Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Хадзем, Сяргейка,— пяшчотна прамовіла Вольга i ўзяла яго пад руку.— Ужо, можа, нашы маленькія галубкі прачнуліся, чакаюць татку...
Сэрца яго аблілося мужчынскаю цеплынёю; хутка ён убачыць родную вуліцу, дом, які збудаваў сваімі рукамі, i сваіх дзяцей, якія цяпер не будуць кінутыя на волю лёсу, выратуюцца ад долі бязбацькавічаў.
Рушылі ў горад, што пачынаў прачынацца. У ім Сяргею трэба будзе навучыцца жыць па-новаму...
1985
ІНА
З расказу Альфрэда Р. i з дзённіка Іны Л.
1
— Калі ён зайшоў у наш кабінет, дык я адразу ж падумаў, што гэты крыху старэйшы за мяне чалавек незнаемы, але я яго недзе, можа, нават зусім выпадкова бачыў ужо.
Мне нагадалася ягоная постаць — сярэдняга росту, камлюкаватая, з кароткімі рукамі i нагамі, з тоўстай, як кажуць, бычынай шыяй, а таксама ўспомніўся позірк прадаўгаватых, амаль чорных зрэнак — цяжкі, змрочны ды з рашучым паглядам. Душой адчувалася, што гэты мужчына мае ўраўнаважаны, але цвёрды, a ў гневе няўмольны i раз'юшаны, як у вала, характар.
— Вы — Альфрэд альбо Алік? — не вітаючыся, учэпіста акінуўшы позіркам мяне з ног да галавы, з лядком у голасе, што аднак уздрыгнуў, запытаў ён.
— Я.
— А я — муж Інэсы Л., вашай былой аднакурсніцы i каханкі.
Не перабольшваю, у мяне ледзь не абарвалася сэрца. Я няўцямна падняўся з-за стала, мусіць, разгублена ды вінавата зірнуў на яго. Цяпер, у такім гнятлівым стане, ужо раптоўна ўспомніў, дзе бачыў яго, гэтага Мікалая: на фотаздымку, што паказвала мне Іна. Там была яна, яе дачка i ён, бадай, нават у гэтым цемнаватым i мяшкоўным касцюме, пахмурны i нібы адрачоны. Мне цяпер было няёмка, сорамна не столькі перад гэтым чалавекам, у якога я столькі ўкраў неацэннага, а перад Інаю: з ёю не толькі няўдала, але i прыкра я развітаўся.
— Вы ведаеце, што Інэсы ўжо няма?
— Не,— выдыхнуў я, здзівіўшыся-жахнуўшыся.
— Вось як вы цікавіцеся лёсам тых, хто не толькі маладое цела, але i добрую душу вам аддаваў! — без цырымоній папракнуў ён.— Яна атруціла сама сябе.
Я не мог больш пазіраць яму ў вочы. Не, не ад яго нямога спакутаванага дакору — ад таго, што апошнія гады тры, санраўды, пачаў забываць пра Іну, a калі ўспамінаў, дык ужо ні ў чым не папікаў сябе, а гэтым самым, канечне, быў калі не абыякавы, дык спакойны да яе далейшага лесу.
«Іна! Іна! — хацелася мне цяпер выдыхнуць з болем i віною.— Што ты, такая маладая i разумніца вялікая, нарабіла?!»
— Шлюб наш быў выпадковы,— сказаў госць.— Яна выйшла за мяне замуж таму, што я першы браў яе з дзіцем. Я кахаў яе, але...— Уздыхнуў.— Мы не маглі быць разам шчаслівыя...
Я ўсё яшчэ не мог вымавіць ні аднаго слова — ад такога страшнага зыходу, што выбрала Іна.
— Калі яна вучылася тут, у сталіцы, я прадчуваў, што ў яе з'явіўся хтосьці іншы. Часта здараецца, што муж можа быць сляпы, як крот, зусім не бачыць, што вытварае яго жонка. Я адразу ж усё зразумеў... Я, жывы чалавек, не мог не зараўнаваць, аднойчы пасля спрэчкі нават збіў яе, але не я, а яна перамагла мяне з радаснай усмешкай: «Можаш забіць мяне, але я ўпершыню пакахала, стала жанчынаю!» Я хацеў ужо тады знайсці вас, шчасліўца, i застрэліць! Я ж паляўнічы, маю зброю. Ды пашкадаваў — не вас, яе... А затым, калі ваша каханне абарвалася, я паспакайнеў, палічыў, што цяпер, «пасля буры страсці», як яна казала, у нас усё наладзіцца. Не, не наладзілася. Яна больш не здраджвала мне, але ў яе з'явіліся бяссонніца, плач, слёзы, істэрыка без дай прычыны, a ўрэшце змора. Нават не верылася, што на такое нястрымнае здольная яна, жыццярадасная, моцная, з ясным i светлым розумам!
Я маўчаў.
— Іменна пра вас я ўведаў пасля яе смерці з яе дзённіка,— ён дастаў з унутранай кішэні невялікую, але тоўстую запісную кніжку ў бліскучых, перламутравых чырвоных вокладках, паклаў яе на стол.— Спачатку я хацеў спаліць гэтыя запісы: тут шмат непрыемнага пра мяне i добрага, захапляльнага пра вас — ды не хацеў, каб калі-небудзь прачытала ўсё гэта Інэсіна дачка. Але перадумаў. Дзеля Іны. Няхай яе споведзь будзе ў таго, каго яна кахала. А вы ўжо, што хочаце, тое i рабіце з гэтым.— Пастаяў, пакусаў вусны.— Я ўжо дараваў вам, суперніку i ворагу. Ды цяпер не столькі мне, колькі вам ушаноўваць памяць пра Інэсу.
Прамовіў так i, не развітаўшыся, пайшоў.
2
«...I сёння былі сумныя лекцыі. Проста не верыцца: гістфак, такія цікавыя тут навукі, столькі забытага, займальнага, а некаторыя выкладчыкі бубняць-гнюсяць пра ўсё гэта са сваіх пажаўцелых канспектаў, што становіцца нецікава i сумна.