Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Надзень пінжак, — зусім па-сяброўску сказаў кілер. — На дварэ сьцюдзёна.
Той нечаканы клопат Чарняку спадабаўся, у ім прагучала надзея, якой ён прагнуў. Ён таропка апрануў пінжак, а кілер тым часам дастаў з задняй кішэні маленькія чорныя кайданкі. Убачыўшы іх, Чарняк ледзь ня ўпаў на зьнянацку падагнутых нагах.
— Спакойна, — сказаў кілер і зашчоўкнуў адну брасьлеціну на яго правай руцэ, а другую — сабе на левай. — Так будзе о’кей.
Гэта канец, сказаў сабе ў думках Чарняк. I раптам адчуў дзіўную палёгку, як бы скінуўшы з сябе ўвесь гнятлівы, турботны клопат. Можа таму, што раптоўна і назаўжды скончыўся пакутны працэс выбару паміж жыцьцём і сьмерцю. Пагібель перамагла, і выбару не засталося. Поўная пустка. Вакуум. Над шматлікімі праблемамі вакууму ён колісь завіхаўся ў сваім канструктарскім бюро. I ён прыпамятаў, як некаторыя пустазвоны балбочуць аб важнасьці свабоды выбару. Дзе яна ў жыцьці, тая славутая свабода, як і той знакаміты выбар? Так мала іх было пры жыцьці і зусім не засталося перад пагібельлю. Усё навакол і раптоўна адсуналася ад Чарняка, паблякла; зьніклі ўсе турботы пра сябе. Ягоныя пачуцьці запоўніла дзіўная абыякавасьць да сьвету і да сябе таксама. Падобна, ён пераставаў існаваць яшчэ да жахлівага імгненьня канца.
Бы спачуваючы яму, кілер ціха зазначыў:
— А ты маладзец. Іншыя, знаеш… абсіраюцца.
I нетаропка адамкнуў дзьверы. Яны выйшлі з прыхожай, і кілер ціхенька прычыніў іх, выразна шчоўкнуўшы замкамі. Не ўратавалі і сталёвыя дзьверы, падумаў Чарняк, успомніўшы, як даставаў іх па блату на складзе, грузіў з хлопцамі ў «Калхіду». А пасьля цягаў на сёмы паверх — у кабіну ліфта яны ня ўлазілі. Трэба было… Яны ўдвух ціха спусьціліся ў незанятым на той час ліфце, выйшлі на цёмны падворак. Ім ніхто не спаткаўся ў гэты глухі час начы. А калі б і спаткаўся, дык што? Ідуць поруч два сябрукі-мужчыны, паводзяць сябе спакойна, а што позна, дык, можа, заседзеліся ў каго ў гасьцях. Кілер маўчаў, але Чарняк адчуваў скабамі ўпёрты ў яго бок глушыльнік «Магнума». Кожны момант кілер мог націснуць на спуск — варта яму было толькі вякнуць. I ён, праклінаючы ў душы забойцу і сябе разам, вёў яго да суседняга пад’езда. На што ён спадзяваўся, на што разьлічваў?..
Мабыць, ужо ні на што. Інстынктам выгадваў некалькі лішніх хвілін жыцьця, хаця тады для яго тое ня мела значэньня. Ён ужо ведаў, што нават пагібельлю суседа нельга купіць сабе паратунку. Заставалася хіба ненавідзець Чашкова, усё ж з нянавісьцю гінуць было лягчэй.
Яны падняліся ў ліфце таксама на сёмы паверх, і кілер сам націснуў на кнопку званка. З кватэры азваліся не адразу, давялося ціснуць яшчэ. Пасьля гаспадар сонным хрыплаватым голасам папытаўся «Хто?», і Чарняк з дрыготкай у раптам перасохлым горле назваў сябе. Няхутка яшчэ дзьверы адчыніліся, у якіх паказаўся няголены, заспаны Чашкоў з ускудлачанымі сівымі валасамі на галаве. Ён толькі зірнуў на суседа, і то быў апошні ягоны позірк перад тым, як ва ўпор хлопнуў стрэл «Магнума». Другі стрэл Чарняк чамусь не пачуў — разам асунуўся пад дзьвярыма і зьнерухомеў. Славутыя кантрольныя стрэлы былі справаю дзьвюх секунд, пасьля чаго кілер спакойна рушыў на тым самым ліфце ўніз і назаўжды зьнік у цемрыве начы.
Магчыма, яго таксама хутка прыстрэлілі.
Чырвоныя пятліцы
У хмарны восеньскі надвячорак сакратар сельсавета, які быў таксама і сакратаром партячэйкі, Пётра Анішчык вяртаўся з райцэнтра ў вёску.
Ён прыпазьніўся. Нябачнае за хмарнаю навалаччу сонца, мабыць, ужо села за лесам, над дарогай і ў навакольлі пачало зьмяркацца, асабліва ў нізкіх балоцістых мясьцінах, дзе прыдарожныя альхоўнікі спрэс туліліся ў змроку. Анішчык сьпяшаўся і, раз за разам тузаючы лейцамі, паганяў каня па гразкай, разьбітай дарозе, каб пасытець да начы вярнуцца ў сельсавет і сабраць партыйцаў. Ужо сёння належала прыняць рашэнне, важнейшага за якое, мабыць, яшчэ не прымала ячэйка.
Зрэшты, колькі Анішчык ні думаў пра тое, усё ня мог прыбіцца да цвёрдае думкі. Часам здавалася, што лепей было б усё вырашыць, не выязджаючы з мястэчка, дзе ён праседзеў на нарадзе ў райкаме. Але там ён не знаходзіў у сабе патрэбнай рашучасьці і цяпер думаў, што трэба ўсё вызначыць разам, параіўшыся з партыйцамі. Ён разумеў, вядома, што того справай нікога не ўзрадуе. А што ён мог зрабіць — не з уласнае волі тое, а паводле палітыкі партыі бальшавікоў. Ягоныя ж партыйцы людзі сьвядомыя і павінны зразумець сакратара. Як ён зразумеў таго, хто цяпер стаяў вышэй за ўсіх у раёне.