Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
І была потым водарная гарбата ў тым жа пакойчыку, і трое прыгажунь на чале з загадчыцай Веранікай Адольфаўнай частавалі мяне гарачым пахкім напоем, падлівалі яго час ад часу ў гліняны кубак. Самі пілі, смяяліся, і былі шчырымі, прыгожымі, дасціпнымі…
А потым неяк хутка развіталіся, спаслаўшыся на нейкія пільныя клопаты, пакінулі нас адных.
Таццяна злёгку пачырванела, быццам прасіла дараваць, што так атрымалася, баялася, каб не падумаў, што так усё падстроілі яе сяброўкі.
– Вы не спяшаецеся? – удакладніла яна, адхлёбваючы гарбату, ледзьве дакранаючыся вуснамі да брыжыка кубка.
– Здаецца, не, – супакоіў я яе, бо мне і сапраўды не хацелася нікуды спяшацца, адно, што паабяцаў свайму сябру, нашаму пісьменніцкаму сакратару, Васілю Ткачову, што прыйду на прэм”еру яго п”есы…
П’ес у тэатры я не разумеў, нешта штучнае мне падавалася ў спектаклях. Гэта ў кіно герой робіць некалькі дубляў, і рэжысёр выбірае
самы лепшы, а потым, склеіўшы стужку, аддае нам на суд… Пра тое я і казаў Васілю, і таму быў упэўнены, што ён не пакрыўдзіцца на мяне за маю няўвагу да яго твора…
Мне было хораша побач з Таццянай.
Зразумеў, што гэты вечар мне быў некім падораны, што ён быў для мяне замест лекаў ад маёй душэўнай хваробы, ад пякучай паразы ў каханні… Нешта падступалася да маёй душы – ці то асуджэнне маіх паводзінаў, ці папрок самому сабе ў тым, што я кінуўся ў вір ракі, не ведаючы глыбіні… Але я адкінуў сумненні і трывогі, махнуў на ўсе перасцярогі рукой – а, што будзе, тое і будзе, а што павінна быць, то тое не абмінеш…
А потым, як змрок ахутаў горад, ішлі мы па прасторнай і ціхай вулачцы. Выходзіла, само-сабой, што праводзіў я яе дахаты.
– Вось тут я і жыву, – спынілася Таццяна, зірнула ўверх, на вокны і балкон, – і во мой другі паверх, і балкон з кветкамі…
У вокнах было цёмна. Значыць, дома нікога не было. Жыла адна?
На рагу сцяны прымацаваная шыльда з надпісам – вуліца Кастуся Каліноўскага.
– То нядаўна гарадскія ўлады прычапілі – замест Камуністычнай, – растлумачыла яна, убачыўшы маё здзіўленне. – Вы і не ведалі?
– Шчыра кажучы – не…
– Калі ёсць жаданне і час, і даруеце маю нясціпласць, то я хачу запрасіць вас на кубачак кавы… – у голасе была ці то натуральная лёгкасць, ці то шчырасць, а мо і жаданне прадоўжыць нашую размову, якая пачалася ў бібліятэцы, і якая нарадзіла цікаўнасць адно да аднаго, жаданне блізкасці, еднасці.
– Жаданне ёсць. І час маю. І таму не адмаўляюся ад запрашэння… Буду рады завітаць да вас.
Дзяўчына абрадавалася, што я не адмовіўся, што зрабіў крок насустрач.
– Тады – пайшлі?
– Пайшлі.
6.
Раніцай, падаўшы кубачак кавы мне ў ложак, сказала:
– Я не ведаю, прыйдзеш ты больш да мяне ці не, але, калі будзе цяжка вось так, як учора, прыходзь – заўсёды буду радая цябе бачыць.
– Адкуль ты ведала, што мне было ўчора цяжка?
– Вочы пра тое твае гаварылі. І – голас. Але ніхто з прысутных тое не адчуў. Я настроілася на тваю хвалю і адчула неймаверны боль. Ён нарадзіўся ў цябе год назад. Ведаю, што не вылечыла цябе, але напалову ты пазбавіўся ад хваробы.
Вочы ў яе блакітна-зялёныя. Як ўсё роўна ў траве ля жыта раслі васількі. У голасе – адданасць. І – незвычайная пяшчота. Шчаслівы будзе той муж, якога яна пакахае.
Яна нахілілася, пацалавала мяне ў вусны. У мяне было жаданне абхапіць яе і закінуць зноў да сябе, але я патушыў у сабе такое жаданне.
Ноччу яе пацалункі спапялялі мяне, падкідвалі да зораў і шпурлялі ў бяздонную прорву суседніх галактык, забівалі і зноў прымушалі нарадзіцца, каб адчуць слодыч яднання з жаночым сэрцам, з сусветам… І таму і яна выглядала нейкай іншай, была не такой, якой я ўбачыў яе на працы… І яна перарадзілася?
– Дзякую, Таццяна.
– У любы час прыходзь… У мяне, як ты ведаеш, да цябе нікога не было. І не будзе пасля цябе…
– Чаму так?
– Не скажу, любы… Навошта табе тое?
Яна выпрамілася, паправіла на стройным станіку белы шарсцяны світэрак, прычасалася перад люстэркам, заспяшалася:
– Пара мне…
Дакранула да ручкі дзвярэй, але перадумала адчыняць іх, вярнулася зноў да мяне, нахілілася блізка-блізка, зрэнкі ў зрэнкі, усміхнулася, прашаптала: – Божа мой, і адкуль ты толькі ўзяўся на маю галаву? Ці не з планеты Ахутавана?