Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 147 148 149 150 151 152 153 154 155 ... 260
Перейти на страницу:

— Што ж тут ведаць! Што тут ведаць? Гэта ж і дурню вядома: невінаватага забіваць — дзе ж прафесійнасьць?

Кілер адкінуўся шырокімі плячмі да сьцяны і аж застагнаў, бы ад зубнога болю.

— Крэціны! Наблыталі, нахамуталі! Як на вайне, так і тут. Начальнічкі, маць вашу такую…

Чарняк маўчаў — то было нешта новае. Відаць, ён зачапіў у гэтага забойцы балючы нерв і ня ведаў, кранаць яго болей ці пе чапаць.

— Гэта правільна, — сказаў ён спакайней. — У нас уся бяда — ад начальства.

— I ў Афгане, і ў Прыднястроўі. I тут. Адзін чорт! Мудазвоны, — злосна лаяўся кілер.

Відаць, і яму набалела, падумаў Чарняк. Можа, варта было і далей разьвіць гэтую тэму — авось дапаможа. Асабліва, калі і яшчэ выпіць.

— А давайце і яшчэ па каліву, — кіўнуў ён на бутэльку, дзе яшчэ штось заставалася.

— Годзе! На заданьні не напіваюся, — сказаў кілер. — Ты мне лепш чыфіру завары.

— Калі ласка. Магу чыфіру, магу кавы.

— Не, чыфіру даўно ня піў. А то дзе мне пасьля шукаць той чай.

— Ды чаю пакуль хапае. У кожным гастраноме, — сказаў Чарняк і сумеўся, адчуўшы падвойны сэнс тае просьбы. Страшнаваты сэнс. Але ён паставіў на полымя чайнік, нарыхтаваў заварку. Усё ж трэба было заставацца спакойным.

— Ня ведаю, як вас, а нас, бізьнесоўцаў, зусім задушылі. I падаткі, і мытні, і акцызы ды іншае — немагчыма дыхнуць, — паскардзіўся ён.

— I ў нас ня лепей, — выдыхнуў кілер. — Парадку мала, адно — давай, давай.

— Шмат працы?

— Хапае… Сёньня ў Мінску, заўтра ў Хвалынску. Ніякай каардынацыі.

— Разарваны сувязі, — сыранізаваў Чарняк. Але госьць не зразумеў іроніі, і ён папытаўся болей сур’ёзна: — Ну, а заробкі як жа?

— Храновыя. Кідануць пару тысяч — што на іх?

— Рублёў?

— Даляраў — чаму рублёў. Затое сабе дзесяць тысяч.

— Каму? — чагось ня мог сьцяміць Чарняк.

Кілер упершыню зірнуў на яго чыстымі, амаль па-дзіцячы наіўнымі вачыма.

— Начальству, каму ж яшчэ. А паспрабуй вякнуць, адразу злапаеш…

— Кулю?

— А ты думаў!

— Да, кепскія і ў вас справы, — падумаўшы, сказаў Чарняк і наліў госьцю вялікі кубак чыфіру. Міжволі яму ўжо рабілася яго шкада. Усё ж як ні блага было ў бізнэсе, а мабыць, лепш, чым у іх кілерскай справе.

I ўсё ж ягоны клопат заставаўся нявырашаны, як і што будзе далей, ён ня ведаў і надта турбаваўся.

— Дык што ж рабіць?

— А ні храна! — сказаў кілер, па-свойму зразумеўшы ягоную думку. — Трэба было раней думаць.

— Раней?

— Ну. Да акцябра сямнаццатага году. Цяпер ужо позна.

Чарняк няўцямна трохі памарудзіў — яны абодва ўвесь час меркавалі пра рознае.

— Слухай, — сказаў ён амаль даверліва. — Я бачу, ты чалавек харошы. Можа, табе памагчы?

Кілер сербануў чыфіру і паківаў галавой. — Мне ўжо ніхто не паможа. Зрэшты, і табе тожа.

— Як?

— Так! — зноў з дзівосным наівам зірнуў у ягоныя вочы кілер.

— Слухай, а калі знайсьці таго?

— Таго знойдуць, — упэўнена сказаў кілер і зірнуў на свій «Арыент». — Праз дваццаць хвілін.

— Во як!

— А ты думаў! Удакладняюць адрас.

— I ты пойдзеш?

— Пайду. Што рабіць? Застрэлю цябе і пайду. Чарняк на хвіліну зьнямеў ад гэтае будзённае шчырасьці. Дужа не хацелася верыць, але ў той жа час ён разумеў, што кілер не падманвае, што яму з гэтай пасткі, відаць, ня выкараскацца. Але ўжо гэта чорт ведае што! Завошта яго страляць? Іхняе начальства наблытала, а яму гінуць? У чым ягоная, Чарняка, віна? Нават у чым прычына? — ён ня мог зразумець. Блытаныя думкі мітусіліся ў ягонай галаве, сэрца калацілася ў грудзях. Але дзе ж паратунак? Ён прагнуў паратунку і ня ведаў, што рабіць. Мабыць, ягоны ўсхваляваны стан заўважыў кілер, які вельмі нават спакойна мовіў:

— А ты ня дзёргайся. Сядзь, супакойся, лягчэй будзе.

— Лягчэй ня будзе! — ледзьве ня крыкнуў Чарняк. — Гэта безабразія!

— Уся жысьць безабразія, — па-філасофску заўважыў кілер. — А гэта такое правіла.

— Якое? — упіўся ў яго позіркам Чарняк. Ён хацеў ведаць усё.

— Няўжо не ўразумеў, якое? — стрымана папракнуў яго кілер.

Так, цяпер Чарняк зразумеў. Яго ўсё ж застрэляць. Але як жа так — ён не хацеў паміраць. Ён хацеў жыць. Асабліва цяпер, калі дамогся самастойнага, хоць і дужа клапотнага жыцьця. Сваёй справы. Хоць часьцяком ён і скардзіцца на тую справу і ўмовы працы, але ўсё ж са свайго клятага бізьнесу мае трохі больш, чым меў у канструктарскім бюро. Зноў жа жонка, дачушка Іначка… I чаго ён павінен паміраць за нейкага Чашкова, з якім у яго амаль ніякіх адносінаў, хіба дваравое знаёмства. I што ён там нарабіў, гэты ваўкаваты, увогуле маласімпатычны чалавек, што на яго нават наслалі кілера? I хто б мог падумаць? Іхнія аўтамабілі ў двары заўсёды стаялі побач — задрыпаная «сямёрка» Чарняка і ўвогуле не стары яшчэ «мэрс» Чашкова. Дваравыя аўтамабілісты заўжды пазіралі на яго з зайздрасьцю, а можа, і з затоенай варожасьцю. Але Чарняк не зайздросьціў і ніякай варожасьці не меў. Зрэшты, як і Чашкоў да яго таксама. Дык які ж д’ябал зьвёў іх у адно сьмяротнае кодла?

1 ... 147 148 149 150 151 152 153 154 155 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)