Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Пакідаў я Засожжа ўжо зусім іншым чалавекам – памаладзелым, абноўленым, памяркоўным. У маёй душы не было ні злосці, ні крыўды, ні зайздрасці, ні саманадзейнасці…Нават ногі не адчувалі зямлі. Дык гэта мо пра такіх і сказана: “Ён зямлі пад нагамі не чуе”? Можа і так… Я ж як усё роўна ляцеў, кружыў над зямлёю, – і дзіўным мне самому было маё становішча: і не чалавек, але ж і не птушка, і без крылаў, а не на зямлі.
Кожным разам са мною рабілася такое, калі я перараджаўся, набываў новае жыццё. І кожным разам не магу прывыкнуць да самога сябе, усё яшчэ не веру, што такое можа быць… А потым праходзілі і дні, і тыдні, і месяцы, – і я ўваходзіў у сваю звычайную і зразумелую каляіну, набываў рысы і паводзіны, уласцівыя ўсім людзям, што акружалі мяне, з якімі я меў кожны дзень стасункі…
Але ў якім вымярэнні я ні быў бы, кім бы не прызначаўся працаваць і зарабляць сабе на хлеб, якога ні быў бы ўзросту, – заўсёды заставаўся пры сваім прозвішчы – Антон Клімовіч. Таму і ламалі галаву служкі тайнай паліцыі пад час царызму, пасля – энкэвусаўцы, кэдэбісты… У трыццатых гадах мне было пад семдзесят, і мяне пасадзілі за краты – за нацыяналістычную дзейнасць. А я знікаў невядома куды, хаця і знаходзіўся пад узмоцненым наглядам. Потым заводзілі зноў на мяне справу – за нацдэмаўшчыну. І было мне сорак пяць з паловай гадоў. Зноў сядзеў у турме, і зноў знікаў адтуль, не пакідаючы пасля сябе ніякіх слядоў, чым нямала выклікаў здзіўлення ў ахоўнікаў…
А ў шасцідзесятых мне стукнула роўна сто, калі кэдэбэ завяло на мяне чарговую папку. На допытах шчыра дзівіліся, калі на розных папках былі розныя фатаграфіі.
Следчы, у чорных акулярах, як усё роўна інвалід па зроку, дапытваўся:
– Это вы?
– Я.
– А вот здесь?
– Таксама я.
– А вот на этом фото? Вы?
– Таксама я, хіба ж не бачыце?
Следчы ўскіпеў, ускочыў з табурэткі, забегаў па пакоі, закрычаў, размахваючы рукамі:
– Ты мне Ваньку здесь не валяй, умник, а то припаяю лет двадцать пять, тогда узнаешь!..
– Паяй, ты на гэта спец…
– А ты мне не тыкай, не тыкай, – распаляўся ўсё больш і больш следчы, уваходзіў у сваю ролю вяршыцеля людскіх лёсаў. – Свиней я с тобой не пас…
– А мо і пасьвіў, толькі ты не памятаеш…
Міцька Звераў, так звалі кэдэбіста, спыніўся каля дзвярэй, павярнуўся да мяне і застыў, як укапаны – яго як быццам спалярушавала.
– Ты… ты… – задыхаўся ён у сваёй нянявісці да мяне, – ты еще пожалеешь, что так говорил со мной! Сгною в никелевых рудниках! На вечную каторгу выпишу билет!
– Злыя людзі і хлусы будуць жыраваць у зле, уводзячы ў зман і падманваючы самога сябе… А я буду ў тым, чаму навучаны, і што мне даверана, ведаючы, кім я навучаны; пры тым я з дзяцінства ведаю Святое Пісанне, якое мне і паможа выратавацца вераю ў Іісуса Хрыста…
Міцька глядзеў на мяне як на прыдурка. Яму нават і шкода стала мяне, і ён, хмыкнуўшы, пакруціў пальцам ля скроні:
– Псих, ну что с тебя возьмешь… Но и психам также на всю катушку – и без всякого сожаления. Всё! Черненко! Забери этого придурка отсюда… Он молитвы начинает читать – верующего корчит из себя…
“Вунь яно што, – апамятаўся я, – думаў, што пра сябе чытаў словы з Святога Пісання, а аказваецца, што уголас…”
Мяне вывелі з кабінета следчага. Адвялі ў камеру. Мерыліся ранічкай зноў правесці допыты, але ўжо з прымяненнем метадаў катавання.
А ноччу я збег. Прайшоў паўз Зміцера, які стаяў на калідоры і курыў. Хістаўся – быў п’яны: выпіў дзве малянкоўскія шклянкі гарэлкі ці спірту…
Хто ж я цяпер, які выгляд маю? І колькі сёння мне гадоў?А мо я сёння юнак, падлетак?На лесвічнай пляцоўцы сусед падазрона паглядзеў на мяне, калі я ўстрыкаў ключ, не ўтрымаўся, спытаў:
– Вы да Клімовіча?
– Не, Іван Трфімавіч, я да сябе. Хіба ж не пазналі?
Ён вырачыў вочы – голас мой, адзенне маё, і аблічча, мусібыць, прыйшлося яму не да спадобы. Ветэран крутануўся на адной назе, як на страявым пляцы праходзіў стаявую падрыхтоўку, вымавіў дужа незадаволена:
– Понимаешь, театры тут устраивают… Мало им, националистам, над ветеранами издеваться, так они ещё и маски одевают. Не иначе, как грабежами занимаются…
– У тваю кватэру не палезу, калі буду рабаваць, – засмяяўся я, бо ў мяне не было ўжо ўчарашняй злосці на былога танкіста: што ж зробіш, калі чалавек хворы, невылечна хворы – у ім яшчэ і сёння сядзіць бацыла савеціка-дураваціка, і таму ніякія лякарствы, ніякія санаторыі, у якіх ён штогод ездзіць, не вылечаць: гарбатага толькі магіла выправіць…
Калі ж я, пераступіўшы парог кватэры, зірнуў на сябе ў люстэрка, што вісела ў калідоры, то, здаецца, ніякіх зменаў не заўважыў. Чаму ж тады не пазнаў мяне ветэран?