Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Першую сустрэчу з Гарбачовым на амэрыканскай зямлi я прапусьцiў — з Уладзiмерам Карпавым хадзiлi па Нью-Ёрку. Позна ўвечары заблудзiлiся i ня ведалi, як дабрацца да нашага гатэлю. Узялi таксоўку, сеўшы ў якую, я запытаў у Карпава: «А на якой мове мы размаўляць будзем?» I тады наш шафёр кажа: «На расейскай, таварышы, на расейскай». Аказалася, што ён зь Ленiнграду, колькi год таму прыехаў да сына, якi тут меў пасьпяховы бiзнэс, але прагарэў, i цяпер, каб уратаваць таго ад банкруцтва, бацька па васямнаццаць гадзiн у суткi круцiць баранку — зарабляе грошы. Мы паспачувалi старому.
У адзiн зь дзён напрыканцы вiзыту я быў прызначаны ў групу эканамiстаў для сустрэчы ў амэрыканскiх дзелавых колах. Сваiх расейскiх калегаў у гатэлi не знайшоў, думаў, што пабачу iх на месцы сустрэчы, недзе ў Iнстытуце ўсходнiх зносiнаў, цi як ён там дакладна называўся. Прыехаў туды загадзя, чакаў каля брамы, ды нiкога не дачакаўся. Змушаны быў iсьцi адзiн, бо насьпеў час сустрэчы. У шыкоўным будынку па шырокай дывановай лесьвiцы мяне прывялi на другi паверх, дзе за круглым сталом ужо сабраўся з тузiн старых амэрыканцаў, — усе старанна апранутыя, у тройках, з гальштукамi i бабачкамi. Некаторыя зь кiёчкамi ў руках. Па чарзе прадставiлiся, усiм я пацiснуў iх старэчыя, бы птушыныя лапкi, пальчыкi. Селi за ланч, штось елi, трохi выпiлi вiна, якое падлiваў служка. Пакуль былi заняты ланчам, усе маўчалi. (Амаль маўчалi.) Толькi як ланч быў скончаны, перавялi позiркi на госьця. Госьць у той час пачуваўся даволi нiякавата, бо калегаў усё не было. А што гаварыць з гэтымi, ня ведаў.
Закурыўшы свае сiгары, «гэтыя» найперш папыталiся, якую фiрму госьць прэзэнтуе? Я трохi памарудзiў i адказаў, што тая фiрма завецца Саюз пiсьменьнiкаў. Гаспадары стрымана зiрнулi адзiн на аднаго, хтось пагартаў нейкiя паперы, што былi раскладзены перад iм, ды, мабыць, названай фiрмы ў iх не знайшоў. Але болей не пытаўся. Я штось пачаў гаварыць пра важнасьць устанаўленьня эканамiчных сувязяў памiж нашымi краiнамi, мяне засяроджана слухалi, хаця за сталом ужо запанавала няёмкасьць. Я ўсё не пераставаў чакаць сваiх эканамiстаў — адмыслоўцаў з мiнiстэрстваў i ведамстваў, ды iх не было. Тады пасьля даволi працяглай паўзы адзiн цi не самы стары амэрыканец запытаў: «А якiм чынам яны могуць вывозiць прыбыткi ад свайго бiзнэсу? Цi ня мог бы сэр Быкаў назваць адпаведны банк?». Сэр Быкаў на тое толькi пацiснуў худымi плячыма. Тады старэйшы за сталом падняў бакал зь вiном i прапанаваў выпiць за здароўе прэзыдэнта Гарбачова. Выпiлi i ўсе ўсталi. Мой вiзыт да дзелавой Амэрыкi быў скончаны.
Увечары ў гатэлi я папытаўся ў Iгара Дзядкова: як тое разумець? Чаму савецкiя эканамiсты iгнаравалi сустрэчу? Iгар Аляксандравiч, якi лепей за мяне арыентаваўся ў вялiкай палiтыцы, толькi ўсьмiхнуўся: а што б яны там сказалi? Што яны наогул могуць сказаць амэрыканскiм капiталiстам? Ды й не па тое яны прыехалi…
Мабыць, i праўда — не па тое…
Разумны i сумленны Iгар Аляксандравiч! Тое была мая перадапошняя зь iм сустрэча. Апошняя адбылася праз трохi часу ў Маскве. Пасьля сэсii позна ўвечары мы паехалi зь iм да Лазара Лазарава. Трохi выпiлi там. Дзядкоў ужо жыў у Маскве, працаваў у нядаўнiм часопiсе «Коммунист», пераназваным на «Свободную мысль». На той час ён напiсаў i выдаў кнiгу пра маю творчасьць, шмат друкаваўся ў маскоўскiх лiтаратурных часопiсах.
Але настрой яго мне не спадабаўся — быў змрочны, упалы. Позна ўначы я адвёз яго на таксi да ягонай кватэры, мы коратка разьвiталiся i болей ужо не пабачылiся. Iгар Аляксандравiч неўзабаве памёр ад невылечнай хваробы… А тады быў прыём у ААН, мы спаткалiся зь Мiхаiлам Сяргеевiчам i Раiсай Максiмаўнай; за фуршэтам я трохi пагутарыў з Аляксандрам Мiкалаевiчам Якаўлевым. Папытаў ся, чаму ён сышоў з культуры, якой апекаваўся ў ЦК, i той адказаў проста: камунапатрыёты выжылi. Як пасьля стала вядома, тое было праўдай. Камунапатрыёты заўсёды i ўсiх перамагалi — нават членаў палiтбюро, — такую мелi сiлу. Уначы мяне пабудзiў Iгар Дзядкоў — усiх нашых з гатэлю клiкалi ў прадстаўнiцтва ААН, дзе мелася сустрэча зГарбачовым. Мы хутка апранулiся i пайшлi — прадстаўнiцтва было недалёка. Там перад варотамi ўжо зьбiралiся нашы, але ў будынак нiкога не пушчалi — чакалi, калi падвязуць «раму», патрэбную дзеля бясьпекi Гарбачова. Абсурднасьць той меры была вiдавочнай — ад каго забясьпечваць ягоную бясьпеку? Але менавiта так. I мы не маглi даўмецца, якая прычына змусiла Гарбачова паднiмаць сярод ночы ягоную дэлегацыю? Што здарылася? Тады паявiўся Шэварднадзэ i сказаў, што Гарбачоў перапыняе вiзыт, i мы вяртаемся. Але чаму, што здарылася? «А вы ня ведаеце, што здараецца дома, калi гаспадар у ад’езьдзе?» — сказаў шматвопытны журналiст-мiжнароднiк Валянцiн Зорын. Мы пахаладзелi. Я спалохаўся, як даўно ўжо не палохаўся — няўжо путч? «Няўжо яны адважылiся!» — цiха i разгублена гаварыў Дзядкоў.