Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
На думцы Праханава і спыняцца не варта: Праханаў, як той казаў, ён і ў Афрыцы «Господин Гексоген»: усе мы ведаем, што ён можа сказаць. Тое і кажа.
Самы адораны з «почвенников», безумоўна, — Прылепін. Летась на «Вялікай кнізе» чытачы яго пакрыўдзілі, аддаўшы перавагу Алексіевіч. Журы вырашыла ўсё правільна, па-прылепінску (а ці магло быць інакш?), «але асадачак застаўся». Вось і піша цяпер: «Акадэмікі... выбралі самы недарэчны, самы ўбогі варыянт: даць прэмію добрай журналістцы, якая больш за ўсё слаўная сваімі нават для людзей яе перакананьняў надзіва банальнымі інтэрвію з прыпевам: „Расея ўсіх забіла, забіла, забіла, заўсёды ўсіх забівала і будзе забіваць, спыніце гэтае зло, гэтыя рабы, яны ніколі не перастануць быць рабамі, там Сталін і папы, і вы ведаеце, чым усё гэта сканчаецца, і асабліва я ведаю”...»
Прылепіну, якога ўздымаюць у жывыя клясыкі, відавочна здраджвае густ (дарэчы, і без таго найбольш уразьлівая грань ягоных здольнасьцяў). Вось чытаеш гэтае «слаўная сваімі нават для людзей яе перакананьняў надзіва...» — і дзіву даесься: няўжо гэта той самы, безумоўна, таленавіты чалавек, які калісьці напісаў «Санькю» — хоць гэта, як сказала пра Алексіевіч Уліцкая, «ня мой кандыдат». «На самой справе гэтая прэмія — Расеі, — усклікае Прылепін. — Яе незалежнасьці, яе ўплыву, яе месцу ў сьвеце. Дарэчы, хочаце прагноз? У бліжэйшы год прэмію дадуць чалавеку якога-небудзь трэцяга ці пятага полу».
У асобе Прылепіна — каторы ўжо раз — паўтараецца сумная гісторыя самародка, занадта вернападданага, каб аказацца золатам. Зрэшты, галоўны рэдактар улюбёнай некалі інтэлігенцыяй «Літаратуркі» Юры Палякоў бярэ круцей: на яго думку, Алексіевіч атрымала Нобэля, таму што Расея пачала бамбіць Сырыю. І няважна, што Алексіевіч ужо колькі гадоў была ў «шорт-лістах» прэміі і што канчатковае рашэньне Нобэлеўскага камітэту прымалася на пачатку верасьня, а першае бамбаваньне адбылося 30 верасьня.
У гэтым лягеры і Касандра мужчынскага полу Халмагораў, які лічыць, што прэмія — вынік «флірту» Лукашэнкі з Захадам. Мабыць, ён мяркуе, што Сьвятлана Алексіевіч — улюбёны аўтар прэзыдэнта нашай краіны...
І тут мы плаўна пераходзім да прэтэнзіі № 4, прамоўленай зноў жа вуснамі сп. Халмагорава: «незалежныя» расейскамоўныя аўтары вельмі любяць умешвацца ў палітыку краіны і народу, ад якога яны аднезалежыліся, — піша ён. — А трэба ў Беларусі ня так ужо і шмат. Пастаянная падтрымка той часткі інтэлігенцыі, якая арыентаваная на Расею і рускі сьвет. Пасьлядоўнае падтрыманьне ідэі еднасьці рускай зямлі і рускага праваслаўя ва ўсе эпохі. Ахова памяці пра рускіх герояў, якія баранілі беларускі народ ад палянізацыі — мітрапаліта Ёсіфа (Сямашку) (ганьба, што ён дагэтуль не кананізаваны РПЦ), Міхаіла Мураўёва, якому няма ніводнага помніка, гісторыка Міхаіла Каяловіча...». Паказальны падбор імёнаў, хоць, вядома, заходнерусіст Каяловіч менш адыёзны, чым «вешальнік» Мураўёў і мітрапаліт Ёсіф, якога яшчэ Герцэн называў «у Юдзе здраднік, кат, які заслужыў эўрапейскую вядомасьць» (артыкул «Секущее православие» ў лонданскім «Колоколе»). Гэта і ёсьць тое, што трэба беларусам? А што, калі яны ня згодныя зь Ягорам Халмагоравым? Але Халмагорава не хвалюе, што думаюць беларусы. Ён ужо абвясьціў нам сваю адзіна слушную праўду, і, мабыць, палічыў бы, што «торг тут не да месца».
Словам:
«У поэтов есть такой обычай —
В круг сойдясь, оплевывать друг друга» (с).
Гэтыя аўтары пішуць ад імя Расеі — і настолькі ўпэўнена, што можа скласьціся ўражаньне: усе расейцы лічаць так. Няпраўда. Ня ўсе.
Вось адказ расейскага палітычнага журналіста і пісьменьніка Алега Кашына: «Чалавек зь Беларускай ССР, Алексіевіч, якая піша на расейскай мове, належыць да таго адгалінаваньня савецкай расейскамоўнай культуры, якое і ў савецкія гады, калі яго прыкрываў статус саюзнай рэспублікі, існавала аўтаномна і магло сабе дазволіць больш, чым было прынята ў Маскве, прычым (і гэта ўнікальная беларуская рыса) ніякіх абавязковых вышыванак і іншых паказных этнічных аксэсуараў на гэтую культуру накладзена не было... ня менш важна тое, што Сьвятлана Алексіевіч ня мае наогул ніякага дачыненьня да цяперашняй Расейскай Фэдэрацыі. Яна ніколі ў ёй не жыла, яна вольная ад партыйных і групавых абавязаньняў і абмежаваньняў, накладзеных рознай сілы акалічнасьцямі на ўсіх іншых гульцоў на расейскім культурным полі... З Нобэлеўскай прэміяй Алексіевіч сёньня ж зможа прэтэндаваць на лідэрства ў альтэрнатыўным рускім сьвеце — у тым, дзе слова «людзі» пішацца зь вялікай літары, дзе няма каштоўнасьці вышэйшай, чым чалавечае жыцьцё, і дзе Эўропа — не садомскі запаведнік граху, а родны дом для кожнага чалавека расейскай культуры».