Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Але тады яны яшчэ не адважвалiся, путч чакаў свайго часу, а мы проста вярталiся. Пра тое сказаў Гарбачоў, сабраўшы дэлегацыю: у Арменii бяда, растрэсла рэспублiку, ранiцай адлятаем.
А ў нас на ранак было прызначана спатканьне зь дзелавой элiтай Нью-Ёрку. Мы ня ведалi, што рабiць, тады Алег Багамолаў сказаў, што няёмка падводзiць важных людзей, якiя зьбяруцца ў шыкоўным гатэлi «Роджэрс-Асторыя», трэба паехаць i ўсё правесьцi ў тэмпе. Так i зрабiлi. Але пакуль там, расьсеўшыся за ланчам, слухалi нетаропкiя развагi старых мiльянэраў, пачувалiся ўсе, бы на iголках. Час дужа падпiраў. Асаблiва, як заўважылi, што некаторыя з нашых па адным зьнiкаюць. Мы з Багамолавым i рэдактарам «Известий» Лапцевым сядзелi ў самым кутку, i нам нязручна было выбiрацца з холу. Тая нязручнасьць нас здорава падвяла, бо як мы нарэшце выбралiся, аўтобусаў перад гатэлем ужо не было — усе зьехалi ў аэрапорт. Пачалi бегаць, каб злавiць якое таксi. Нарэшце Багамолаў згледзеў знаёмага журналiста ў машыне, якi нас i завёз у аэрапорт iмя Кенэдзi. Мы ледзьве пасьпелi ў самалёт. А Уладзiмер Карпаў не пасьпеў, самалёт ужо вырульваў на ўзьлёт, i Герою Савецкага Саюза давялося крычаць i махаць рукамi, каб яго не пакiнулi. Сам Гарбачоў даў каманду прыпынiцца i ўзяць пасажыра. Узьлезшы на борт, Карпаў гучна лаяўся з такой арганiзацыi вiзыту, астатнiя маўчалi. Усе былi незадаволеныя тым, што важны вiзыт па сутнасьцi сарваны. Самы раз было б выпiць, але алкаголю ў самалёце не было, Гарбачоў прапаведаваў цьвярозасьць i змагаўся з п’янкамi. Затое ва Унукаўскiм аэрапорце знайшоўся i каньяк i яшчэ нешта. Там усе добра расслабiлiся. Пад ранiцу Алег Цiмафеевiч падвёз мяне ў Шарамецьева-1, адкуль я скiраваў у Менск. Тая паездка была, можа, самай прыкрай з усiх маiх паездак за мяжу. Вядома, шмат што можна было сьпiсаць на жахлiвую катастрофу ў Арменii, але ня ўсё. Я ўбачыў тады акружэньне iнiцыятара перабудовы i дужа засумняваўся, што яно iмкнулася да яе. I м i без таго было няблага. А можа, нават i лепей, чым у тым часе, якi наступiў пасьля i ў якi яны зусiм не iмкнулiся. Адзiн зь iх, самы тады лiсьлiвы i надзейны паплечнiк, пасьля назаве Гарбачова «ангелом тьмы» i кiнецца роспачна аднаўляць тое, што было неспадзявана адкiнута гiсторыяй.
А ў Менску пачалося неспакойнае, каламутнае жыцьцё. Партыйная прэса, тэлебачаньне, а таксама партыйныя органы ўсiх узроўняў накiнулiся на новы нацыянальна-дэмакратычны рух. Абвiнавачваньнi былi самыя страшныя. Бэнээфаўцаў называлi фашыстамi, нямецкiмi прыслужнiкамi, палiцаямi. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг абвясьцiлi фашыстоў-скiм i бясконца даводзiлi, што менавiта пад iм немцы з палiцаямi расстрэльвалi яўрэяў. Пра Пазьняка гаварылася, што ён палiцай (гэта 1945 года нараджэньня) i сын палiцая (а не салдата-чырвонаармейца, якi загiнуў на фронце). Пазьняк, аднак, захоўваў спакой i цьвёрдасьць, ня кiдаўся з абвяржэньнямi, а нястомна згуртоўваў пад сьцягам БНФ нацыянальны актыў. Ягонымi паплечнiкамi з самага пачатку сталi: М. Дубянецкi, а таксама знакамiтыя гiсторыкi М. Ткачоў i А. Грыцкевiч, навуковец прафэсар Ю. Хадыка, выкладчыкi Г. Вашчанка, В. Вячорка, Ю. Сiўчык, мастацтвазнаўцы В. Чуйко i В. Трыгубовiч. А таксама мастакi М. Купава, А. Марачкiн, Я. Кулiк, журналiст С. Навумчык з жонкай Галяй. Пісьменьнiкаў у новым руху было няшмат: я, Рыгор Барадулiн, Артур Вольскi. I ўсё. Пiсьменьнiкi ў бальшынi дыстанцыявалiся ад БНФ. Пасьля шмат iх увайшло ў Таварыства беларускай мовы, лiбэральную арганiзацыю, са згоды ўладаў створаную Н. Гiлевiчам?. Зiмой пачалi ладзiць зьезд, каб узаконiць Фронт, зрабiць яго легiтымным. Правесьцi зьезд у Менску было немагчыма, дык выручылi лiтоўскiя сябры — памаглi з арганiзацыяй, далi здатнае памяшканьне. На жаль, я ў тым зьезьдзе ня ўдзельнiчаў — падпала даўно заплянаваная паездка ў Гiшпанiю. Мiжнародная пiсьменьнiцкая супольнасьць заплянавала ў Сэвiльлi кангрэс, я там быў прызначаны дакладчыкам. Была i яшчэ адна прычына, якая змусiла мяне паехаць ня ў Вiльню, а ў Сэвiльлю: прапанова адной выдавецкай фiрмы выдаць мой Збор твораў з уключэньнем у яго ўсяго мной напiсанага, у тым лiку i забароненага ў Саюзе. Я падрыхтаваў адпаведныя рукапiсы, сабраў чарнавiкi — такая была ўмова. Пераслаць тое па пошце было немагчыма, а перавезьцi асабiста я мог, карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасьцю на мытнi. Выдавецтва дало некалькi замежных адрасоў, у тым лiку i ў Мадрыдзе. Прыляцеўшы туды, я хутка ўсё запакаваў i адправiў на мадрыдзкi адрас. I — назаўжды. Hi слова ў адказ не атрымаў. Пасьля спрабаваў што-нiшто даведацца пра тое выдавецтва, ды нiякiх яго сьлядоў не знайшоў. Так усё i прапала. (Можа, калi знойдзецца ў бяздонных сховiшчах КДБ, ФСБ, Фапсi i г. д.) Некалькi дзён з тае паездкi я затрымаўся ў Мадрыдзе. Увогуле ўсе эўрапейскiя гарады ў чымсьцi аднолькавыя — архiтэктурай, добраўпарадкаванасьцю. Але кожны мае i свой твар, уласную асаблiвасьць — у галiне плянiроўкi, абзеляненьня, ня кажучы ўжо пра музэi. Мадрыдзкi Прада ашаламляў, як, мабыць, i ўсе падобныя асяродкi шматвекавой культуры Эўропы. Ня тое, што галерэя Пiкаса, наведвальнiкаў у якой было небагата ды i выглядала яна празьмерна мадэрнова — нават для Пiкаса. Знакамiтая яго «Гернiка» тым ня менш заслужана стала сымбалем хуткай сусьветнай бойнi.