуваць, што сум у Ініных вачах, што знікне на хвіліну-другую, а затым зноў усплыве, палоніць вочы, не проста так, а па нейкай прычыне. Ды я не мог запытаць у яе пра гэта, яна сама не загаварвала пра тое. Толькі ўсё часцей я пачаў перахопліваць яе задуменны, засяроджаны на мне позірк, ад чаго яна бянтэжылася i пунсавела.
Аднойчы, тым жа летам, калі мы ўвечар сядзелі з Інай у маім інтэрнацкім пакоі (мае аднапакаёўнікі, лічачы, што ў мяне з Інай ужо штосьці ёсць, які ўжо раз пакінулі нас тут удваіх), вярнуўся наш самы старэйшы студэнт — таўстатвары i вясёлы, часамі цынічны, але заўсёды, хітры i выкрутлівы, з думкаю найперш пра сваю карысць.
— Цяплынь, хараство вакол,— паўшчуваў адразу нас абоіх,— а вы, маладыя, прыгожыя, сядзіце ў душных чатыpox сценах i тлуміце сабе голаў граматыкаю! З'ездзілі б лепш на возера ці хоць бы ў кіпо схадзілі!
Іне, здаецца, спадабалася гэтая паўнамёкавая парада, а я сумеўся: паездка з жанчынаю на прыроду ці паход з ёю ў тэатр — гэта ўжо значыць больш, чым звычайная вучоба ці нават сяброўства. A калі Іна выйшла, а я затрымаўся, каб упарадкаваць стол, таўсцяк зашыпеў мне на вуха:
— Гэтыя талмуды,— пастукаў костачкай сагнутага пальца па кнігах i канспектах,— толькі зачэпка. Пратры свае лупы: Іна ўтрэскалася ў цябе па вушы, жадае, каб ты яе не адукоўваў, a паціскаў як след! А яна — бабец што трэба! Каб не ты, дык яе каторыя нашы хлопцы даўно ўжо ціскалі б! Дык чаму табе не заціснуць яе: ты — жанаты, яна — замужняя! Пацешылі адно аднаго — i разышліся ў розныя бакі!
Калі я, можна сказаць, збянтэжаны, выйшаў з пакоя на калідор, Іна, убачыўшы мой стан, запытала з асцярогай:
— Ён сказаў пра мяне што-небудзь цынічнае?
— Не,— паспяшаўся заспакоіць яе я.
— Бадай, неабачлівая я: прыходжу да мужчыны, застаюся з ім сам-насам! — прамовіла яна.— Канечне, пра гэта можна ўсё, што хочаш, гаварыць. Ды я табе, Алік, веру i думаю, што ты абароніш мой гонар.
— Я нікому не дазволю абразіць цябе,— адказаў я, а потым загарэўся: — Давай сходзім у рэстаран ці ў кіно!
— Ты багаты, можаш патраціцца на жанчыну?
— Не багацей, але адзін раз у рэстаран звадзіць магу.
— Іншым разам,— усміхнулася яна. А кал i падышлі да трамвайнага прыпьшку, папрасіла: — Давай пасядзім крыху ў парку.
Мы перайшлі рэйкі i на ступеньках спусціліся ў парк, знайшлі вольную лаўку, селі побач, пазіраючы, як перад намі, на абгароджаным пясчаным футбольным полі, бегаюць за мячом, гарланяць падлеткі.
— Мне тужліва, Алік,— упершыню яна загаварыла са мной пра асабістае сваё.
— Чаму? — упершыню гэтак спаважліва запытаў я.
— Я не бачу сэнсу ў жыцці...
— Такая маладая i прыгожая?
— Я маладая i, здаецца, як пішуць у газетных аб'явах, «прывабная жанчына», але... Скажы,— зірнула мне ў вочы так, нібы хацела ўбачыць маю душу,— ты шчаслівы?
Я паціснуў плячыма.
— У цябе ёсць дзеці?
— Сын.
— Жонка твая прыгожая, добрая?
— Звычайная.
— Ты яе моцна кахаеш?
— Можа, найпраўдзівей адказаць так: прывыкнуў.
— Па тым, што ты заўсёды такі акуратны, відаць, што яна добрая гаспадыня.
— Добрая.
— А я, Алік, каб ты ведаў, можа, самая нешчаслівая жанчына ў свеце...
— Чаму?
— Я люблю толькі бацькоў, дачку i яшчэ аднаго чалавека...
— Мужа?
— Не. Мужу я спачуваю, але не кахаю яго...