Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
«Гэта, мабыць, рэўнасьць. Ён у нас адзін. Мяне цешыць, што людзі на гэта рэагуюць. Яны мяне сустракаюць.
А што прэзыдэнт? Які страшны быў Сталін. І дзе ён? Дзе Брэжнеў? Дзіўна, што аўтарытарныя кіраўнікі гэтага не разумеюць».
Спадарыня Алексіевіч таксама сказала:
«У нас павінна быць культура. І гэта мусіць вырашаць улада, а не адзін чалавек. А ў нас улада — адзін чалавек. Таму ўсё залежыць ад яго, як у партызанскім атрадзе».
Нобэлеўская ляўрэатка сказала, што ніякіх афіцыйных віншаваньняў ад беларускай улады яна дагэтуль не атрымлівала. А прадстаўнікі беларускай амбасады ў Швэцыі не зьвярталіся да яе з нагоды нобэлеўскіх мерапрыемстваў.
У пісьменьніцы запыталіся, ці сустракалася яны калі-небудзь асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам. Яна адказала адмоўна і дадала, што цяпер ужо і ня варта сустракацца, калі мужчына так сябе паводзіць.
Было таксама пытаньне: што вы адкажаце тым, хто ўпэўнены — беларускі пісьменьнік павінен пісаць на беларускай мове. На гэта Алексіевіч адказала, што яна пісала пра ўтопію. А ўтопія не гаварыла па-беларуску. Утопія гаварыла па-расейску.
5 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм
«Кожны з нас вінаваты ў тым, што Лукашэнка ўжо 20 гадоў пры ўладзе», — у самалёце на шляху ў Стакгольм, дзе 10 сьнежня Сьвятлана Алексіевіч будзе ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй, пісьменьніца адказала на пытаньні Радыё Свабода.
Сьвятлана Алексіевіч прыляцела сёньня ў Стакгольм у бізнэс-клясе авіякампаніі Белавія. Супрацоўнікі аэрапорту суправадзілі Сьвятлану ў залю чаканьня бізнэс-клясы, а да борта даставілі яе на асобным аўтамабілі.
Капітан самалёта павіншаваў пісьменьніцу з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі. На фоне ігнараваньня перамогі афіцыйнымі ўладамі і адмовай тэлеканалаў трансьляваць цырымонію ўзнагароджаньня, такія ўчынкі выклікаюць зьдзіўленьне і павагу. У самалёце Сьвятлана атрымала запіску зь віншаваньнямі ад дзьвюх швэдак, якія ўжо 16 гадоў дапамагаюць беларускім рэгіёнам, што пацярпелі ад Чарнобылю. «Цяпер усе ў Швэцыі гавораць пра Беларусь», — кажуць гэтыя жанчыны.
Сьвятлана нікому не адмаўляе ў гутарцы, аднак кажа, што такая публічнасьць даецца ёй цяжка. Сама яна трымаецца вельмі бадзёра і рашуча, хоць раней і скардзілася на праблемы са здароўем. «А хто мяне з Лукашэнкам параўноўваў?» — найперш рэагуе Сьвятлана на маю просьбу адказаць на нашы пытаньні, згадваючы мой артыкул напісаны пры канцы 90-х. Я параўноўвала, але цяпер час іншых пытаньняў.
Дынько: Ваш цыкль пра «ўтопію» завершаны, але ці скончаная гісторыя «чырвонага чалавека»?
Алексіевіч: Гісторыя «чырвонага чалавека» яшчэ будзе доўгая і без крыві не абыдзецца. І ва Ўкраіне і ў нас. Я сваю працу скончыла. Усё, што я магла сказаць пра гэтага чалавека, я ўжо сказала. У мяне была свая ідэя, на гэтым матэрыяле можна было напісаць сотні кніг, сотні «салжаніцыных» маглі б працаваць. Я прайшла свой шлях.
Дынько: І хто ідзе яму на зьмену? Ці Вы бачыце ўжо новага чалавека, годнага дасьледаваньня?
Алексіевіч: Прыйдзе проста чалавек, як ва ўсім сьвеце. А калі гэта будзе — гэта вялікае пытаньне. Мы трапілі ў прамежкавы час. Адчуваньне, што гэта будзе доўга і цяжка. Што тычыцца Беларусі, то тут увогуле час спынены. Чалавек паставіў плаціну, грамадзтва ня рухаецца, а калі й разьвіваецца, то насуперак. Канечне, «эфэкт травы» ёсьць, нешта адбываецца і з моладзьдзю, і з грамадзтвам. Нешта робіцца, нешта будуецца, але ўсё гэта шалёна павольна. Злачынна павольна. А самае галоўнае, што зь людзьмі нічога не адбываецца, іх нібы закансэрвавалі. Ім не даюць свабоды, не даюць магчымасьцяў разьвівацца. Можаце ўявіць, калі б нашае грамадзтва прыйшло ў рух? Колькі ўсяго было б цікавага, як бы мы маглі рвануць. Гэтага не адбываецца 20 гадоў. А што такое сёньня згубіць 20 гадоў? Калі распаўся Саюз, у Беларусі былі такія шанцы! Цяпер гэтых шанцаў ужо няма.
Дынько: Вы казалі, што вы чалавек беларускага сьвету і расейскай культуры. А якія ў Вас дачыненьні зь беларускай культурай?
Алексіевіч: Мой бацька беларус, мой дзед беларус, мой прадзед вучыўся разам зь Якубам Коласам і быў сельскім настаўнікам, вельмі рана памёр. Я вырасла ў беларускай вёсцы. Вельмі люблю старых беларускіх жанчын, бо бачыла, якое ў іх было жыцьцё, як яны працуюць, як яны сьпяваюць. Слухала, як яны распавядаюць, краявіды — усё гэта літаральна на фізіялягічным узроўні ўсмактана. Дзяцінства — гэта, канечне, Украіна, я выхаваная ўкраінскай бабуляй. Але выхаваная я, канечне, расейскай культурай. Без Дастаўескага ці Чэхава я сябе не ўяўляю. Я адтуль.