Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
6
«...я сказала яму наўмысна, што, апроч бацькоў i дачкі, кахаю яшчэ аднаго чалавека. Гэта значыць — яго. А. не запытаў, хто той мой абраннік, здаецца, усцепануўся, пахаладнеў на душы, што я кахаю іншага. Мне ж не трэба цяпер шмат слоў, я разумею: А. пакахаў мяне, хоць хутка i легка не скажа пра гэта. Не, я маніла яму, што не хачу жыць. Я, як ніколі, імкнуся ў жыццё. Я люблю яго, хачу чэрпаць з яго прыгаршчамі, i з ix, прыгаршчаў, піць самой i даваць яму, А., гэтаму «нацыяналісту», які на самай справе проста здаровы, разумны, зусім натуральны чалавек, які хораша ўмее быць самім сабою, асобай!.. Цяпер, мабыць, як ніколі, мала асоб i зашмат шэрасці, сераднячкоў, якія ва ўсім такія...»
7
— Пасля нашай недагаворанай размовы ў парку Іна больш да мяне ў інтэрнат не заходзіла. Калі яна адразу пасля лекцый падавалася на сваю кватэру, дык я зажурбочваўся, быў як сам не свой, блукаў без вялікай патрэбы па чужым да майго ўзрушэння i разгубленасці горадзе, a калі вяртаўся ў інтэрнат i браўся чытаць, дык толку было мала. Назаўтра ж, сустрэўшыся з ёю ў аўдыторыі, я не толькі радаваўся, але i бяптэжыўся, гаварыў ці тое-сёе рабіў зусім неўпапад.
...Навальніца — спачатку з лёгкім пацямненнем, а пасля з цяжка зацягнутым сіза-чарнаватым небам, з вялікімі разгалінастымі маланкамі i ляскатна-грукатлівым перуном, а пасля з уліўным дажджом, пахкім свежай вадою i асаджаным гарадскім пылам-смогам, ад якога проста ўміг пацяклі мутныя ручаі, мужчыны ўжо не пераскоквалі бурных сцёкаў, a ішлі па ix у туфлях, а жанчыны, шануючы модны дарагі абутак, паразуваліся i нязвычна для горада весела крочылі босыя,— дык вось навальніца заспела нас знянацку. Hi ў мяне, ні ў Іны ў той ясны i сонечны зранку дзень не было парасона, дык мы, заседзеўшыся ва універсітэцкай бібліятэцы, пасля пастаялі ў вестыбюлі новага корпуса i, бачачы, што не перачакаем дажджу, пабеглі проста ў залеву. Тулячыся да сцен, час ад часу забягаючы ў скразняковыя пад'езды, каб неяк дабрацца да вакзала, да Інінага аўтобуса, мы вымаклі да ніткі.
Сёння Іна не затрымлівала, дык я ўслед за ёю ўскочыў на прыпынку з непагадзі ў прысадзісты цёплы аўтобус пад нумарам 69 i паехаў у Масюкоўшчыну, як i Іна, зусім не засмучаточыся, што мокры. Наадварот, адчуваў якуюсьці асвяжальную радасць ад такога спорнага ліўня.
— Які дождж! — усклікнуў я.
— I здаецца, надоўга!— таксама ўзнёсла адказала Іна, i мы ўсміхаліся адно аднаму ад уцехі, нібы сёння ў горадзе, у нас вялікая падзея.
Неяк міжволі ў мяне само вырвалася:
— Сам напісаў?— Ініныя блакітныя вочы ўжо не толькi пазбавіліся ад сумотнасці, але i молада, захоплена заззялі.— Ты — паэт?
— Не, я не пішу вершаў,— адказаў я.— Гэта напісаў наш Максім Багдановіч, які амаль усе свае дваццаць пяць з паловаю гадоў пражыў на чужыне, выдаў пры жыцці толькі адну кнігу, але стаў класікам нашай паэзіі, перажыўшы ў літаратуры i некаторых старэйшых, i наступных, хто вінаваціў яго ў дэкадэнцтве, упадніцтве i ў нацыяналізме!
— Няўжо i ў вас быў нацыяналізм гэты?
— Каб быў ён, здаровы i моцны, дык сёння была б зусім іншая Беларусь. Ды не толькі яго, але i амаль усё нацыянальнае выпалалі ў трыццатыя гады. А цяпер, сама бачыла, як высякаюцца новыя парасткі. А без ix, новых галінак, дрэва старэе i чэзне.
— Я пра такія рэчы дагэтуль зусім не задумвалася,— прызналася яна.— Скажу шчыра, нават радавалася, што тут нам легка i добра. Бо раней, у Сярэдняй Азіі, нам было няпроста.
— Вось што значыць павесціся з такім, як я. З кім павядзешся, ад таго i набярэшся!
— Здаецца, на нацыянальнай глебе сутычак у нас з табой не будзе. Ды калі я яшчэ вывучу вашу мову!
Мы размаўлялі вось так, а на нас у аўтобусе пазіралі i са здзіўленнем, i з ваўкаватасцю. A сярэдніх гадоў, даволі з густам апрануты, праўда, п'янаваты мужчына павярнуўся да мяне i прыклаў руку да грудзіны:
— Я тожа беларус, але языка свайго не знаю. Як i рускага добра не ведаю.
— Дрэнна,— хітнула галавой уніз Іна.
— Знаю, што плоха. Інжынер усё ж! Але ведзь у горадзе ўсе сцясняюцца па-беларуску гаварыць, i я, дурак, сцясняюся, хоць язык беларускі, калі яго добра ведаць, сочны!
У аўтобусе загудзелі — хто за гэта, хто супраць, а я падаў знак 1не: не трэба гэтых выпадковых дыскусій. Тым больш што нам трэба было ўжо выходзіць. Калі пакінулі душнаваты аўтобус, шпарка пабеглі да недалёкага паўкружнага высокага гмаху.