Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— А калі канкрэтна? — грубавата перапыніў яго сакратар. Ён ужо ведаў, што гэтаму старому бальшавіку толькі дай слова, як ён гатовы гаварыць да ранку. Толькі яго і слухай.
— Магу і канкрэтна, — не сумеўся Петрачкоў. — Я падтрымліваю і адабраю мудрае ўказаньне НКВД, яго трэба спалняць. Адзін чалавек для пабеды рэвалюцыі — гэта няшмат. Мы, калі ішлі на сьмяротны штурм Зімняга палаца…
— Ну а сам ты гатовы выканаць патрабаваньне ворганаў? — рашуча папытаўся Анішчык.
— А чаму я? Я заклікаю! Як стары бальшавік, зноў жа інвалід, страціў здароўе…
— Панятна, — сказаў сакратар. — А каго прапануеш?
— Ну, хто маладзейшы, дужэйшы. Вунь таварыш Кляшчоў, напрыклад. А што — здаровы, як бык.
Зрабілася дужа ціха, і ў той цішыні пачуўся зьвяглівы сабачы брэх, што даносіўся з другога канца вёскі.
— Цікава — Кляшчоў! А хто будзе інвентар да пасяўной рыхтаваць? Ды вываз рудстойкі. Вунь адных саней поўны двор перад кузьняй, — крыўдліва сказаў каваль.
Памочнік управіцца. Малады хлопец за зіму можа ўвесь калгас перакаваць, — стаяў на сваім Петрачкоў.
— Малады, а што ён умее? Малатком махаць? Каня не падкуе.
Анішчык сядзеў і думаў. Вядома, без каваля ў калгасе не абысьціся, тым болей зімой. Будзе няўпраўка з інвентаром — западуць усе іншыя справы. Клешч увогуле каваль умелы, замяніць яго няма кім.
— Во як! Сапраўды задачка! — бедаваў брыгадзір. ~ А можа, пакуль адкладзем. Хаця б на тыдзень. Каб з лёнам управіцца.
— I сані. Галоўнае — сані абладзіць, — дадаў каваль.
— Не. Трэба, каб заўтра зьявіўся. Гэтак загадана, — схлусіў Анішчык.
— Але і я не магу, — заклапочана сказаў брыгадзір. — Па-першае, на мне апрацоўка лёну. Бабы без мяне не ўправяцца, чым план будзе выконваць? А па-другое…
— А што па-другое? — спытаў і насьцярожыўся Анішчык.
— Ды баба ў мяне… Хворая.
— Ага, табе нельга, — падтрымаў суседа каваль. Анішчык толькі павёў у іхні бок позіркам, прыпамятаўшы, што брыгадзір з кавалём — радня, жаніліся з роднымі сёстрамі і заўжды падтрымлівалі адзін аднаго. Але што ж тады застаецца? Ён заклапочана думаў, узваліўшыся грудзямі на стол. У маўклівай засяроджанасьці курылі цыгарку за цыгаркай астатнія. Але во, шпурлянуўшы недакурак у парог, брыгадзір сказаў:
— А можа, дарма мы гэта? Калі трэба пасадзіць, хай самі садзяць.
Раптам з лавы пачаў Петрачкоў, відаць было, штосьці яго ўзрушыла.
— А я во што скажу, таварышы парцейцы. Калі ворганы патрабуюць, дык трэба падабраць добрую кандыдатуру. Во быў Янкоўскі, якога пасадзілі. А хто ягоны намесьнік? Сакратар у яго намесьнік, значыцца, ён лепей за ўсіх адпавядае. Правільна я кажу, таварышы? — сказаў ён, зьвяртаючыся да ўсіх адразу.
— А во і няправільна! — не стрымаўся Анішчык. — Што ж ты прапануеш — зусім агаліць сельсавет? I праваліць усе партыйна-савецкія кампаніі? Хто тады будзе адказваць?
Пытаньне аб адказнасьці заўжды было дарэчы, звычайна яно і ратавала ў пэўныя моманты. Петрачкоў спрабаваў запярэчыць, але закашляўся, нешта загаманіў ды змоўчаў. Анішчык адчуў, што ўласныя довады неабвержныя — актыўную партыйнасьць Петрачкова заўжды трэба было нейтралізаваць яшчэ большай партыйнай актыўнасьцю. Сапраўды, як можна — няма старшыні, дык пасылаць пад арышт сакратара? Нават калі загадваюць органы?
— Ворагі народа адкажуць, — не адразу і злосна сказаў Петрачкоў.
— На ворагаў ты не ківай, — усё спрабаваў асадзіць яго Анішчык.
— А ты іх зашчышчаеш? Таму што… Хто табе рэкамендацыю ў партыю даваў? Не Янкоўскі?
— Ну Янкоўскі, дык што?
— А то! — выгукнуў, бы забіў цьвік, Петрачкоў.
Але гэта было ўжо занадта, пачаў хвалявацца Анішчык. Гэта было ўжо падобна да звады. Год таму Петрачкова хацелі вылучыць на сакратара партячэйкі, але Янкоўскі вылучыў Анішчыка, і стары бальшавік затаіў крыўду. Таму ён і насядае з боку Янкоўскага. Але, калі разабрацца, дык і правільна: Анішчык быў правай рукой Янкоўскага і да апошняга часу ганарыўся тым. А цяпер во як бы не давялося апраўдвацца.
Са свайго месца ўстаў брыгадзір, кіруючы да дзьвярэй, і партыйцы насьцярожана павярнулі да яго галовы.
— Ты куды? — спытаў сакратар.
— Не ўцяку, ня бойцеся. Вады папіць…
I праўда, напіўшыся ў сенях, ён хутка вярнуўся на сваё месца і запытаўся:
— Сакратар, а што, абавязкова трэба партыйца? А калі проста талковага чалавека? Хаця і беспартыйнага?
— Ну, хіба талковага, — нерашуча сказаў Анішчык.
— А нягож! А то куды ні кінь, усюды нашага брата, члена партыі. На ўсё ці набярэшся?