Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
А вечарам мы доўга гаварылі з маёй бабуляй Анастасіяй, па-мясцоваму, па-крушніцкі – Настазяй, пра Бога, пра Біблію. Яна заўсёды прасіла мяне прачытаць уголас выняткі са Старога і Новага Запавету. Памятаю, як першы раз узяў Евангелле ў рукі. Кніга падалася мне важкай, як цагліна, а напісанае… Ніяк не мог прачытаць напачатку тэксты. Словы на незразумелай для мяне мове, тым больш з царкоўна-славянскім “яць”. Ніяк не мог прывыкнуць да стылю Пісання. Але што дзіўна – з цягам часу прывык да слоў і выслоўеў, незразумелых імёнаў, апосталаў і прарокаў, зразумеў, пра што там апавядалася, без спатыкання чытаў ужо святыя словы… Ува мне прачнулася цікавасць і жаданне глыбей увайсці ў радкі бабулінай кнігі.
Евангелле пачыналася з “Паводле Мацвея Сьвятое Дабравесьце”:
– Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага. 2. Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных; 3. Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама…
Не разумеў, што адкрывала новага для сябе бабуля Настазя ў пераліку, хто нарадзіўся ў родзе Хрыста, але я кожны раз чытаў адно і тое ж. І недзе ўжо тады, як чытаў соты ці двухсоты раз, для мяне ажывалі тыя радкі і старонкі, я пачынаў чуць галасы і Фарэса, і Эсрома, і Якава… Дзіўна, але тое адкрыццё сталася для мяне прыемным, чароўным, а на душы пасяляліся лагода і спакой.
Напачатку мне шмат чаго было незразумелым і далёкім ад майго дзіцячага розуму, здавалася, што я ніколі не прывучуся як чытаць, так і разумець напісанае, якое здавалася мне загадкавым і таямнічым. Бабуля, як магла, тлумачыла мне асобныя словы, але я здагадваўся, што і ёй шмат чаго незразумела ў Кнізе пра Бога.
– Ніколі, унучак, не думай кепска пра Бога, – гаварыла, уздыхаючы, баба Настазя – Анастасся Фёдараўна, – не наклікай на сваю душу грэх, за гэта Бог карае. А калі будзеш прыслухоўвацца да свайго сэрца, жыць у суладдзі з Госпадам, ён заўсёды дапаможа табе...
– Баба, а як ты адносішся да Хурса – настаўніка нашага? Ён і не верыць у Бога, але ж і не адмаўляе Яго існаванне...
– Няважна, як я адношуся да яго, галоўнае, як Божанька да яго адносіцца, – адказала яна. – Я яго, унучак, ведала яшчэ да вайны, харошы хлопец быў. На вайне яго цяжка параніла, асколак упіўся яму ў грудзі. А ў кішэні, на грудзях, была Біблія. Яна яго і выратавала...
– Ён нам пра тое ніколі не апавядаў.
– Ведаю, Тонік. То яго сябар так пра яго расказваў – Стась. А тое, што ён сказаў дырэктару школы, што ён няверуючы, няпраўда... Ён некалі манахам быў.
– Манахам? – не ўкладвалася ў галаве.
– Так, манахам…
– І вока параніў на вайне?
– Не. Наткнуўся тварам аднойчы ў цемры на куст ажыны, пашкодзіў калючкай правае вока. Таму і адрозніваецца яно ад левага, але бачыць ён добра…
Бабуля прыадчыняла невядомую старонку жыцця нашага настаўніка – Міхася Пятровіча Хурса, – тым самым яшчэ больш распальваючы маю цікаўнасць да гэтага незвычайнага чалавека.
А потым нехта напісаў на яго ананімку. У школе нават не дайшло да разбіральніцтва, бо праз дзень у Крушнікі прыляцеў “чорны груган” – “эмка”, і звёз ад нас Хурса. Ніхто не ведаў, куды, але, як правіла, тыя, каго забіраў “варанок”, дадому ніколі не вярталіся…
У вёсцы ён з’явіўся нечакана. Прыйшоў ён пад раніцу, яшчэ да ўсходу сонца, калі на траве багата раскашоўвалася свінцовая раса. Ён сядзеў на прызбе бацькоўскай хаты паміж вокнамі, прыхінуўшыся спіной да сцяны. Хата доўга пуставала, ніхто не хацеў там жыць нават часова – ні прыезджыя настаўнікі, ні маладыя спецыялісты, якіх прысылалі ў калгас на працу пасля заканчэння тэхнікума ці акадэміі.
Першай убачыла яго бабуля Настазя. Здзівілася, прашаптала няўпэўнена:
– То ты, Міхаська?
Адказаў ён не адразу. Як і не адразу расплюшчыў вочы. Напачатку ўсміхнуўся, таргануўшыся ледзь заўважна куточкамі губ, зірнуў на бабулю, кіўнуў галавой:
– Так, я, бабуля Настазя. Непадобны на сябе?
– А Божачка ты мой, Міхаська, ты жывы? Жывы, жывы…
– Хутчэй жывы, чым мёртвы, – горка ўсміхнуўся Хурс.
– Ну то і добра, Міхасёк, што выжыў. Божачка, дзякуй Табе, што вярнуў нам жывога. То што ж ты сядзіш тут, пайшлі да нас, паясі, адпачнеш з дарогі…
Міхась Пятровіч моўчкі і з цяжкасцю падняўся, памагла ўстаць бабуля. З цяжкасцю зрабіў некалькі крокаў, пахіснуўся, потым выраўняўся. Забыўся на прызбе заплечнік, і бабуля вярнулася, узяла яго, падзівілася, што ён пусты і лёгкі, быццам паветра насіў за спіной.
Я яшчэ спаў, і таму не чуў, як бабуля Настазя прывяла да нас у хату госця. А калі прачнуўся, то ўбачыў на ложку спячага чалавека – з цяжкасцю пазнаў у ім нашага настаўніка.