Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Спаў ён трое сутак. Прачнуўся на чацвёртыя – глыбокай ноччу. Нячутна ўстаў з ложка, выйшаў у сенцы. Чакаў, калі вернецца і не дачакаўся – зноў заснуў. А настаўнік так і прасядзеў на прызбе, прыхінуўшыся спіной да цёплых бярвенняў сцяны. То потым ужо падсела да яго баба Настазя, і яны доўга гаварылі шэптам пра нешта адно ім і вядомае. Бачыў, як яна да яго ілба дакранулася даланёй, тройчы перажагнула. Ён уздрыгнуў, страсянуўся, як бы адпіхваючы яе ад сябе. А потым абвяў, схіліў на грудзі галаву.
Ужо як села зноў з ім побач, папыталася:
– Мо ты, Міхасёк, там дзе майго Яна сустрэў? Сніцца ён мне часта.
Ён моўчкі адмоўна пакруціў галавой.
Бабулінага Яна, а значыць, майго дзеда энкавусаўцы забралі тады, як ён вёз на поле гной. Паўвёскі арыштавалі, і яго ўпрыдачу, прызналі ў ім польскага шпіёна. А дзед і ведаў усяго два словы з польскага, мацюгаўся, калі што было не па ім, гаварыў: “пся крэў”.
Самымі першымі арыштавалі бацькоў Хурса. І яны згінулі ў невядомасці.
Потым арыштавалі Пятра Юніцкага, расстралялі ў мазырскіх сутарэннях энкэвусаўцаў. Праз колькі гадоў прыехаў энкэвусавец на кані і залыгаў вяроўчынай удаву – Еўфрасінню… Сам ехаў на кані, а жанчыну цягнуў за сабою, як гавяду якую, – аж сорак кіламетраў да Мазыра. Чацвёра дзяцей засталіся без бацькоў – Янік ды Эдзік, Яніна ды Стася. Пад сталінскую драбілку падпалі амаль увесь род Юніцкіх, а разам з імі Зданевічы і Кашэвічы, Равуцкія і Фалінскія… Больш чым палову вёскі вынішчылі сталінскія апрычнікі. А тайна дасылаў свае данясенні ў “органы” настаўнік Крушнянскай школы Белкавец. Ён і на бацькоў Хурса, як і на яго самога, данёс. Пасля стаў пракурорам раёна…
Да ранейшай працы Міхася Хурса не дапусцілі. Ды ён і сам не імкнуўся да гэтага, ведаючы, што былому зэку ў школе месца не знойдзецца. Нават і вартаўніком не ўзялі б. Указ быў такі пра рэпрэсаваных – не браць.
Хурс, як змог, абсталяваў бацькоўскую хату. Печ яму дапамог паправіць каваль Адам Зданевіч. Нехта прывёз дроў, нехта засадзіў соткі бульбай. Але ён, па ўсім было відаць, не мог прыжыцца ў роднай хаце, а мо і не жадаў. Таму начаваў ці прападаў немаведама дзе, не з’яўляючыся ў вёсцы па тыдню і болей. Пераначуе ў сваёй хаце, ці ў нас, надоўга знікне. А потым ніхто не ведаў, дзе ён і падзеўся. Нават бабулі нічога не казаў.
Бабуля, калі я спрабаваў дапытацца ў яе пра яго дзікаватасці, ухілялася ад адказу, казала нешта іншае:
– Цяжка яму, унучак, сярод нас, людзей. Ён і не з намі, і не сярод нас.
Для мяне яе адказ быў незразумелы – як гэта можна “і не з намі, і не сярод нас”.
Недзе праз год ён зноў завітаў да нас. Пераначаваў. А раніцай, развітваючыся, загадкава гледзячы на мяне, прамовіў:
– Антоне, хачу падараваць табе маленечкі падаруначак. Не раз бачыў, што ты нешта чыркаеш-крэмзаеш у сваім сшытку. А ў мяне для цябе ёсць аловачак, які ніколі не спісваецца, і можа служыць табе ўсё жыццё.
Ён дастаў з унутранай кішэні пінжака карычневы аловачак і падаў мне.
– Яго нават і завостраваць не трэба.
Аловак як аловак, іх у мяне мелася некалькі, але гэты толькі хіба адрозніваўся колерам, ды збоку было пазначана, што выраблены ён на фабрыцы “Нэма”. На канцы, з тупога боку, чырвоная гумка. Падарунак мне дужа спадабаўся. Нават больш таго – абрадваў і ашчаслівіў.
– Але я табе яго дарую з адной умовай.
– Якой? – паглядзеў на яго, баючыся, што ён паставіць перада мною такія патрабаванні, што я іх і за жыццё не выканаю.
Ён усміхнуўся:
– Калі вырасцеш, калі нешта напішаш гэтым алоўкам значнае, цікавае, то пакажаш мне. А яшчэ лепш, калі ты выдасі нешта, надрукуеш у кніжцы. Добра?
– Добра! – адказаў радасна. – Калі яшчэ тое будзе, ды яшчэ ці напішу што-небудзь. Пісьменнікам жа быць я не збіраюся.
Хурс паклаў мне руку на плячо, прамовіў па расейску:
– Чем чёрт не шутит!
А потым Хурс нечакана зноў знік, як скрозь зямлю праваліўся. І год не з’яўляўся, і тры…
Крушнічане падумалі, што ён з’ехаў з вёскі, атабарыўся недзе ў далёкіх краях. Гаварылі між сабой, што бачылі яго быццам ці то ў Хабараўску, ці ў Магадане. Казалі, быццам ён шукаў там сваіх родных.
А то ў Піцеры бачылі ці ў Маскве. Вяскоўцы кожную восень вазілі ў тыя гарады сухія баравікі. Поўныя фанерныя чамаданы везлі на рынкі. Баравічкі адзін у адзін, нанізанія на суровыя ніткі, як каралі. І куплялі іх ахвотна, бо смачней за паляшуцкія грыбы, лічылі масквачы і піцерцы, нічога не было ў свеце.
Адтуль грыбнікі вярталіся няхай не мільянерамі, але людзьмі багатымі, з гонарам і асабістай годнасцю. Дзе ж і як у той час можна было зарабіць капейчыну. У грыбную пару усе Крушнікі, як казалі, “стаялі на вушах”. У кожнай хаце круглыя суткі паліліся печы, каб высушыць тое лясное багацце, бо тройчы на дзень выбіраліся ў лес з пузатымі, як панесці, кашалямі.