Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Ня хутка яшчэ начальнік НКВД скончыў лупцоўку нядбайных сакратароў, якія ўхіліліся ад выкананьня найпершага свайго абавязку — выкрываць шпіёнаў і шкоднікаў. Шмат каму ў залі давялося ўспацець і пахвалявацца ў часе гэтага публічнага допыту. Наўрад ці хто з тых, каго ён узьнімаў з месцаў, ведаў напэўна, што сёньня вернецца дадому. Шмат хто памятаў, як месяц таму з суседыяга кабінета ўзялі старшыню райза Янкоўскага. Таксама ў часе чарговай нарады, дзе ён сядзеў у прэзідыуме і нават меўся выступіць з дакладам. Тады ў кабінет зазірнуў дзяжурны, кіўнуў Янкоўскаму, — той устаў, выйшаў, і болей ніхто яго ў раёне ня бачыў. Праўда, гэтым разам быццам абышлося, нікога не ўзялі, ды людзі адчувалі, што пашэнціла ненадоўга, увечары могуць і ўзяць. Як толькі нарада скончылася, Анішчык кінуўся на двор да свае фурманкі і паехаў дадому.
Ён амаль пэўна ведаў, што Дзьвярной на яго не забудзецца, што наступная з ім сустрэча можа стаць апошняй. Калі той наедзе са сваёй камандай у вёску, можа загрымець ня толькі сакратар Анішчык, але і ўся ячэйка. Як нядаўна ў Сямёнавічах, дзе за адну ноч узялі шасьцярых — старшыню калгаса, ягонага намесьніка, дырэктара сямігодкі, загадчыка хаты-чытальні ды двух калгасьнікаў. Выкрылі згуртаваную групу шкоднікаў і дыверсантаў, як напісала пасьля газета. Невядома толькі, калі згуртавалася тая група? Дырэктара школы зусім нядаўна перавялі з іншага раёна, з загадчыкам хаты-чытальні Анішчык вучыўся ў адным класе… Мабыць, самае правільнае ў гэткай сітуацыі было — апярэдзіць. Кагосьці аддаць органам, каб уратаваць астатніх. У тым ліку, вядома, і сябе…
Конь, які застаяўся за дзень на падворку, рупна бег па роўнай дарозе — сьпяшаўся дадому ў сваё звыклае стойла з сенам. Хіба па гразі Анішчык трохі падганяў яго, ляскаў па азадку лейцамі. Пугу ў яго хтосьці ўкраў на тым тыдні, калі езьдзіў у НКВД, каб аддаць подпісы, сабраныя ў абарону Янкоўскага. Як пасьля зразумеў, дарма стараўся. Але тады меў жаданьне абараніць. Усё ж Янкоўскі быў родам з ягонае вёскі, дзе нямала гадоў працаваў старшынёй сельсавета. I, мабыць, працаваў бы і дасюль, калі б не пайшоў на павышэньне і не перабраўся ў раён. Але каб жа ведаць, дзе павалішся… I глядзі ты — пазнаў, падумаў Анішчык, прыпамятаўшы сёньняшнюю размову з Дзьвярным. Што значыць учэпістая чэкісцкая памяць! Хаця да таго яны бачыліся ўсяго аднойчы і то ня болей як дзесяць хвілін — пасьля таго, як Анішчык паўдня пратырчэў у калідоры доўгага барачнага будынка НКВД. Зранку там тоўпілася нямала народу, у асноўным хадакі з вёсак са сваімі скаргамі на няправільныя арышты, суды і вобыскі. Усім трэба быў менавіта начальнік, які дзесьці прапаў у той дзень, і людзі таўкліся ў калідоры, уздыхалі, жаліліся, некаторыя жанкі плакалі. Анішчыку дык хоць пашэнціла — толькі ён выйшаў перакурыць на ганак, як у двор укаціла брычка, з якой якраз саскочыў Дзьвярной. Анішчык не разгубіўся і, як колісь на вайсковай службе, спрытна аддаў начальніку чэсьць: той нават згодна кіўнуў у адказ. У кабінет яны ўжо ўваходзілі разам, і Анішчык трохі блытана вымаўляў сваю патрэбу наконт Янкоўскага, які…
— Невінаваты — так хочаш сказаць? — нецярпліва абрэзаў яго Дзьвярной, распранаючыся і вешаючы плашч на сьцяну.
Анішчык аддаў яму згорнутыя ў трубачку подпісы аднавяскоўцаў, якія начальнік толькі разгарнуў і, не чытаючы, шпурлянуў на стол.
— Во грамадзяне падпісаліся, каб…
— Каб яго аслабадзілі? — упёрся Дзьвярной пагрозьлівым позіркам у зьнякавелага Анішчыка.
— Ну.
— Кулькоў, пазвані Цярэшчанку! — крыкнуў начальнік у прыадчыненыя ў суседні кабінет дзьверы. — Хай зойдзе. Аслабаніць! Усіх трэба аслабаніць! Калі паслухаць вас, дык усе невінаватыя. Але дзеля чаго я сюды прысланы? У бірулькі з вамі гуляць?
Анішчык разгублена маўчаў, яшчэ чагосьці чакаючы. Ды, мабыць, дарма. Тым часам усеўшыся за сталом, Дзьвярной закурыў «Беламор» і пусьціў перад сабой воблака дыму.
— Ніякага аслабаджэньня! Пасадзілі і будзе сядзець. А гэта, — кіўнуў ён на стол, дзе ляжалі ягоныя подпісы, — забяры. I не паказвай нікому. Паняў?
Так, Анішчык, здаецца, усё зразумеў: ягоны намер пляжыўся, Янкоўскага не ўратаваць. Апанураны, ён выйшаў з кабінета, прапіхнуўся праз шчыльны натоўп у калідоры і паехаў дадому.
Сёньня ён сьпяшаўся адолець дваццаць кіламетраў шляху да ягонай вёскі. Дарога пагоршала, раскісла ад нядаўніх дажджоў, у каляінах стаяла вада. Па лугавой лагчыне разліліся шырокія лужыны, у якія боязна ступаў конь. Надвячоркам пасьцюдзенела, насустрач дзьмуў золкі парывісты вецер, і Анішчык падняў каўнер шыняля, адвярнуўся ўбок.
Усім лепшым у жыцьці ён абавязаны Янкоўскаму, які летась прыняў яго ў партыю, вылучыў сакратаром сельсавета, а пасьля і дамогся, каб выбралі сакратаром калгаснай пярвічкі. Хто ён быў яшчэ два гады таму, калі вярнуўся з войска на бядняцкую гаспадарку маці? Скончыўшы толькі сем класаў, ня маючы ні радні, ні знаёмых у горадзе, чаго ён мог дамагчыся на трох дзесяцінах неўрадлівай зямлі? Дзякуй бальшавіку, чырвонаму партызану Янкоўскаму, які прыкмеціў яго, наблізіў да агульнае справы, можна сказаць, — вывеў у людзі. Яны разам арганізоўвалі калгасы, сноўдалі па вёсках і хутарах, раскулачвалі і ссылалі — тыя патрабавалі, і яны стараліся. Янкоўскі быў верным працаўніком партыйнай справы і ня ведаў сумневу ў тым, што рабіў.