Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Трэба сказаць, што ва ўласнай нашай гісторыі маштабу літаратурнага Нобэля адпавядае, бадай, толькі постаць Скарыны — першадрукара беларускай Бібліі, трэцяй такой у сьвеце (пасьля немцаў і чэхаў). Праз год зь невялікім нашай першай друкаванай кнізе споўніцца 500 гадоў. Але набліжэньня гэтай падзеі не адчуваецца. Як і набліжэньня нобэлеўскага трыюмфу Алексіевіч. Мала хто пра гэта чуў, ведае і ведаць хоча. Нацыя не заўважае сваіх посьпехаў у маштабе ўсяго чалавецтва і на ўсе вякі.
Вядома, можна сказаць, што нацыя толькі фармуецца (ці можа наадварот — расфармоўваецца), што русыфікацыя прывучыла беларусаў адчуваць сябе жыхарамі якога-небудзь правінцыйнага Таганрогу, што Лукашэнка — агент ФСБ і ўвогуле кіраўнік саўгаснага маштабу… Напэўна, праўда ў гэтым ёсьць. Але гэта ня праўда анталягічнага ўзроўню, а толькі праўда штодзённых газэт.
Жыцьцёвы досьвед дазваляе мне быць высокай думкі пра наш народ. І не ў прэзыдэнцкім сэнсе, што «народ харашо ражает і кушает», а якраз паводле мудрасьці, арыстакратызму душы і таленту. Урэшце фэрма ня можа ўзрасьціць генія чалавецтва. І ўся гэтая русыфікацыя і замбаваньне крымнашамі — рэчы наносныя і ў маштабах вечнасьці вокамгненныя. Усё мінецца, сутнасьць застанецца.
Дык вось пра сутнасьць. Беларусы не заўважаюць Скарыну, не заўважаюць Нобэля, але ж і Чарнобылю яны не заўважылі. Хваробы і сьмерці блізкіх заўважылі, вядома, хто сутыкнуўся. Але найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва — не.
І вось што падумалася. Для беларусаў Скарына, Чарнобыль і Нобэль — зьявы ня толькі аднаго касьмічнага маштабу, але і аднаго парадку. У гэтым шэрагу ёсьць яшчэ адна падзея — Вайна. Касьмічна стратная для народа Першая сусьветная, якая перайшла ў сувымерныя паводле стратаў сталінскія рэпрэсіі і завяршылася гэткай жа маштабнай Другой сусьветнай.
Гэта як глыбінная прышчэпка — у самую сарцавіну людзкога мэнталітэту — ад усяго касьмічнага, сусьветнага і глябальнага — добрага ці благога. Ай, лепш ня трэба — ні думаць пра гэта, ні ведаць, ні разумець. Сама істота на ўзроўні падсьвядомасьці адштурхоўваецца ад Нобэля, як ад Чарнобылю. Дайце спакою, не чапайце, не траўмуйце псыхіку. Хай сабе вялікае ўбачыцца на адлегласьці, але не цяпер, не пры нас. Занадта блізкае сонца спапяляе. Гэта далёка яно цёплае, ласкавае, усьміхаецца.
Савецкая траўма на беларускай мэнтальнасьці не загаілася. Усе гэтыя два дзясяткі гадоў яе вярэдзіць і вярэдзіць улада. Адсюль ідуць і ўнутраныя забароны думаць пра палітыку, пра родную мову ці заходнюю цывілізацыю.
Але час мацнейшы за ўладу, за траўму і за мэнтальнасьць.
Беларускія габрэі, каб не траўмаваць дзяцей, пачалі расказваць ім пра галакост толькі праз сорак гадоў пасьля вайны.
Некалі раскажуць і беларусы.
І пра Скарыну, і пра Чарнобыль, і пра літаратурнага Нобэля.
Пагатоў нікуды ад нас ужо ня дзенуцца ні першы, ні другі, ні трэці. Назаўжды.
5 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Менск-Стакгольм
Сьвятлана Алексіевіч вылецела зь Менску ў Стакгольм для атрыманьня Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.
Сьвятлана Алексіевіч прыбыла ў аэрапорт разам са сваёй пляменьніцай Натальляй, яе дачкой Янай і мужам Натальлі. Але яны толькі праводзілі ляўрэата. А ў Стакгольм разам з Алексіевіч ляцяць драматург Юлія Чарняўская і яе муж, заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер.
Сьвятлану сустрэлі на стойцы рэгістрацыі «Белавія». Яе правялі ў бізнэс-залю, дзе яна чакала пасадкі. Алексіевіч было вырашана падвезьці да трапа асобым транспартам — гэткі клопат з боку «Белавія».
Журналістам Сьвятлана сказала, што пачала зьбіраць валізкі ў дарогу толькі а другой гадзіне ночы. Выступаць з нобэлеўскай лекцыяй яна будзе не ў сукенцы, а ў касьцюме з штанамі:
«Я пішу пра даволі страшныя рэчы. І было б дзіўна, калі б я гаварыла ў вечаровай сукенцы і дэкальтэ пра Чарнобыль».
Алексіевіч адказала на пытаньні журналістаў. Адно зь іх тычылася таго, як яна рэагуе на тое, што беларускія тэлеканалы адмовіліся трансьляваць уручэньне ёй Нобэлеўскай прэміі. Пісьменьніца адказала, што для яе гэта было відавочна. Яна зьвязвае гэта з асабістым стаўленьнем да яе беларускага прэзыдэнта: