Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамiтэт быў склiканы зноў i адбылiся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньнi адсутнiчаў. Канешне, я лiчыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсiх адносiнах лепшая за Якавенкаву. I калi я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньнi, дык толькi таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу. Цяпер на тое месца была абрана Мая Кляшторная, дачка панiшчанага беларускага паэта i сама былая зьняволеная ГУЛАГу.
Якраз у гэты час — празь дзень цi два — насоўвалiся Дзяды, меркавалася прыняць у iх удзел. Але на паседжаньнi БНФ рашылi, што паколькi Дзяды — сьвята рэлiгiйнае, дык удзел у iх — справа асабiстая. Я тады грыпаваў i на могiлкi не пайшоў. А менавiта там разгарнулiся трагiчныя для менчукоў падзеi. Як тысячы iх падышлi ад станцыi мэтро да могiлкаў, там ужо нарыхтавалiся шэрагi войска i мiлiцыi — з варанкамi, аўтобусамi i нават вадамётамi. Людзей пачалi разганяць, бiць, арыштоўваць, труцiць газамi з партатыўных балёнчыкаў. Атруцiлi i Пазьняка, якi iшоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступiў. Ён скiраваў натоўп на ўскраiну i павёў да Курапатаў. Аднак i там дарогу калёне перагарадзiлi войскi. Тады Пазьняк завярнуў усiх у поле. I ў чыстым полi пад сьняжком, якi сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалi прамоўцы i сярод iх пiсьменьнiк Уладзiмер Арлоў. Тады i пасьля шмат людзей апынулiся зьбiтыя i затрыманыя ў пастарунках.
Ранкам я зьвязаўся з маскоўскiм часопiсам «Огонёк» (рэдагаваным тады В. Кароцiчам), якi быў самым радыкальным друкаваным органам краiны i шмат пiсаў пра перабудову. У рэдакцыi сказалi, што прышлюць у Менск спэцкора, але матэрыял пра iнцыдэнт патрэбны тэрмiнова ў нумар. Ноччу я напiсаў артыкул, перадаў яго па тэлефоне, i ён хутка зьявiўся ў «Огоньке». Артыкул называўся «Дубiнкi замест перабудовы». Гэта быў ці ня першы матэрыял наконт падаўленьня нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусi.
Скандал атрымаўся магутны. ЦК Беларусi на чале з Сакаловым разьюшана прымаў меры. Кiраўнiкi найперш узялiся ўсяляк абвяргаць факт палiцэйскай расправы над мiрнай дэманстрацыяй. (Мiлiцыя нiкога ня бiла, ня труцiла «чаромхай». Гэта быў мяцеж нацыяналiстаў супраць савецкай улады, якi ўдалося падавiць мiрнымi сродкамi.) Мяне выклiкаў Сакалоў i апрацоўваў у гэткiм, прыкладна, пляне. Я яму кажу пра гвалт з боку праваахоўных органаў, а ён даводзiць, што фактаў гвалту няма. Дзеля таго спасылаецца на заключэньне камiсii, якая ўжо расьсьледавала той iнцыдэнт. А ў камiсii, кажа, такiя паважаныя людзi, як мастак-акадэмiк Савiцкi, пiсьменьнiк-ляўрэат Гiлевiч, мы iм змушаны верыць. Шмат якiя журналiсты даводзiлi адваротнае, але iм не было веры. Будзiнас нават зьняў пабоiшча на кiнастужку, усё роўна даводзiлi, што газы не прымянялiся. (Камiсiя ўзважыла запасы «чаромхi» ў МВД — уся ў наяўнасьцi.) Прыйшоўшы ад Сакалова, я напiсаў лiст Гарбачову, распавёў пра варварскую гiсторыю ў Беларусi i прасiў справядлiвасьцi.
Адказу ад Гарбачова, вядома, не атрымаў — атрымаў выклiк на нараду творчай iнтэлiгенцыi, якая ладзiлася на Старой плошчы, у ЦК КПСС. Там у невялiчкай залi сабраўся цi ня ўвесь творчы актыў краiны, было шмат знаёмых лiтаратараў. На сцэну выйшла палiтбюро ў поўным складзе на чале з Гарбачовым. Той пачаў штось гаварыць, i М. Шатроў, якi сядзеў побач, цiха так кажа: паслухаць бы, што ты скажаш, як яны цябе запруць паслом кудысь у Манголiю. Я тое запомнiў. I тады раптам чую — Гарбачоў звяртаецца да мяне: «Васiль Быкаў, як так здарылася, што беларусы выйшлi супраць савецкай улады? Спакойны, дысцыплiнаваны народ… Не зразумела».
Я пачаў штось тлумачыць, сказаў пра жорсткасьць мiлiцыi, якая зьбiвала i труцiла жанок i дзяцей, што iшлi на могiлкi, дзе пахаваны слынныя людзi Беларусі, у тым лiку i Машэраў. Гарбачоў недаўменна пацiскаў плячыма. Насупраць у першым радзе сядзеў галоўны арганiзатар таго Я. Сакалоў i маўчаў. Пачалi выступаць гаваркiя артысты i пiсьменьнiкi, гаварыць пра перабудову. Напрыканцы, стоячы ў праходзе, загаварыў Вiктар Астаф’еў, якi вельмi рэзка асудзiў беларускiх камунiстаў за «зьверства да самага, можа, спакойнага са славянскiх народаў» i запатрабаваў расьсьледаваць злачынства, учыненае на Дзяды. Я быў дужа ўдзячны майму расейскаму сябру i горача абняў яго. Вiктар Пятровiч быў адным з тых, хто мог сказаць, што хацеў i каму хацеў. Ён меў гонар i адвагу, уласьцiвыя сапраў днаму народнаму заступнiку.