Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе

Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
1 ... 149 150 151 152 153 154 155 156 157 ... 189
Перейти на страницу:

Падобнай думкі прытрымліваецца і Андрэй Архангельскі, які назваў творчасьць Алексіевіч «гуманістычным сыгналам сьвету»; і Дзьмітры Быкаў, які казаў пра яе «дзіўнае ўменьне адчуваць болевы нэрв эпохі і пранікаць у самыя цёмныя зоны змаўчаньня»; і Людміла Ўліцкая, якая «рада за расейскую літаратуру і за беларускую літаратуру»; і знакаміты булгакавазнаўца Марыэта Чудакова («У сваіх кнігах яна закранае тое, над чым усе мы думаем і ніяк ні да чога ня можам прыйсьці: што ж такое адбываецца, чаму людзі, зусім абыякавыя да відавочна жудасных рэчаў, якія адбываюцца, усё ўхваляюць?»). Гэта і Барыс Мінаеў, які называе Алексіевіч «жывым клясыкам» і лічыць ганебнай рэакцыю Прылепіна з Халмогоравым і да іх падобных. Так лічыць доктар філялёгіі Гасан Гусейнаў, які адзначае ўнікальнасьць беларускай самасьвядомасьці Алексіевіч, да таго ж перададзенай на інакшай расейскай мове, чым у Расеі. У ліку тых, хто радуецца Нобэлю-2015 — і пісьменьнік Павал Басінскі, які тлумачыць недасьведчаным, што жанр verbatim даўно ўжо прызнаны сьветам, і толькі на постсавецкай прасторы пра гэта ня ў курсе (у гэтым мы, як заўсёды, «паперадзе плянэты ўсёй»). І пісьменьнік Дзяніс Драгунскі, які настойвае на тым, што «“Бесаў” Дастаеўскага, напісаных пад уражаньнем ад нячаеўскага працэсу, таксама можна назваць дакумэнтальнай прозай». «Прэміі вартая добрая проза, — заключае ён. — А проза Алексіевіч — на мой погляд, проста выдатная».

Найбліжэйшы да разуменьня прозы Алексіевіч, на мой погляд, іншы Архангельскі — Аляксандар: «Сьвет Алексіевіч часта бывае ня вельмі прыемны: ён прыглушаны, яркія фарбы ў ім немагчымыя, але і чорна-белай графікі тут таксама няма. Калі ўжо шукаць нейкае параўнаньне з мастацтвам, то яе невясёлая проза нагадвае выцьвілыя фрэскі. Гэта было. Гэта ня скончылася. Гэтага няма. І праславуты дакумэнталізм, якім яе папракаюць у Расеі, — ня проста мэтад збору матэрыялу, але і адзіна магчымы стыль для выражэньня такога жаху — які вечна згасае. Ён... набліжае да гэтага бледнага і няшчаснага жыцьця, голасам якога стала шмат гадоў таму Алексіевіч. Яна несупынна прамаўляе катастрофу, і пакуль пісьменьніца не змаўкае, катастрофа нас ня зможа паглынуць. Праўда, і скончыцца — ня зможа...»

Так што, на шчасьце, існуе і іншы рускі сьвет — той, пра які кажа сама Алексіевіч: «Я люблю добры гуманітарны рускі сьвет, перад якім схіляецца ўвесь сьвет. Перад літаратурай, балетам, музыкай, — сказала яна. — Але не люблю сьвет Берыі, Сталіна, Пуціна».

І вось гэты першы сьвет не варожы ні беларускаму сьвету, ні заходняму. Давайце спадзявацца, што прыйдзе дзень, і ў спрэчцы двух «рускіх сьветаў» пераможа менавіта гэты. Хоць бы таму, што нашмат менш крычыць і значна больш робіць.

« Сёньня ня час Вацлава Гаўла, а час Пуціна, Лукашэнкі, час сілы»

16 лістапада 2015

Алесь Дашчынскі, Менск

14 лістапада ў Парыжы адбылася сэрыя тэрарыстычных актаў, у выніку якіх загінулі больш як 130 чалавек, сотні параненых. Адказнасьць узяла на сябе «Ісламская дзяржава». Нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч пракамэнтавала сытуацыю вакол тэрактаў у Парыжы.

Дашчынскі: Тэракты ў Парыжы скаланулі ўвесь сьвет. Як Вы ацэньваеце гэтыя падзеі? Чаму мішэньню стала менавіта Францыя?

Алексіевіч: Я думаю, што тое, што адбылося ў Парыжы — гэта толькі пачатак. Насамрэч «Ісламская дзяржава» абвясьціла ўсім вайну. І гэта ўжо было ў Расеі. Бо катастрофа над Сынаем — гэта тэракт. Эўропа, Расея, якая таксама ўступіла ў гэтую вайну, павінна быць гатова да выкліку, які зрабіў ісламскі сьвет. Нас чакаюць новыя страты, новыя катастрофы. Гэта зусім відавочна, паколькі эўрапейская кааліцыя аб’ядналася, Расея ўступіла. А яны там ужо бездапаможныя, таму яны будуць дзейнічаць партызанскімі, тэрарыстычнымі мэтадамі. А тут мы зусім бездапаможныя перад вар’яцтвам адзіночак. Сучаснае грамадзтва ўразьлівае перад адзіночкамі. І гэта будзе ланцуг адзіночак і сьмяротнікаў. Наогул, гэта новая форма вайны. І насамрэч сутыкнуліся дзьве цывілізацыі, два сусьветы.

Дашчынскі: Як гэтыя тэракты могуць паўплываць на сытуацыю ў сьвеце? Ці можа Эўропа адмовіцца ад дэмакратычных каштоўнасьцяў дзеля бясьпекі?

1 ... 149 150 151 152 153 154 155 156 157 ... 189
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)