Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 150 151 152 153 154 155 156 157 158 ... 260
Перейти на страницу:

Сёньня Анішчык сустрэўся з ім нечакана, не спадзеючыся, што ўбачыць яго на нарадзе па льнонарыхтоўках. Пакуль змрочны, заклапочаны першы сакратар райкаму таварыш Князеў бэсьціў нізавых сакратароў за правал у выкананьні плана льнонарыхтовак, Анішчык сядзеў, бы на іголках, — чакаў свае чаргі. Калгас «Другая пяцігодка» выканаў гэты план усяго на 37,5 працэнта — было чаго хвалявацца. Але сакратар райкама ў сваім дакладзе неяк абмінуў яго, хаця сёньняшняя газета надрукавала зводку, дзе ягоны калгас значыўся ў другім радку зьнізу. То была катастрофа.

Катастрофа і сталася, хаця і ня там, дзе яе чакаў Анішчык, — не ў сакратарскім дакладзе. Пасьля трох гадзінаў паседжаньня — лаянкі, вымоў, апраўданьняў і пагроз, калі ў душнай і цеснай залі ўсё часьцей чуліся стомленыя ўздыхі прыезджых з раёна сакратароў, у бакавым праходзе ўзьнік таварыш Дзьвярной. Ён штось ціха прамовіў змрочнаму, стомленаму Князеву, што сядзеў за сталом, і той згодна кіўнуў. Усе ў залі быццам скалануліся ад нечаканкі, сьцяліся, са страхам пазіраючы, як начальнік райаддзела НКВД зайшоў за фанерную трыбуну і зьняў шапку. Гэта быў даволі маладжавы мужчына ў вайсковым фрэнчы і фарсістых галіфэ; шырокай пяцярнёй ён прыгладзіў на галаве цёмны і шорсткі чуб. Чэкіст прыехаў улетку з абласнога цэнтра, каб тэрмінова выкараніць трацкісцка-зіноўеўскае ахвосьце, таксама як і белапольскія шпіёнска-тэрарыстычныя банды. Пад яго кіраўніцтвам органы НКВД раёна шчыравалі як мае быць — выкрывалі і арыштоўвалі ноччу і ўдзень. Але во бяда — пад восень тэмпы выкрыцьця пачалі слабнуць, у мінулым месяцы шпіёнаў і шкоднікаў розных гатункаў было выкрыта і абясшкоджана на васямнаццаць працэнтаў меней, чым у папярэднім. Начальнік НКВД таварыш Дзьвярной самым сур’ёзным чынам зьвярнуў увагу партыйных сакратароў на гэты вельмі трывожны факт і прыгразіў, што органы будуць змушаныя зрабіць з яго адпаведныя высновы.

Стомленая доўгім паседжаньнем сакратарская аўдыторыя маўкліва слухала ягоную тэмпераментную прамову, кожны моўчкі меркаваў, чым яна можа скончыцца. Сакратары ўжо ведалі, што за пагрозамі раённага чэкіста вельмі проста могуць наступіць сумныя справы. Асабліва яны затрывожыліся, калі начальнік выняў з кішэні складзены аркушык паперы і пачаў называць канкрэтныя факты.

— Злачынная халатнасьць ёсьць прамое ўтойваньне імеюшчага места шкодніцтва, — пасьля нядоўгай паўзы вымавіў ён у насьцярожаную залу. — Таварыш Клепікаў тут маецца?

— Я! Ёсьць! — порстка ўскочыў з другога рада сакратар партарганізацыі льнозавода.

— Вось вы, таварыш Клепікаў, адкажыце: колькі ў вас членаў ВКП(б)?

— Дык гэта… Было васямнаццаць чалавек. Двух выключылі, адзін днямі памёр — інфаркт…

— Інфаркт. А колькі вы выкрылі як ворагаў народа?

— Дык гэта — двух, — спалохана адказаў сакратар і, здаецца, перастаў дыхаць.

— Ня двух — аднаго. Другі — нашых таварышоў заслуга. Дык вось, таварышы, — зьвярнуўся начальнік да прыціхлай залы. — Вынік наліцо. Ільнозавод заваліў ільноапрацоўку ў вобласьці, а вы самасупакоіліся і пакрываеце шкодніцтва!

Усё болей тулячыся, каб ня надта вытыркацца з шэрагу іншых, ілынозаводскі сакратар вінавата маўчаў. Анішчык, які сядзеў праз тры рады ад яго, нутром адчуў, што наступным начальнік падыме яго. I прадчуваньне яго не падманула. Зноў зазірнуўшы ў паперку, Дзьвярной скіраваў суровы погляд у залу.

— Во і яшчэ прыклад. Ня менш вапіюшчы. Калгас «Другая пяцігодка». Хто там сакратар? Ёсьць тут сакратар?

Зала з паўсотняй згорбленых плячэй, стол і сакратар таварыш Князеў за ім — усё паплыло перад вачыма Анішчыка, які, аднак, з роспачнай рашучасьцю ўстаў і назваў сябе.

— А, гэта ты — чырвонаармеец! — пазнаў яго начальнік і быццам нават квола ўсьміхнуўся. — Колькі вы выкрылі ў сваім калгасе?

Можа, ад міжвольнай усьмешкі начальніка Анішчык раптам адчуў сябе спакайней і нягучна мовіў:

— Ніколькі…

— Вы чулі? — амаль жахнуўся чэкіст, сагнаўшы з твару падабенства да ўсьмешкі. — Ніколькі! Ён чакае, калі за яго тое зробіць дзядзька. А пакуль у яго поўны ажур. План выкананы, ніякага шкодніцтва! Так? Які ў яго працэнт ільназдачы? — павярнуўся ён да змрочнага Князева побач. Той пачаў шукаць патрэбную паперку, і Анішчык раней за яго адказаў:

— На трыццаць сем і пяць дзясятых працэнта.

— Бачыце? Трыццаць сем працэнтаў! — з націскам паўтарыў Дзьвярной у залу. — Да-а… Відаць, прыйдзецца мне вамі заняцца. Лічна!

Пастаяўшы яшчэ трохі, Анішчык асьцярожна сеў і засланіўся ад трыбуны нейчай лысай патыліцай.

1 ... 150 151 152 153 154 155 156 157 158 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)