Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
А раннія паэтычныя помнікі восьмага стагоддзя “Кодзікі”! А анталогія “Ман”ёсю”, якую яшчэ называюць “Збор мірыяды пялёсткаў”!..
Я плыў, я ляцеў і быў у становішчы бязважкасці, і радаваўся такому незвычайнаму адчуванню, і ведаў, перакананы быў, што прыйшло маё новае нараджэнне, наступіў час майго перараджэння, – што я павінен, вымушаны нават, як некалі мой добры сябар вужык, скінуць з сябе непатрэбнае адзенне, сваю скуру і стаць ў нейкай новай сваёй якасці, у новым сваім “я”…
Ведаў, што гэта заўсёды балючы працэс, які пранізваў усё цела, – і тады я быў на мяжы паміж смерцю і жыццём, паміж небам і зямлёю, паміж агнём і вадою, спаміж Сатаной і Богам, паміж ноччу і днём, спаміж Каханнем і Нянавісцю… Так як яно было тады, калі я быў Антонам Клімовічам з Пецькам-Джо бацькавым лесе, калі быў у пякельным раі ў сховішчах сусветных скарбаў на Пакрову, калі лётаў са сваёй каханай, той, незямной, Янінай, на планету Ахутавана…
Мяне трызніла, мяне пранізвалі маланкі, я кідаўся, як у гарачцы з боку на бок, скрыгатаў зубамі ад невыноснага болю, крычаў, клікаў некага на дапамогу і не мог даклікацца, упіраўся нагамі ў зямны шар і абдымаў яго рукамі, учапіўшыся ў яго з усяе сілы, каб не згубіць, каб не адарвацца і не ўзляцець у блакіт неба і не згубіцца там у прасторы часу, у плойме зорак, мелодый надзеяў і спадзяванняў…
І ў гэты ж час да мяне прыходзілі святыя радкі з адзінай кнігі, і нехта чытаў мне іх на вуха, чытаў спакойна ціха-патаемна, на распеў, як некалі бабуля расказвала мне, хвораму, ці то казку, ці шаптала малітву:
“Калі кіпела сэрца маё, калі раздзіралася нутро маё, – тады я быў невук, і таму не разумеў: як быдла я быў перад табою.
Але я заўсёды быў перад Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку. Ты кіруеш мной парадай Тваёй, і пасля прымеш мяне ў славу. Хто мне на небе? і з табою нічога не хачу на зямлі. Зняможаная плоць мая і сэрца маё; Бог – цвярдыня сэрца майго і частка мая навек…”
І тады ж я, звязаны сваёй зямлёй і Богам яе, звяртаюся да Ўсявышняга: “Мы – беларусы, зрабіліся пасмешышчам у суседзяў нашых, зняважаннем і стыдобай у акаляючых нас.Дакуль, Госпадзе, будзеш гневацца бесперапынна, будзе палаць рэўнасць Твая, як агонь?!Пралі гнеў Твой на народы, якія не шануюць і не ведаюць Цябе, і на царствы, якія імя Тваё не заклікаюць…”
І пачуў Бог маю малітву, і згусціліся-згрувасціліся воблакі на светлым бязвоблачным небе. І бліснула зыркая маланка, і загрымелі магутныя грамы.
Тады ж, адразу, і паліў дождж, – на ўсё наваколле, на лугі і палі, на мяне, наэлектрызаванага так, што вось-вось з мяне гатовы быў успыхнуць пякельны агонь і ўзгарэцца зыркім свяцільнікам, каб і знаку пасля не засталося ад мяне, і парушынкі…
4.
Кроплі дажджу падалі на мяне і сычэлі як злыя гадзюкі.
Але я чамусьці застаўся жывы…
Значыць, Бог дараваў мне новае, не ведаю, якое і па ліку ўжо жыццё, натхніў і блаславіў на новыя ўчынкі, уклаў у мой розум новыя жаданні, у сэрца – новыя рытмы, у душу – полымя барацьбы і змагання, непакорнасці ўлады Сатаны і Цемры… І таму я дзякую Яму, значыць, я раблю тое, што трэба Яму, трэба Сусвету…
“Божа, Ты і ззаду, Ты – і спераду, і знізу, і – зверху; абдымаеш мяне, і кладзеш на мяне руку Сваю. Калі я іду, ці адпачываю, Ты ахутваеш мяне, і ўсе мае шляхі і думкі вядомы Табе. Яшчэ не нарадзілася слова на языку маім, а Ты яго ведаеш ужо, Ты, Госпадзе, ведаеш яго дасканала. Дзіўныя для мяне паводзіны Твае, – высока не магу спасцігнуць іх!..”
Дзякую, Божа, дзякую, дзякую…І не стамлюся ніколі дзякаваць Табе, і ўслаўляць імя Тваё!
На мяне тут жа абрынуўся цёплы і ласкавы, спакойны і пяшчотны, дождж.
Ён паліў спорна і густа. А я падстаўляў яму твар свой, губамі кроплі лавіў, глытаў і тушыў агонь, што гарэў ува мне, у сэрцы і душы, у сасудах, дзе амаль што не закіпала кроў і кіпнем гатова была разбегчыся-расцячыся па венах і артэрыях…
Я, як малы, радаваўся дажджу і прыпяваў сам сабе:
Дожджык, дожджык, сыпані,
бабу з поля прагані!..
Я вымак увесь да рубчыка, да апошняй ніткі, і не адчуваў таго. Як з пякельнай парылкі нырнуў у басейн з халоднай і чыстай вадой, радаваўся асалодзе астывання, асалодзе вяртання ў натуральнае становішча, адчуваючы адначасова: арганізм мой ачысціўся ад рознай поскудзі, ад рознай брыдоты, што загнаў ці загналі ў розныя гады…
Радаваўся, што ў мяне, пяцідзесяцігадовага чалавека дзіцячы арганізм, які не зведаў яшчэ ні атрутнага паветра, што забрудзілі вярхоўнікі, дабіваючыся перамогі камунізму, запаскудзілі свінячым і чалавечым гаўном чыстыя азёры, рэкі і моры; радаваўся, што магу пражыць яшчэ не адну сотню гадоў у тым жа брудзе, што сам сабе падрыхтаваў чалавек…