Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Да ліку гэтых людзей належаў і аўтар гэтых радкоў.
У нечым — дарэмна. А ў нечым — і небеспадстаўна.
Калі знаёмісься, год за годам, з выказваньнямі Сьвятланы Алексіевіч на Радыё Свабода — у інтэрвію, камэнтарах, дыскусіях, — пераконваесься, што ніколі — ні ў дзевяностыя, ні ў нулявыя — пісьменьніца Беларусі не выракалася. У адным з апошніх сваіх інтэрвію Генадзь Бураўкін, які добра ведаў Алексіевіч, наўпрост заявіў, што «яна ніколі не была ворагам беларускай мовы. Іншая справа, што мне было б намнога прыемней, калі б яна карысталася беларускай мовай у сваёй творчасьці — цікавай і таленавітай. Але гэта вельмі тонкія рэчы. Прыкладам, Алесь Адамовіч бліскуча гаварыў па-беларуску, па-беларуску пісаў і свае літаратуразнаўчыя працы. А вось прозу сваю пісаў па-расейску. І калі я пытаўся ў яго, у чым справа, ён адказваў: «Ня ведаю. Вось саджуся за пісьмовы стол, і каб выказацца, мне патрэбна расейская мова». Магчыма, нешта падобнае і ў Сьвятланы».
Вось і адказ на пытаньне пра мову твораў.
Што да тэматыкі, дык маюць рацыю тыя, хто заўважае: у апошняй кнізе Алексіевіч цяжка знайсьці некага, хто ня быў бы расчараваны пераменамі, якія адбыліся пасьля распаду СССР і крушэньня камуністычнай сыстэмы. Хаця бясспрэчна, былі і ёсьць людзі, якія інакш успрынялі тыя часы. А ў Беларусі (як і ва Ўкраіне) былі і ёсьць тыя, хто ня лічыць тыя гады страчанымі найперш таму, што ўдалося дасягнуць незалежнасьці сваіх краінаў. Вось такіх споведзяў — няма ў творах Алексіевіч. Але гэта — безумоўнае і неад’емнае права пісьменьніка, вольнага выбіраць і тэмы, і герояў, і танальнасьць. Сапраўды, дзіўна было б папракаць Дастаеўскага ці Быкава ў тым, што адзін бачыў толькі «цёмныя» бакі Пецярбургу а другі — толькі бруд і кроў вайны. Важна, што атрымалася ў выніку. А вынік такі, што швэдзкія акадэмікі прызналі тэксты Алексіевіч вартымі найвышэйшай літаратурнай узнагароды — той самай, якой былі адзначаны Бунін, Хэмінгуэй, Пастэрнак, Маркес...
Але вось выказваньні палітычнай, грамадзянскай пазыцыі, публічныя ацэнкі — гэта зусім іншае, тут ужо ёсьць права патрабаваць ад таго, хто гэтую пазыцыю агучвае, аб’ектыўнасьці і, як мінімум, адпаведнасьці фактам.
Проста сумна было чытаць некаторыя выказваньні Сьвятланы Алексіевіч на адрас нацыянальнага руху канца 80-х — пачатку 90-х і яго лідэраў, апагеем непрыманьня якіх назаву параўнаньне з Гамсахурдзія (дзе былы грузінскі прэзыдэнт — дыктатар і падбухторшчык грамадзянскай вайны). Ніводнага доказу, ніводнага факту на карысьць такой ацэнкі пісьменьніца не прыводзіць. Даволі часта яе выказваньні вынікалі з простага няведаньня: напрыклад, яна бачыла памылку БНФ у тым, што той, нібыта, імкнуўся спачатку пабудаваць нацыянальную дзяржаву, і толькі потым — дэмакратычную. Сёньняшняя моладзь, вакол якой штучна ўтвораны інфармацыйны гістарычны вакуўм, можа і ня ведаць, што той самы БНФ якраз дэмакратычныя рэформы вылучаў на першае месца, дамагаючыся і роспуску камуністычнага Вярхоўнага Савету, і прыняцьця Канстытуцыі, якая б гарантавала дэмакратычны шлях разьвіцьця дзяржавы. Так, гаварылася і пра беларускую мову — пра выкананьне Закону, прынятага яшчэ Вярхоўным Саветам БССР, у якім ніводнага «фронтаўца» не было. Моладзь можа гэтага ня ведаць (і ў большасьці — ня ведае), але той, хто хоць мінімальна сачыў за палітычнымі падзеямі — мусіў бы ведаць.
І гэтыя «белыя плямы» ды спрэчныя высновы — побач з філязофскімі, вобразнымі ацэнкамі прыроды чалавека, надзвычай глыбокімі назіраньнямі за трансфармацыяй грамадзтва ў нашыя сапраўды няпростыя, драматычныя часы.
Мне хочацца (магчыма, наіўна) гэткім чынам патлумачыць гэтыя «белыя плямы»: Сьвятлана Алексіевіч не ўключала тэлевізар, ня слухала радыё, не чытала газэт, магчыма, увогуле адсутнічала ў Беларусі ў нейкія лёсавызначальныя моманты 90-ых — апытвала людзей, працавала над сваімі творамі.
Над кнігамі, якія, акрамя ўсяго іншага, узьнесьлі яе на такі п’едэстал, на якім ніхто зь беларусаў яшчэ ня быў. І зь якога яна можа пра Беларусь гэтак гучна сказаць — як ніколі яшчэ не гучала.
Зрэшты, якім бы ціхім голасам, хоць бы і шэптам, ні прамаўляла цяпер Сьвятлана Алексіевіч — кожнае ейнае слова будзе шматкроць узмацняцца.
Гэтую вагу свайго слова пісьменьніца цудоўна ўсьведамляе — тое было бачна на першай прэсавай канфэрэнцыі ў «Нашай Ніве» (усе адразу адзначылі, што Алексіевіч сама выбрала сьціплы пакойчык незалежнай беларускай газэты, хаця ў той дзень магла б разьлічваць на якое заўгодна памяшканьне ў сталіцы).