Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Не раўнуючы, як затычку да кожнай бочкі, — падтрымаў суседа каваль.
— А што ж — партыя авангард — жвава абвясьціў Петрачкоў. — А ў авангардзе авангарда хто? ЧК! Трэба панімаць…
Усе ненадоўга змоўклі, і брыгадзір пачаў тлумачыць нядаўна знойдзеную думку:
— Во я і кажу. НКВД павінны нас зразумець. Ячэйка малая, аслабленая. Нельга ж яе секчы пад корань. I так падсеклі. А тут і яшчэ. Трэба пагаварыць, сакратар, каб беспартыйнага.
— Як пагаворыш — часу не засталося. Быў бы тэлефон, а то тэлефонную сувязь абяцаюць толькі ў трэцяй пяцігодцы. Доўга чакаць.
Ён яшчэ падумаў і стомленым, амаль пакутлівым голасам запытаўся:
— А калі беспартыйнага, дык каго?
— Трэба падумаць, — ажывеў брыгадзір. Мабыць, гэткі варыянт сапраўды быў яму даспадобы.
— Толькі каб нармальнага чалавека. Не забулдыгу якога. Забулдыгі і там не патрэбныя.
— Ну ведама ж, не забулдыгу. Працавітага і няп’юшчага. Што ў нас гэткіх няма, ці што, — узрадавана загаварыў каваль. — Во ўзяць Міхасёва…
— Міхасёва? Івана Аляксеевіча?
— Ну.
— Ня пойдзе, — падумаўшы сказаў Анішчык. — Міхасёў ня пойдзе.
— Чаму?
— Ня ведаеш чаму? Радня Аляксандравічу.
Каваль вінавата плюнуў пад ногі.
— Я забыў. З галавы выскачыла. Ага, з начальствам лепей ня зьвязвацца. Тады Сямёна Карытнага. А што — неблагі мужык.
— Гэта — што пчолы, ага?
— Ага. Пчаляр.
Але тут, павярнуўшыся да каваля, нязгодна загаманіў брыгадзір:
— А пчолкі як жа? Хай прападаюць? I на лекі лыжку мёду ня будзе ў каго дастаць. Калі там дзіця захварэе, што, у аптэку ехаць? Падводу нараджаць?
Ну во, родзічы і не пагадзіліся, адзначыў у думках сакратар. Хаця, напэўна, і Карытны — не кандыдатура. Мужык ён някепскі, але — пчолы. Пяць калодаў на ўвесь калгас. Калі ў каго якая патрэба, беглі да Карытнага, і той памагаў. Прадаваў, пазычаў, проста даваў — каму як. Мёду ў яго трохі было.
У той час хтосьці далікатна застукаў у сенцах, і ў сельсавет увайшоў прыпазьнелы настаўнік. Ён з усімі павітаўся за руку, пачынаючы з Петрачкова, вінавата прамовіў:
— Спазьніўся. Прабачце… Затрымаўся.
Анішчык нічога не сказаў, астатнія, зацятыя ва ўласным клопаце, таксама маўчалі. Мабыць, адчуўшы напружаньне, настаўнік моўчкі сеў ля каваля.
— Во настаўнік самы здатны, — пасьля сказаў Петрачкоў. — Малады, граматны…
— Тожа ярунду скажаш, — зірнуў у столь брыгадзір. — А хто дзяцей вучыць будзе?
Гэта зразумела, падумаў Апішчык. У брыгадзіра чацьвёра вучацца ў школе, калі яе зачыняць, хто іх будзе вучыць?
— Настаўнікаў хапае. Прышлюць іншага.
— Дзе ж хапае? Дзе хапае? — загаманіў брыгадзір. — На чатыры класы адзін настаўнік — гэта правільна?
— Было два. Ня трэба было Апрышкінай лезці ў палітыку, — махнуў рукой Петрачкоў.
— Яна і ня лезла.
— Лезла, ня лезла — ня наша справа. Мы цяпер пра іншае, — сказаў Анішчык.
Настаўнік круціў галавой ад аднаго да другога, намагаючыся зразумець сутнасьць спрэчкі, але, мабыць, тое было няпроста. Надта незвычайным выдаўся прадмет спрэчкі, каб яго можна было адразу сьцяміць.
— Пра што гаворка, таварышы?
Яму ніхто не адказаў, нібыта размова ішла пра штосьці саромнае або таемнае. Анішчык міжволі перакладваў на стале злашчасную трубку з подпісамі. Ён нічога з гэтай размовы не запісваў, думаў, што наўрад ці варта ў такім выпадку запісваць. Партыйцы, мяркуючы па ўсім, яго разумелі, і нават вялікі фармаліст Петрачкоў не пярэчыў. Ды во размову пачало хіліць кудысьці ўбок ад галоўнай праблемы, трэба было яе скіраваць у патрэбнае рэчышча. Але сёньня сакратар баяўся перагнуць і тым самым сапсаваць усю справу, асабліва ў прысутнасьці маўклівага настаўніка.
Гэта быў яшчэ малады чалавек, які прыехаў улетку з горада і першы год працаваў у школе. На пачатку восені ў школе іх было два, але настаўніцу Ганну Іванаўну рэпрэсавалі за пацдэмаўшчыну, і настаўнік застаўся адзін. Мабыць, не зразумеўшы, у чым справа, ён кінуўся яе абараняць, нават езьдзіў у Менск, пакуль сам ня трапіў у пастку. Анішчык атрымаў указаньне выключыць яго з кандыдатаў, але пасьля выключэньне замянілі на строгую вымову. Настаўнік прыціх, зьніякавеў неяк, перастаў выступаць на сходах і ўвогуле паводзіў сябе палахліва. Анішчык думаў, што яго павінны арыштаваць, але ў райкаме сказалі, што ў таго нейкая падтрымка з наркамата асьветы, і сакратар перастаў разумець, як да таго належыць ставіцца.
— Выбіраем ворага народа, — нарэшце адказаў настаўніку Петрачкоў.
— Як — ворага народа?
Зьдзіўленае пытаньне настаўніка засталося без адказу, не схацеў нічога тлумачыць і Анішчык. Ён ужо разумеў, што для арышту настаўнік не падыдзе, бо, калі ўжо пабыў у руках ворганаў, дык чымсьці ім згадзіўся. Або, можа, сапраўды высокая падтрымка, можа, з таго ж НКВД? Вельмі нават магчыма, што яго адмыслова пакінулі для сакрэтнай працы на месцы.