Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Добра,— адказаў я, гладзячы яе аголены плячук. Пазіраў у бела-матавую ад тэлевізарнага святла столь, але ўсё яшчэ нібы бачыў Інінае цела — даўгаватыя худыя, але зграбныя ногі (невядома чаму яна заўсёды носіць штаны i хавае ix), таксама худаватыя сцёгны i клубы, моцны i ў той жа час пяшчотны жывот, буйнаватыя натапырчаныя грудзі, натхнёны твар з дробнымі рысамі.
— Пра што ты думает? — запытала яна.
— Пра тое, што здарылася.
— Ты каешся?
— А ты?
— Я, Алік, адчула сябе жанчынаю. Упершыню ў жыцці...
Я тады не ведаў усіх яе сямейных сакрэтаў, дык гэтыя яе незвычайныя словы (як можна толькі цяпер адчуць сябе жанчынай, калі ўжо некалькі гадоў замужам i маеш дзіця?) палічыў за добрую манеру, каб супакоіць мяне, палюбоўніка, чыйгосьці мужа i бацьку.
— Табе, Алік, было добра са мной?
— Добра.
— А я ашаломленая. Я ўсё яшчэ цябе адчуваю i зноў жадаю... Веру i не веру, што такое было, можа яшчэ быць!
— Было, будзе.
Першая наша сумесная ноч была амаль бяссонная, з ласкамі, размовамі i шэптам ды з такімі ўцехамі, што i я, мужчына, ашаламіўся — ад Інінай падатнасці i страсці, ад новага пазнання i ўпаення.
10
«...Я аддалася яму! Ды з такой прагаю, з такой радасцю i ўзамен адчула такія покліч, страсць i шчаснасць, што цяпер ужо з поўным правам магу сказаць: я — вялікая грэшніца, здрадзіла мужу, абакрала іншую, але я — Жанчына! I як добра быць ёю, калі ты целам i душою аддаешся любімаму, а ён — табе!..»
11
— Я не толькі перабраўся жыць да канца сесіі да Іны, але потым мы з'язджаліся i сустракаліся ці то ў Мінску, ці то ў Ініным Барысаве альбо ў нашым раённым гарадку, у Крупках, амаль кожны тыдзень, а на час сесіі наймалі асобную кватэру.
Я зажыў двайным жыццём: глядзеў сям'ю, меў блізкае з жонкай, якая не здагадвалася, што я ёй не зусім верны, нават падхвальвала, што я з гадамі ажыўляюся як мужчына, але з нецярпеннем чакаў нашых з Інаю сустрэч.
«Глядзі,— бывала, яшчэ болей зачароўвала яна мяне,— як я з табою развілася! Як папышнелі мае сцёгны i клубы, як напоўніліся грудзі! Я нават не думала, што ў мяне можа быць столькі жаноцкага!»
Ды чым бліжэй да канца вучобы, я задумваўся больш. Я не ўяўляў, як можна жыць без жонкі i дзіцяці, але я ўжо не ведаў, што будзе без Іны.
«Ты страціў запал да мяне?— гарэзавала яна.— Я табе, баламутніца, надакучыла?»
«Іна,— неяк аднойчы я не адгукнуўся на новыя яе гульні i пяшчоту,— нам трэба зрабіць рашучы крок!»
«Які? — асеклася i панікла яна.— Ты хочаш абарваць усё, што ёсць у нас?»
«Праз месяц-другі мы скончым вучобу i больш не зможам так часта прыязджаць у сталіцу. Дык што тады?»
«Я таксама пра гэта думаю i, пакуль мы можам быць разам, я — уся твая, а ты будзь увесь мой!»
«А пасля, Іна?»
«Не ведаю, Алік».
«Я, Іна, надумаўся развесціся i ўжо да канца дзён сваіх злучыць свой лёс толькі з табою».
«Я хоць сёння магу пайсці ад свайго нялюбага мужа, тым больш, што ён не бацька маёй дачкі. Але ты...— маркотнела i тулілася да мяне яна.— Табе, мілы i любы мой, будзе нашмат цяжэй адарвацца ад сваёй сям'і. Ты пасля будзеш калі не ўсё жыццё, дык доўга пакутаваць...»
«Дык што — загубіць наша каханне?»
«Не ведаю, Алік. Я хачу быць шчаслівай, але хачу, каб i ты не быў без радасці i ўцехі. Я хачу быць толькі тваёю, але я не пасягала i не пасягаю на цябе. Каб цябе, таго, хто вярнуў мяне да жыцця i паказаў, што такое каханне, не засмучаць, я магу ахвяраваць сабою...»
12
«...Ён кахае мяне, хоча быць маім мужам. Божа, якое шчасце было б быць яму жонкай, нарадзіць ад яго дзяцей i жыць моцнай сям'ёю. Ды ўсё ж, на жаль, ён не будзе зусім шчаслівы са мною. Ён не з тых, хто можа легка пакінуць блізкіх i родных яму людзей, ён будзе пакутаваць.
Дзе выйсце? Я ж, калі мы разыдземся ў розныя бакі з А., ужо не змагу ні дня жыць з Мікалаем i не ўяўляю, ці здолею пакахаць каго іншага, быць з тым такой блізкаю, як я была, ёсць з А. Дык што, калі я страчу А. назаўсёды, не пераадолею гэтага i не збліжуся з кімсьці іншым, мяне чакае адзінота, сум, слёзы ў падушку i змарнаванае жыццё?..»
13
— Перад апошняй, як лічылася, паездкай у сталіцу, куды я павінен быў завезці сваю выпускную пісьмовую работу, а адтуль вярнуцца з дыпломам, жонка мая, як ніколі, была ўзбуджаная.
Я i цяпер добра помню той вясновы цёплы ад маладога сонца поўдзень, калі яна прыйшла дахаты паабедаць i аддаць мне новенькую зялёную папку, дзе роўненькімі лістамі ляжала перадрукаваная канторскай машыністкаю мая дыпломная.
—Вось,— падала яна папку мне i неяк уся засвяцілася знутры, канечне ж, па-жаночаму радуючыся, што нарэшце заканчваюцца доўгія гады маіх i яе турбот, што хутка буду я пры сям'і i на добрай рабоце, што павага да нас у вёсцы ўзрасце: неўзабаве я магу стаць дырэктарам школы, а яна — галоўным бухгалтарам.