Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Альпініст? — спытаў ён, ужо амаль што суняўшы хваляваньне. А таксама каб не маўчаць, бо ад маўчаньня проста рабілася страшна.
— Я — кілер! Хіба не ўцяміў? — жорстка вымавіў госьць, не скрануўшыся з табурэта.
— Ну я разумею — кілер, — вінавата сказаў Чарняк.
— А наогул — дэсантнік.
Чарняк змаўчаў, ён ня мог сьцяміць, як размаўляць з гэтым злыднем. Ды і наогул ці трэба з ім размаўляць. Але і маўчаць рабілася нязносна. Здаецца, заклапочаны няўдачай або чымсьці і яшчэ, кілер усё даставаў свой куртаты тэлефон. I дарма. Тэлефон на тым канцы сувязі не адказваў, і кілер каторы раз мацерна вылаяўся.
— Падонкі…
Пасьля ён дастаў з маленькай кішэнькі паперку.
— Кватэра 138 — так?
— Так.
— Чашкоў Іван Сямёнавіч?
— Ды не, вы ж бачылі. Чарняк я.
— А Чашкоў дзе? — падумаўшы, спытаў кілер. Чарняк няўцямна цепнуў плячыма — хто ведае. У грудзях у яго адразу пасьцюдзянела — ня дай Бог зразумее, ці як дазнаецца, што Чашкоў побач. Але ўсё роўна ён зрабіў выгляд, што ня ведае ніякага Чашкова, першы раз чуе гэтае прозьвішча.
Госьць хутка апаражніў піўную бутэльку і кінуў яе пад стол. I тады ў Чарняка ўспыхнула думка, што межавала з надзеяй. Аж спалохаўшыся ад свайго намеру, ён, аднак, сказаў:
— Можа, гэта самае — трохі гарэлкі? Га?
Кілер зьнерухомеў на момант, бы прыслухоўваючыся да чагось, і раптам згодна кіўнуў:
— Давай!
Няпэўнымі рухамі яшчэ дрыготкіх рук Чарняк выняў з халадзільніка пачатую бутэльку «Крышталю», кавалак каўбасы і плаўлены фінскі сырок. Хлеба ў яго не было, у хлебніцы знайшоўся толькі чэрствы кавалак батона. За чаркамі хацеў выскачыць у суседні пакой, але кілер тут жа выцяг убок нагу — стоп! Ён сам наліў сабе ў кубак ад кавы, пасьля наліў гаспадару. Яны суладна паднялі кубкі. Мусіць, з тае нагоды трэба б нешта сказаць, які тост, але не сказалі нічога і моўчкі выпілі. Чарняк з тае хвіліны пачаў адчуваць сябе трохі сьмялей, хаця разумеў, што з кілерам належыць абыходзіцца ветліва, не гнявіць яго. Лепш, канешне, задобрыць, тады, можа, яшчэ і пашэнціць выкруціцца з гэтай бяды.
— А што вам гэты Чашкоў? Ці правініўся ў чым? — далікатна пацікавіўся ён. Кілер варухнуў тугімі плячыма.
— Мне адкуль знаць?
— Але ж вы…
— Далі заданьне — іспалняю. Маё дзела цялячае.
— Во як! — зьдзівіўся Чарняк. — Бы ў войску?
— Іменна, як у войску…
— Мабыць, служылі?
— Ды ўжо ж.
— А я не служыў, — прызнаўся Чарняк. — Не давялося.
— Адкупіўся?
— Ды не, знаеце. У абаронцы працаваў…
— Ах, у абаронцы…
— Таксама ня мёд, знаеце. Фінансаваньне, праўда, было. Але матзабесьпячэньне…
Кілер па той бок стала ня надта, аднак, рэагаваў на спробу гаспадара пачаць з ім размову. Засяроджана рухаючы шырокімі сківіцамі, ён даядаў каўбасу — мабыць, быў згаладнелы. Чарняк назіраў за ім і думаў: Божа, каго ён нагадвае? Нібы знаёмы твар, дзе ён мог яго бачыць? А можа, які артыст — чорт ведае. Але надта знаёмая морда.
— А давайце яшчэ патроху, — асьмялеўшы, прапанаваў Чарняк. — Я вам яешню зраблю. Га?
— Зрабі, — проста пагадзіўся кілер.
Запаліўшы газавую гарэлку на пліце, Чарняк паставіў на яе патэльню. Пакуль тая грэлася, сам напружана думаў: што ж рабіць? Як ратавацца? Саскочыць на падворак нельга — усё ж сёмы паверх, унізе асфальт. Крычаць — мабыць, прыстрэліць. I нічога здатнага пад рукамі. На стале ляжаў тупы сталовы нож з цешчынага сервіза, такім толькі намазваць масла на хлеб, А ў таго напагатове ягоны жахлівы «Магнум». Так разважаючы, Чарняк разьбіў на патэльню тры яйкі, падумаў: яшчэ ці, можа, хопіць? Як ззаду пачулася:
— Бі яшчэ. Калі не шкада?
— Не, чаму шкада? Калі ласка. Яйкі ёсьць.
— Вот іменна. Мабыць жа, ня кожны дзень кілера частуеш?
— Ня кожны, праўда, — адчуўшы гумар, пагадзіўся Чарняк. — А ваша імя як, калі не сакрэт?
— Сакрэт, — сказаў кілер. — Імя маё табе ня трэба.
— Ну што ж. Сакрэт дык сакрэт…
— А наогул, ты чым займаешся? — папытаўся кілер.
— Я? Ды так, трохі бізнэсам, — сумеўшыся, адказаў Чарняк, ня ведаючы, аднак, наколькі з ім можна быць шчырым.
— I як? Удала?
— Ведаеце, ня надта. Можна сказаць — няўдала. Кілер без асаблівай цікавасьці абвёў позіркам ягоную ня вельмі шыкоўную кухню з старамодным буфетам і запэцканай газавай плітой у куце.