Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Алексіевіч: Так, гэта вялікі выклік эўрапейскаму сьвету, эўрапейскім каштоўнасьцям. Пра гэта заўсёды кажа Мэркель. Зь іншага боку, Эўропа, асабліва Нямеччына, прымае такую вялікую колькасьць уцекачоў. Я сама бачыла як гэта адбываецца, як людзі гатовыя дапамагчы. Разам з тым аказваецца, што сярод тых, каго прынялі, выяўляюцца тэрарысты. Для звычайнай сьвядомасьці вельмі цяжка прыняць усё гэта. Эўропа будзе супраціўляцца, там вельмі моцны сьвет эўрапейскіх каштоўнасьцяў Але гэта выпрабаваньне, вядома.
Дашчынскі: А як гэта будзе ўплываць на Расею, ці будзе мяняцца палітыка Пуціна?
Алексіевіч: Палітыка Пуціна сёньня пабудавана на пазыцыі сілы. Сьвет не заўважыў, як Расея пераўзброілася, мае добрае войска, новую зброю. Мая апошняя кніга называецца «Час second-hand». Мы зноў вярнуліся да сьвету са зброяй. Зноў зброя ўсё вырашае. Я лічу, што трэба змагацца з ідэямі, а не забіваць людзей. Але сэканд-хэнд поўны — сьвет вярнуўся да мінуўшчыны. Я асьцерагаюся, што гэта будзе вайна ня ў звыклай форме, а ў форме адзінкавых партызанскіх вылазак. Але партызанства будзе распаўзацца па ўсім сьвеце. Нядаўна я ляцела з Парыжу, і нейкі халадок, ужо ўсяму не давяраеш. Побач сеў юнак арабскай зьнешнасьці, ува мне, даволі талерантнай беларусцы, зьявіўся недавер. Ён усьміхаецца, а ў мяне недавер. І я разумею, што мы ўсе нясем вось гэтыя страты. Хаця ў мяне вельмі многа сяброў сярод мусульманаў, вельмі адукаваных, цікавых людзей. Але калі пераможа барбарскі мусульманскі сьвет, то яны стануць першымі ахвярамі, яны гэта цудоўна разумеюць. То бок мы стаім перад новымі выклікамі.
Дашчынскі: А тое, што рабіла Расея ва Ўкраіне, анэксія Крыму, акупацыя Данбасу, ці можа гэта быць стымулам для такіх дзеяньняў, якія здарыліся ў Парыжы?
Алексіевіч: Там больш складана, бо Данбас — гэта бліцкрыг, які не атрымаўся. Як аказалася, гэта значна складаней. Ну разьвязалі грамадзянскую вайну, але сьвет выступіў супраць, і Ўкраіна гэта не прыняла. То бок тое, на што спадзяваліся, не адбылося. Таму і Сырыя ў тым ліку, гэта вырашаюцца нейкія вялікія геапалітычныя праблемы. Але я не палітык і я магу толькі здагадвацца і казаць, што мы сталі жыць у іншым сьвеце. і ўжо перасталі давяраць адно аднаму. Калі вас правяраюць ад і да, то я не разумею як на стадыён можна пранесьці аўтамат Калашнікава? Прычым стадыён недалёка ад таго месца, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Францыі. А ў той самы час, у мяне забіраюць крэм, тонік... То бок сьвет не гатовы супраціўляцца гэтай новай форме вайны. І калі яны там перабіралі мой чамадан, гэта дзіўна выглядала на фоне таго, што адбылося.
Дашчынскі: Як падзеі ў Парыжы будуць уплываць на Беларусь, на яе дачыненьні з Эўропай? Здаецца як заўсёды Лукашэнка выйграе ад такой сытуацыі.
Алексіевіч: Ён і цяпер выйграе. І тое, што Лукашэнка кажа, што рэформаў ня будзе, гэта тое, што кажа мой сусед у вёсцы Пятро Сільвестравіч. Ён кажа тое, што кажа народ, у Лукашэнкі вялікае чуцьцё. У выніку мы спазьняемся, хаця мы і так нацыя, якая спазьняецца. Усё больш страху — і Майдан, і Данбас, і Сырыя, і цяпер Парыж. Я думаю, гэтыя фактары згуртуюць людзей вакол прэзыдэнта. Тым больш ён дэманструе тып кіраўніка культу сілы, упэўненасьці такой, і, я думаю, ён далей гэта будзе дэманстраваць. І народ будзе аб’ядноўвацца менавіта вакол такіх лідэраў. Бо сёньня ня час Вацлава Гаўла, а час Пуціна, Лукашэнкі, час сілы. І гэта як мастак я ўспрымаю як паразу, але спадзяюся, што гэта часовае.
Дашчынскі: Ці можа Эўропа ісьці на нейкія саступкі такім, як Лукашэнка?
Алексіевіч: Я думаю, што ў Эўропе гэтыя саступкі маларэальныя. Там ня так лёгка ўраду зрабіць нейкі жорсткі крок. Тут Лукашэнка вырашыў, раніцай падпісаў указ — і ўсё. Там гэта ўсё грамадзтва абмяркоўвае вельмі доўга, розныя партыі, рухі, розныя лідэры. Я тры гады жыла ў Парыжы, я гэта ведаю. Ня так проста з пазыцыі сілы зрабіць нейкія рэчы. Вось Пуцін гэта можа зрабіць. У Эўропе гэта ня так лёгка. І потым людзі выхаваныя ў іншым духу. Я бязь сьлёз не магла глядзець, калі яны ідуць, твары ў крыві і сьпяваюць «Марсэльезу». Яны ж не крычаць нейкія словы нянавісьці. Яны кажуць не. Мы не здамося, мы не аддамо тое, што ў нас ёсьць. Менавіта нашы каштоўнасьці найперш.
Дашчынскі: А вам не хацелася б апісаць гэта ў новай кнізе?
Алексіевіч: Усё, што я хацела, я зрабіла за гэтыя амаль 40 гадоў. Гісторыя чырвонай утопіі — гэта была мая ідэя. А так я не журналіст. Тое, што вы мне прапануеце, — журналісцкі падыход да асьвятленьня падзей. Тое, што я зразумела пра дабро і зло менавіта на глебе расейскага бальшавізму, я гэта зрабіла.