Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
І сапраўды той рамантычнай рысай беларускага этнасу для Кастуся Каліноўскага з’явілася народная рэлігія, хрысціянства ў форме ўніі. І хоць большая частка беларускага вясковага насельніцтва ў другой палове ХІХ стагоддзя ужо не вызнавала веры “мужыкоў” – грэка-каталіцызму, ці ўніі, – Каліноўскі па-юнацку шчыра захапляецца гэтай таямнічай і, як ён лічыць, “беларускай верай”, а, значыць, і беларускай мовай. Адсюль, мусіць, і абразлівыя выказванні ў бок маскоўскага праваслаўя.
Узнікае заканамернае пытанне – наколькі можна лічыць правільным сцвярджэннем аб тым, што ўніяцкая вера для беларусаў ёсць нацыянальная вера? Ці было ўніяцтва лагічным вынікам эвалюцыі хрысціянства (яго праваслаўнай і каталіцкай плыняў) на беларускіх землях і ці стала яно з цягам часу новай рэлігіяй беларусаў, іх нацыянальнай верай? Так, для ўкраінцаў з Галіччыны ўнія сапраўды цяпер найбольш блізкая вера, і яна нясе шмат нацыянальных асаблівасцей. Для беларусаў жа гэта зусім не так, і меркаванне аб тым, што ўнія з’яўляецца нацыянальнай верай для беларусаў, з’яўляецца чарговым міфам гісторыі.
І той жа міф аб заваёве Беларусі этнічнымі літоўцамі (жмуддзю) і аб поўнай адсутнасці ў беларусаў дзяржаўнасці ствараўся на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя расейскімі гісторыкамі – Тацішчавым, Салаўёвым, Пашутай і іншымі, – ужо ў ХХ стагоддзі – савецкімі гісторыкамі (беларускімі, расейскімі і асабліва літоўскімі) і быў бліскуча разбіты і развенчаны Міколам Ермаловічам.
Міф аб уніі створаны галоўным чынам у каталіцкім асяроддзі. Прычым як польскіх навукоўцаў, так і беларускіх, і украінскіх.
Супрацьстаянне экспансіі РПЦ на Заходнія землі ў ХІХ стагоддзі прыняло ў выніку выгляд не зусім натуральны. Гэты супраціў у некаторых мясцінах набыло нават характар поўнага адмаўлення праваслаўя і прыняцце не ўласцівай ментальнасці беларусаў чужой веры – каталіцызму, у які часта пераходзілі і беларусы-уніяты. Вось чаму ў Беларусі і з’явілася вялікая колькасць палякаў, якія паступова ўтварыліся з беларусаў-католікаў.
Калі ж праваслаўе ХVІ стагоддзя лічыцца Залатой парой для беларускага народа, часам росквіту як нашае культуры, так і навукі, і рамёстваў, – то ўжо з наступнага стагоддзя (з прыходу ўніі) пачынаецца заняпад беларускай культуры. Менавіта пасля ўніі 1569 года і пачынаецца агульны крызіс у ВКЛ. З гэтых часоў пачынаецца польскі ўплыў ва ўсіх сферах жыцця. Кожны здадзены Праваслаўнай Царквой фарпост, кожны прыход ці царква, здадзеныя на карысць уніі, вялі да ўзмацнення пальшчызны ў беларускім асяродку. Ды і не магло яно быць інакш. Бо падпарадкаванне праваслаўных абшчынаў чужой уладзе папы рымскага дзейнічала толькі на карысць каталіцызму і ўзмацняла яго ўплыў на нашых землях. Такім чынам можна свярджаць, што ўнія з’яўлялася сапраўдным мастом да апалячвання беларусаў.
Спашлемся на В. Пакуцэвіча, які ў сваёй кнізе “Берасцейская ўнія” піша: “… з пачаткам ХІХ стагоддзя без аніякага прымусу афіцыйных маскоўскіх уладаў польская мова стала пануючай у Каталіцкай Царкве абодвух абрадаў” (г. зн. каталіцкай і ўніяцкай канфесій – аўт.). Але і не толькі мова казанняў мянялася, мяняўся таксама абрадавы бок службы. І калі ва Ўкраіне ўніяцтва захавала першапачатковыя ўсходнія асаблівасці, характэрныя для Праваслаўнай Царквы, то ў Беларусі яно эвалюцыянавала ў заходнім кірунку і амаль злілося з каталіцкім Касцёлам.
Звернемся да айца Сергія Гардуна, які слушна напісаў пра становішча з беларускай мовай у ВКЛ пад час росквіту ўніі: “Роўна праз сто гадоў пасля заключэння Брэсцкай уніі, у 1696-1697 гадах, беларуская мова была выкінутая з афіцыйнага ўжытку і заменена польскай. Вось вынік стогадовага панавання ўніі! Пропаведзі, справаводства, выкладанне ў царкоўных школах – усё гэта вялося ўніятамі па-польску. Беларуская мова перастала існаваць як мова літаратурная (Прат С. Гардун. “Брэсцкая ўнія”, стар. 28).
І – галоўнае. Як і а. Гардун, так і іншыя даследнікі адзначаюць такі непрыемны факт: за перыяд панавання ўніі (1596-1839) уніяты не пераклалі на беларускую мову ніводнага богаслужэбнага чыну і ніводнай кнігі. За гэты час не адбылося ніводнага богаслужэння на беларускай мове. Ці ж гэтым трэба ганарыцца прыхільнікам і паборнікам сучаснай уніі?