Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 153 154 155 156 157 158 159 160 161 ... 260
Перейти на страницу:

Цераз парог няўклюдна пералазіў аднаногі інвалід Петрачкоў, апрануты ў цёплы кажух, у зімовай аблавушцы на галаве. Гэты заўжды быў самы акуратны наконт нарады ці паседжаньня, яго не абмінала ніводная сходка ў калгасе. Пятнаццаць гадоў лічыўся актывістам і не пераставаў абвяшчаць пры кожным здатным выпадку, што ён удзельнік штурму Зімняга, патрабуючы з таго адпаведных адносінаў да сябе. Да яго і адносіліся адпаведна — перасталі ўжо зьвяртаць увагу на ягоныя аповеды, што ўвогуле нярэдка злавала старога бальшавіка.

— Што — сход? — запытаўся Петрачкоў, зручна ўладкаваўшыся ля дзьвярэй са сваёй драўлянай кульбай.

— Ня сход. Але важнае пытаньне, — стрымана адказаў Анішчык. З Петрачковым належала трымацца асьцярожна.

— Цяперака ўсе пытаньні важныя. Пра ўрагоў?

— Угадаў.

— А што ўгадваць! Разаблачаць трэба і ўсё.

Такі пачатак размовы ня дужа падабаўся Анішчыку, але сам-пасам з Петрачковым ён не хацеў разьвіваць гэтую тэму. Ён чакаў, калі прыйдуць астатнія, і задуменна круціў у руках злашчасную трубку з подпісамі. Колькі дзён тая без патрэбы валялася на стале, ніхто ёй не цікавіўся. А ён тыдзень хадзіў па хатах, на ток, на апрацоўку льну. Людзі падпісваліся, хаця ня ўсе адразу і ахвотна, шмат хто са страхам, каб не нашкодзіць сабе. Але Петрачкоў свайго подпісу тут не паставіў, гэты, як заўжды, быў разумнейшы за іншых. Сказаў: нічога ня выйдзе. I нічога не выйшла. Як у ваду глядзеў.

Спакваля ў хату ўлезлі яшчэ два — брыгадзір Сярмяга і калгасны каваль Кляшчоў, якога ў калгасе клікалі проста Клешч. Гэтыя не маглі скопчыць, відаць, пачатую па дарозе гаворку пра гаспадарчыя няўвязкі. Брыгадзір, гарачыўся, надта блізка прымаючы розныя нелады ў калгасе.

— Я ж казаў: нельга было яго пад лесам сеяць. Там ён ніколі не радзіў. Там суглінак. Чарта ты яго з суглінку выдзераш.

Гэтыя — таксама пра лён, зразумеў Анішчык. Лён цяпер стаў самай вялікай праблемай калгаса, раёна і нават рэспублікі. Колькі праз гэты лён зляцела з плячэй разумных і дурных галоў! I яшчэ, відаць, нямала зьляціць, сумна разважаў сакратар.

— А дзе ж яго сеяць? — слаба пярэчыў каваль. — Усюды адна халера — пяродзіць. Ня тая зямля.

Ля парога заёрзаў Петрачкоў.

— Ды хопіць пра лён. Пра палітыку трэба.

— А лён — не палітыка? — з папрокам азваўся брыгадзір.

— Палітыка, палітыка, — нядбайна пагадзіўся Петрачкоў, які, мабыць, ня мог дачакацца, калі пачнецца гаворка пра іншае. — Ну што там у раёне? Можа, Янкоўскага выпусьцілі?

— Ня выпусьцілі, — сказаў Анішчык. — НКВД патрабуе і яшчэ пасадзіць.

Усе насьцярожана змоўклі, зьнерухомелі на лаўках, і Анішчык падумаў, што настаў самы момант падступіць да галоўнага.

— Такая справа, таварышы. Трэба прызначыць аднаго чалавека. Партыйца, — сказаў ён і змоўк, ня ведаючы, як прадоўжыць думку. — Інакш загрыміць уся ячэйка. На сто працэнтаў.

Брыгадзір роспачна ляснуў сябе даланёй па калене і ціха вылаяўся. Каваль, раптам азмрачнеўшы, адкінуўся шырокімі плячмі да чорных бёрнаў сьцяны. Адзін Петрачкоў быццам ніяк ня выказаў свайго стаўленьня да сказанага сакратаром. Толькі счакаўшы, горача загаманіў:

— Я ж казаў! Я казаў: нельга ўхіляцца ад класавай барацьбы. Усе разаблачаюць, трэба і нам разаблачаць. А як жа? Во і дачакаліся!

— Што ты кажаш? Каго разаблачаць? — зазлаваў брыгадзір. — Каго? Цябе хіба?

— А чаму мяне? Гэта ты…

— А што я. Дзе я супраць савецкай улады? Я — батрак. I мой бацька ўсю жызьнь батрачыў…

«Ну во, — падумаў Анішчык, — яшчэ нічога ня вырашылі, а ўжо і сварка. Хаця яно і зразумела: каму хочацца ў турму! Але — трэба!»

— Ня лайцеся, — сказаў ён прымірэнча. — Тут трэба ра— шыць па-добраму. Самі разумееце: з ворганамі не жартуюць.

— А і ворганы ні пры чым: у іх тожа план, — сказаў Петрачкоў.

— Скуль ты ведаеш? Ты што — там рабіў? — ня мог супакоіцца брыгадзір.

— Не рабіў. А ведаю.

— Чаму ж тады газеты ня пішуць? Што план?

— Бо сакрэт.

— Ах, сакрэт…

Настала гнятлівая цішыня, усе чацьвёра моўчкі замерлі на сваіх месцах. Тады Петрачкоў адкашляўся і пачаў нязграбна ўставаць з услона, грукаючы па падлозе сваёй драўлянай нагой.

— Хачу выступіць.

— Ды можна седзячы, — дазволіў Анішчык.

— Э, не, тут трэба стаяком. Гэта па калгасных справах можна седзячы, а па нартыйных я звыклы стоячы. Дык вось што я хачу сказаць… Нашы слаўныя ворганы вядуць барацьбу з трацкісцка-зіноўеўскімі бандамі, белапольскімі шпіёнамі, нацдэмамі, міравой буржуазіяй і гэтак далей. Усіх — пад корань. Я прапаную як стары бальшавік паддзяржаць цаліком і поўнасьцю…

1 ... 153 154 155 156 157 158 159 160 161 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)