Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– І я цябе.
“Крыўды ў голасе не чуваць Няма і папроку нават. Хоць пазваню праз паўгода, хоць праз год ці дзесяць, то голас будзе такі ж самы. Што за чалавек яна такі, Таццяна? На чым жывіцца яе вера і ўнутраная спакойнасць. Ніколі, мусіць, мне не зразумець, не распазнаць яе душу. На вякі вечныя яна застанецца для мяне загадкай, складанай формулай, ураўненнем з дзевяццю невядомымі…”
Частка чацвёртая
1.
Цягнік у Менск прыбыў рана – а шостай гадзіне.
Правадніца пабудзіла за гадзіну да прыбыцця – таму і паспаць якую гадзіну-дзве не ўдалося. Ніколі не магу заснуць у вагоне, як ні стараюся тое зрабіць. Ці то ляскатанне колаў аб стыкі рэяк, ці прысутнасць вакол чужых людзей, ці якія іншыя прычыны перашкаджаюць, не ведаю…
З прыгнечаным настроем выйшаў з вагона. Адзіны прытулак для тых, хто прыехаў і яшчэ рана ісці па сваіх клопатах, новая забудова каля вакзала, – так бы мовіць – пачакальня. Іду па гафрыраванай дарожцы – пад гару, і здаецца, што наваколле нахілілася, а сам я іду правільна – гарызантальна… Я правільна, толькі ўсе няправільна ідуць наперад. Акурат як у нашым жыцці.
Паміж лаўкамі, на якіх спалі-драмалі пасажыры, прахаджваліся міліцыянты – у кожнага з іх звісалі з папругаў важкія гумавыя дубінкі.
У жываце пасля ляжання забурчэла.
Я падышоў да маладжавага хлопца – з вусікамі, з чарнявымі вачыма, але са строгім выглядам, папытаўся:
– Скажыце, калі ласка, а ці ёсць тут дзе прыбіральня?
Ён пільна спыніў на мне свой позірк, агледзеў з ног да галавы, насупіў бровы і строгім голасам спытаў:
– А почему вы разговариваете на белорусском языке?! Бэнээфовец? Опять в Минск собираетесь, чтобы устроить бойню?
– Я – беларус. І мова мая родная – беларуская. На ёй і размаўляю. А што – ёсць забарона?
– А значёк почему бэнээфовский носите? Нарушаете государственную символику!
– Гэта штандар Вялікага Княства Літоўскага, і змагаліся пад ім супраць расейскіх прыгнятальнікаў Касцюшка і Каліноўскі, якія…
Але міліцыянт не даслухаў маіх довадаў і пярэчанняў – з усяго размаху і сілы ахрысціў мяне дубінкай, – ды прама па галаве, што аж іскры заскакалі перад вачыма. Я закрыўся ад яго рукамі, каб не прапусціць наступны ўдар, але ён яшчэ больш імпэтна пачаў працаваць “лукашэнкаўкай”…
– Ды што гэта робіцца, людцы добрыя! – успляснула рукамі жанчына, што стаяла побач. – Так і забіць можна чалавека… Што ён табе такога гідкага зрабіў, што так дубасіш яго, га?
Міліцыянт і цётку агрэў дубінкай. Яна войкнула, але не спужалася, – раззлаваная несправядлівасцю, што разгортвалася на яе вачах, рынулася на крыўдзіцеля, піхнула яго так, што ён паляцеў на людзей, што сядзелі на лаўках, упаў на іх.
Усчаўся вэрхал. На дапамогу міліцыянту прыбеглі яго сябрукі, пачалі ўсе разам малаціць усіх, хто быў побач – без разбору, спаганяць на іх сваю незразумелую злосць. Людзі ўскочылі і рынуліся на вартавых парадку – завадатараў беспарадкаў…
Хлопцы, трэба аддаць належнае, адчайна працавалі дубінкамі, махалі імі, як некалі мячамі паўстанцы-гладыятары, – раздзялілі людзей “клінам”, урэзаўшыся ў грамаду, нахабна і жорстка малацілі “лукашэнкаўкамі” па галовах, бы боб малацілі цапамі, – пусцілі некаму чырвоную юшку, некага павалілі на зямлю, тапталі ўжо сваімі тоўстымі падэшвамі скураных ботаў і чаравікаў з кароткімі халяўкамі…
– Гвалт, людзі! – закрычала ўжо жанчына, не могучы стрымаць мужчынскі націск міліцыянтаў – у яе пад вокам быў сіняк, распэтланая, разгубленая, нічога не разумела, што адбывалася, што тварылася на вачах у людзей. – Ды што гэта творыцца, Божа? За што нам такія пакуты і здзекі? Сынкі мае! – звярнулася непасрэдна жанчына да іх. – Вы ж сваю родную матулю збіваеце, радзіму сваю збіваеце!
Адзін з міліцыянтаў зноў паласнуў па галаве жанчыну чорнай гумай, потым па плячах, па спіне, зноў па галаве.Жанчына ўпала. Я падбег да яе, падхапіў пад пашкі. Яна, здаецца, страціла прытомнасць.
Новы ўдар гумы прыйшоўся па маёй ужо галаве. Ударыў той жа, у якога я і папытаўся напачатку пра прыбіральню – ударыў моцна, з адцяжкай, з выдатным веданнем сваёй справы па збіванні свайго ж народа… А мо і не свайго, а чужога, бо Галвер шмат набраў на службу іншаземцаў – з усходу, тых жа макашоўцаў і баркашоўцаў… Той жа міністр замежных справаў Антановіч быў з чужых – не меў нават ліцьвінскага грамадзянства!
– Вот тебе за твой белорусский язык, вот тебе за БНФ! Скрутить ему руки, в райотдел милиции. За нарушение общественного порядка. За призыв свергнуть всенародно и законно избранного!