Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Тым часам, мабыць, мінула дваццаць хвілін — Чарняк ужо не сачыў за часам. Затое за ім сачыў кілер. Не ўстаючы ад стала, ён набраў свой нумар і прыклаў тэлефон шчыльненька да вуха. Чарняк напружыў слых, ды ня ўчуў нічога. Праўда, і размова была падазрона кароткая — так, не, — і кілер схаваў прыладу.
— Да-а, — вымавіў ён. — Сплашное блядства! Ня могуць дазнацца. Што ж, пачакаем. Чыфіру вып’ем.
Чарняка раптам аж скаланула ад новай удала знойдзенай думкі.
— Слухай, а калі я вас выручу?
— Гэта ў чым? — насьцярожыўся кілер.
— Ну, знайду Чашкова. Вы мяне пусьціце?
— Вядома, — лёгка адказаў кілер. — Баш на баш. Вы — нам, мы — вам, як у КДБ. Ён дзе жыве?
— Тут блізка, — сказаў Чарняк.
Кілер зноў дастаў свой жахлівы тэлефон і зноў штось буркнуў, — мусіць, на іх шыфраванай мове. Трохі счакаў адказ. Чарняк сядзеў, бы на іголках, і караў сябе думкай: што ўдумаў зрабіць! Ты ж прадаеш чалавека, які табе не зрабіў кепскага. Але тут жа зьявілася іншая думка: а што ён зрабіў добрага? Летась пазычыў каністру бензіну, як не было на запраўках, дык жа Чарняк аддаў і падзякаваў. I ўсё ж было вельмі пагана на душы — пакутна і брыдка. Хіба трохі апраўдвала думка, што не па сваёй волі. Ён жа змушаны. Што ж, лепей, калі яго тут застрэляць на гэтай кухні? I завошта? У Чашкова дык, мабыць, хоць ёсьць правінка, пэўна, якаясь прычына, калі прыслалі кілера. А Чарняк чысты, як перад Богам.
— Во ты пытаўся, як кілерам стаў? Дык скажу: каб аднаго мудака ўхлопаць. Даволі пузатага. Ды, здаецца, ён мяне хлопне, — сказаў між тым кілер.
Чарняка тое, аднак, ужо мала цікавіла. Ён пакутна думаў пра іншае: як уратавацца? Можа, як выйдуць на вуліцу, тады?
У двары, як заўжды, цёмна, і дарма гэты хваліцца, што снайпер. Калі рвануць пад таполі ды ў міліцыю. Міліцыя побач, ля ЖЭСа…
Але ж хітры гэты Чашкоў! Відаць, зьняў сваё прозьвішча з даведачнага бюро, во яны яго і шукаюць усю ноч…
Мяркуючы па ўсім, так яно і выходзіла — яны там не маглі знайсьці Чашкова, кілераў тэлефон маўчаў. А Чарняк тым часам адумаўся, ён ужо шкадаваў, што паабяцаў памагчы. Можа, яго і ня думаюць страляць, можа, гэты хмыр толькі страшыць?
Гэта ж жахліва, калі так за нішто будуць страляць па начах сумленных людзей. I нашто ён сказаў яму пра Чашкова… Каб як перайначыць тое, Чарняк заўважыў:
— Праўда, я добра ня ведаю, дзе ён жыве…
Кілер варухнуў густымі брывамі.
— Ну ня ведаеш, дык ня ведаеш, — няпэўна сказаў ён і зноў зірнуў на гадзіньнік. — Засталося дзесяць хвілін.
— Да чаго… дзесяць хвілінаў?
— Да таго! Праз дзесяць хвілінаў я іду. Чарняк зьнерухомеў.
— Але ж… Я застануся?
— Безумоўна. Ты застанешся. Назаўжды.
Чарняк апусьціўся над сталом, абхапіў галаву рукамі. Божа мой, што ж гэта робіцца? Чаму так? Што ён павінны зрабіць, каб уратаваць сябе? Апроч прадажніцтва, сапраўды нічога не застаецца. Але ж ён нікога не хоча прадаваць. Ды ўсё так складваецца, што камусь трэба гінуць — або яму, або Чашкову. Хаця ў жыцьці ўсё так уладкавана, што кожны — найперш сам за сябе. Недзе чытаў: калі я не за сябе, дык хто за мяне? Праўда, далей там было напісана: калі я толькі за сябе, дык навошта я? Во дзівак-філосаф: навошта я? Быццам гэтая акалічнасьць ад мяне залежыць. Сам бы апынуўся ў маім становішчы, дык, мабыць, не напісаў бы так.
Здаецца, разумеючы стан гаспадара, кілер, аднак, заставаўся спакойны, нават нібы абыякавы і да гаспадара і да свайго, усё ж заблытанага, становішча. Выхлебтаўшы чыфір, зноў зірнуў на гадзіньнік.
— Ты ведаеш, канешне, дзе гэты Чашкоў. I баішся прадаць? Што ж, усё правільна. Тваё права — баяцца, спадзявацца… Засталося пяць хвілін.
Пяць хвілін усяго жыцьця! Бог ты мой! Што ж гэта робіцца…
— Дык як жа мне быць? — роспачна вырвалася ў Чарняка, і ён застыў, чакаючы адказу. Адказ мог даць кілер. Але той моўчкі ўстаў, перахапіў у правую руку свой «Магнум».
— Пайшлі!
— Куды?
— Пакажаш Чашкова.
Ну во — і ўсё. Калі цяпер адмовіцца, дык гэтая хвіліна, мабыць, будзе для яго апошняй. А калі пагадзіцца — зьявіцца нейкая хоць кароценькая надзея. Канешне, яна можа і ня спраўдзіцца, можа сканаць. Сьпярша ён, затым і яна. Ці наадварот — не зразумець. Але пакуль сам жывы, жыве і яна, — блыталіся ў ягонай галаве палахлівыя думкі.