Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Калі ж я выключыў святло і мельгам зіркануў зноў у люстэрка, то твар падаўся мне нейкім чорным – і быў я падобны на негра. Уключыў зноў – твар як твар. Выключыў – Патрыс Лумумба…
“Тады зразумела, чаму сусед казаў пра нейкую маску…”
6.
У кватэры мне стала нуднавата: пачало прыгнятаць адзіноцтва. Мне падалося, што і столь апусцілася ніжэй – пачаў чапляцца за яе галавой, і сцены сціснулі плошчу кватэры – ад чаго зрабілася цесна і душна.
І кватэра падалася мне нейкай чужой, нават не кватэрай, а той камерай, у якую стараліся ўсё жыццё загнаць мяне зневажальнікі.
Падалося нават, што не рамы на вокнах, а рашоткі, якія мяне і ўтрымліваюць па нечыім загадзе ў гэтай камеры-карцэры…
І дужа сумна стала без Мухіко, без яе гудзення, замаркоціўся па нашых размовах, па спрэчках… Пачынаў прывыкаць збольшага да адзіноцтва, калі пакінула мяне Яніна, звыкацца да свайго лёсу, навучыўся гатаваць сам сабе, мыць бялізну, займацца бытавымі клопатамі – адным словам, рознай драбязой, з-за чаго і нараджалася ў галаве меней дурных думак пра сваё адзіноцтва.
Мне яно, маё адзіноцтва, нават пачынала і падабацца.
А тут зноў абавязак – прывязаўся да жывой істоты…
На другім канцы горада, у мікрараёне “Фестывальны” ( так і па сёння не ведаю, чаму яго так ахрысцілі чыноўнікі ад улады) чакае мяне – днём і ноччу – Таццяна. Хто такая? Бібліятэкаркай працуе. Аднойчы запрасіла па телефоне загадчыца бібліятэкі мяне на прэзентацыю маёй кнігі “Кунега кахання”. Думаю, што усё ж ініцыятаркай гэтай імпрэзы і была Таццяна, толькі падгаварыла сваю начальніцу пазваніць мне.
І было тое роўна праз год пасля таго, як з”ехала мая Яніна ў невядомым кірунку – дзень у дзень – дваццаць пятага верасня. Я чамусьці і абрадаваўся, што паклікалі мяне, бо быў такі настрой ў той дзень, што хацелася напіцца, каб прыглушыць ці зусім забыцца на тое, што здарылася…
Я прыехаў у намечаны час – нават за паўгадзіны раней.
І чытаў свае вершы пра каханне, чытаў свае прытчы аб мроях, а неяк так само сабой атрымалася, што чытаў свае радкі адной той, якая сядзела каля акна пад пальмай-вазонам і неадрыўна глядзела на мяне, пранізвала цёплым позіркам, падтрымлівала мяне, падахвочвала чытаць і чытаць…
І была яна падобна як дзве кроплі вады… на Яніну.
Напачатку нават перапалохаўся, убачыўшы яе ўпершыню, – вочы, прычоска, нават і голас яскрава нагадвалі мне пра жонку.
– Таццяна Раманкова, – назвалася яна, і ў яе вачах люстравалася нявыказнае каханне і пяшчота, незапатрабаваная душэўная дабрыня. Ад яе зыходзіла жаноцкая жаданасць, цнатлівасць. Магутнай была ў яе ўнутраная энергія, якая прыцягвала да сябе, лашчыла мройным туманам, самаахвярнасцю, гатовая была падзяліцца ёю.
Усміхалася, і ў куточках вуснаў хавалася прыцягальная сіла, незвычайны магнетызм, а ў позірку было ці то пасміханне, ці радасць сустрэчы, ці таямнічасць яе сэрца…
Як мяне зваць, яна ведала. І не толькі ад таго, як называла мяне загадчыца. Але этыкет патрабаваў, каб я прамовіў і сваё імя.
– Антон. Антон Клімовіч.
Мы селі за стол у асобным пакойчыку.
– Таццяна, а на колькі разлічана наша сустрэча? Якога часу прытрымлівацца мне, каб не стаміць слухачоў?
– Колькі? – ускінула яна броўкі, выгнула іх дужкай. – А мы і не планавалі, на колькі. Разлічвайце самі. Мусіць жа не першы раз выступаеце?
– Добра, тады, як звычайны ўрок у школе. А там як падкажа сітуацыя.
Таццяна ў знак падтрымкі хітанула галавой.
Прыйшлі вучні двух класаў з суседняй школы – дзесяцікласнікі. У іх быў урок па беларускай літаратуры і настаўніца рашыла яго правесці такім чынам. Я пастараўся не чытаць ім лекцыю ці даклад, а больш падахвочваў да пытанняў, каб наладзіць дыялог, а не маналог… Калі ж адчуў, што аўра цікавасці набыла найбольшую напружанасць і вось-вось пачне спадаць, я апярэдзіў той перыяд, і таму прамовіў апошняе пытанне – як на разітанне:
– Ці будуць яшчэ пытанні ў шаноўных слухачоў?
Зразумела, што пытанняў больш не было.
Аказваецца, яны ў кнігарні набылі маю кнігу, і цяпер хацелі, каб я падпісаў іх. Што я і зрабіў з вялікай ахвотай.
І яшчэ колькі хвілінаў доўжылася размова. Былі і пытанні, але ўжо прыватнага характару, нават інтымныя. Бялявае дзяўчо, Верка Шах, прасіла даць параду – кінуў яе хлопец, не хоча больш сустракацца. Мне ж хацелася сказаць: “А мяне жонка, дык што ж нам, бедным, цяпер рабіць?” Але сказаў банальнае – каб слухала сваё сэрца, каб была заўсёды вышэй абставінаў, бо ў жыцці часта прыдзецца рабіць нейкі выбар, адступаць, ісці наперад; што трэба ўмець перажываць свае інтымныя непаладкі, але не лічыць іх вялікімі трагедыямі… Не ведаю, зразумела яна мяне ці не, але, усміхнуўшыся, пакінула мяне самай апошняй…