Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе

Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
1 ... 152 153 154 155 156 157 158 159 160 ... 189
Перейти на страницу:

Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валер Джыгун падзякаваў Сьвятлане і выказаў спадзяваньне, што, магчыма, аўтарытэт нобэлеўскай ляўрэаткі паспрыяе вызваленьню Надзеі Саўчанкі.

Сьвятлана Алексіевіч паабяцала, што пасьля ўрачыстасьцяў у Швэцыі і лячэньня ў Ізраілі абавязкова наведае Ўкраіну.

Жывой трансьляцыі нобэлеўскіх урачыстасьцяў на беларускіх дзяржаўных каналах ня будзе

3 сьнежня 2015

Іна Студзінская, Менск

З 6 па 12 cьнежня ў сталіцы Швэцыі Стакгольме пройдзе тыдзень нобэлеўскіх урачыстасьцяў.

Сярод шматлікіх імпрэзаў вялікую цікавасьць выклікаюць Нобэлеўская мэмарыяльная лекцыя, зь якой павінен выступіць кожны ляўрэат (выступ Сьвятланы Алексіевіч заплянаваны на вечар 7 сьнежня), а таксама сама ўрачыстая цырымонія 10 сьнежня, на якой кароль Швэцыі Карл ХVI Густаў уручыць ляўрэатам дыплёмы і мэдалі.

Ці будуць беларускія дзяржаўныя тэлеканалы весьці жывую трансьляцыю з гэтых мерапрыемстваў, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Cьвятлана Краскоўская-Смалонская, прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі, куды ўваходзяць і Першы тэлеканал — «Беларусь 1», культурніцкі тэлеканал «Беларусь 3», адмысловы канал «Культура», сказала:

— У сувязі з наяўнасьцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і юрыдычных пытаньняў і аспэктаў Белтэлерадыёкампанія не плянавала набыцьцё правоў на жывую трансьляцыю цырымоніі ўзнагароджаньня Нобэлеўскай прэміяй за 2015 год. Разам з тым, хачу адзначыць, і радыё-, і тэлеканалы мэдыяхолдынгу будуць шырока асьвятляць гэтую падзею.

— То бок гэта азначае, што карэспандэнты будуць на самой імпрэзе?

— Ну, магчыма.

— То бок яшчэ не дакладна?

— Я ж вам сказала, што мы плянуем шырока асьвятляць гэтую падзею інфармацыйна.

Прэс-сакратар каналу АНТ Юлія Дубоўская паведаміла Радыё Свабода, што жывой трансьляцыі са Стакгольму з цырымоніі ўзнагароджаньня нобэлеўскіх ляўрэатаў ня будзе — ніхто не прапаноўваў тэлекампаніі купіць правы на трансьляцыю, а самі не зьвярталіся. Але асьвятляць падзею інфармацыйна тэлеканал будзе. На пытаньне, ці паедуць у Стакгольм карэспандэнты АНТ, Юлія Дубоўская адказала, што з дакладнасьцю пакуль ня ведае. Але запэўніла, што прынамсі ў інфармацыйных выпусках сюжэты пра ўрачыстасьці ў Стакгольме абавязкова будуць.

Тэлеканал «Белсат», які вяшчае па-беларуску з Польшчы, накіроўвае сваіх карэспандэнтаў у Стакгольм, паведаміў Свабодзе кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў Аляксей Дзікавіцкі.

Што тычыцца жывой трансьляцыі Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч, спадар Дзікавіцкі паведаміў, што кіраўніцтва каналу робіць усё магчымае, каб гэта зрабіць, але канчатковы адказ будзе толькі 4 сьнежня.

Аляксей Дзікавіцкі патлумачыў, што «Белсат» зьвярнуўся ў EBU (Эўрапейскі вяшчальны саюз — European Broadcast Union). EBU будзе мець пэўныя трансьляцыі праз Швэдзкае тэлебачаньне. Беларускія тэлеканалы ўваходзяць у EBU, за што плацяць штомесячныя складкі, і могуць лёгка зьвярнуцца на Швэдзкае тэлебачаньне з просьбай аб трансьляцыі.

«Мы будзем рабіць трансьляцыю асноўных урачыстасьцяў 10 сьнежня, дзе таксама нельга здымаць, але робім гэта праз Швэдзкае тэлебачаньне. Мы будзем рабіць трансьляцыю і з прэсавай канфэрэнцыі 6 сьнежня, якую будзе даваць Алексіевіч — таксама праз EBU. Што тычыцца Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыі, мы яшчэ ня ведаем, ці швэды дамовіліся з Нобэлеўскім камітэтам, каб гэтую лекцыю трансьляваць. Чакаем пацьверджаньня, ці дадуць нам сыгнал Нобэлеўскай лекцыі, якая адбудзецца ў панядзелак. Калі ў пятніцу нам адкажуць, то мы будзем наўпрост яе трансьляваць».

Таварыства беларускай мовы зьвярнулася да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі зь лістом, у якім гаворыцца, што жывую трансьляцыю трэба правесьці, «улічваючы значнасьць для нашай краіны гэтай падзеі і шматлікія просьбы грамадзян Беларусі». Афіцыйнага адказу ад спадара Давыдзькі пакуль няма.

Вялікія думкі напярэдадні Нобэля

3 сьнежня 2015

Сяргей Дубавец, Менск

Вялікія, казаў Уладзімер Караткевіч, ня ў сэнсе «великие», а ў сэнсе «большие».

Аляксандар Лукашук калісьці назваў літаратурнага Нобэля для Беларусі Чарнобылем наадварот. Маштаб гэтай пазытыўнай падзеі для нацыі сувымерны з маштабам той нэгатыўнай.

Літаратурных набэлістаў называюць геніямі чалавецтва. Кожнае іх слова ўспрымаецца як ісьціна і прароцтва па ўсім сьвеце. Мы, вядома, можам гэта ўсё аспрэчваць, але нашы пікіроўкі адыдуць у нябыт разам з намі, з нашым зямным існаваньнем. Тады як літаратурны Нобэль для Беларусі — набытак, які не дэвальвуецца часам. Праз тры ці пятнаццаць пакаленьняў нашы нашчадкі будуць радасна распраўляць плечы пры слове «Алексіевіч». Праўда, і наступствы Чарнобылю праз тры ці пятнаццаць пакаленьняў, дзякуючы навуцы, стануць яўнымі і таму рэальна страшнымі.

1 ... 152 153 154 155 156 157 158 159 160 ... 189
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)