Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
“Ты любіш мроі, жывеш летуценнікам, – вось і дамроіўся, – тлумачыць мне маю незразумеласць і здзіўленне Мухіко. – Такая твая планета. Так што сам сабе і павінен падпарадкоўвацца. Не мне, а сабе. Таму бяры, дружа мой дарагі, далькажык. Узяў? Вельмі добра. Набірай цяпер нумар Саямы. А далей ведаеш, пра што гаварыць…”
Я ледзьве адшукаў яго: схаваў на антрэсолі перад уваходам на кухню – засунуў у правы вугал, загарнуўшы яго ў рознае рыззё і прычындалы: каб не кінулася ў вочы рабаўніку-зладзею, калі залезе выпадкова ў кватэру – хаця што ў мяне было рабаваць, – амаль голыя сцены. Ды шафа, крэслы, ложак, паліца з кнігамі…
Паклаў далькажычак на стол. Разгарнуў, як блакноцік.
На яго адразу ж села Мухіко, задрыгала неспакойна нагамі, крыло аб крыло пацерла, задрыжэла ад задавальнення.
“Ну, давай, не марудзь, – прыспешвала нецярпліва муха, – такія справы трэба рашаць хутка, не раздумваючы…”
Панаціскаў на патрэбныя кнопачкі з лічбамі, чакаў. Праз секунд колькі на табло высвеціўся матавы экран і з ідэальнай выразнасю я ўбачыў буйным планам твар Саямы.
– Прывітанне, Саяма сан! Гэта Антон. Пазнаў?
– Здароў быў, Антон сан! Пазнаў. Чаго так доўга не званіў. Я сам набіраў цябе, ды ты нешта не адказваў.
– З сабой не нашу твой падаруначак, баюся згубіць. А вось цяпер надарылася нагода пагаварыць.
– Якая нагода? Што трэба, Антон сан, гавары?
– Памятаеш, ты мне абяцаў-гаварыў, што можаш камара ці муху падкаваць?
– Помню. І што? Спатрэбілася падкаваць камара?
– Не камара, а муху. І не падкаваць, а… Нас ніхто не можа падслухаць?
На другім канцы нешта піснула, і Саяма супакоіў мяне:
– Цяпер – не. Закадзіраваў лінію. Што ж за пільная патрэба, спадар Антон?
– Трэба аснасціць сучаснай звышсакрэтнай апаратурай муху, з якой мы пасябравалі. Ужывіць у яе вочы відэакамеру з мікрафонам.
– Яна сама таго хоча?
Я паглядзеў на Мухіко.
“Жадаю! Сама жадаю! – яна ўзляцела і зрабіла над галавой колькі кругоў. – Гавары хутчэй, не марудзь!”
– Так. Яна пацвердзіла. Яна і сама пра тое скажа. Але ці магчыма такое, Саяма сан?
– Скажу шчыра – справа не вельмі складаная. Калі не простая. Думаю, што мы зробім усё неабходнае. Разумею, што гэта будзе не забава, а неабходная рэч для агульнай справы… Так што выпісвай камандзіровачку. Як яе завуць хоць?
– Мухіко! Мухіко сан.
– Харошае і прыгожае імя. Я буду чакаць яе у такійскім аэрапорце праз тры дні. Бачыць яна мяне на экране?
“Бачу, бачу! – усклікнула муха, сядаючы мне ўжо на плячо (пасмялела ці рашыла зрабіць мне прыемнае?). – Пазнаю яго сярод мільёнаў людзей. Тым больш, што ў яго кепка з пяром дзівоснай птушкі, якая ніколі не есць мух.
– Яна запомніла цябе, Саяма сан! Чакай! І – дзякую!
Мы перакінуліся яшчэ некалькімі словамі, падзяліліся навінамі, пажадалі адзін аднаму поспехаў.
– Праз дні чатыры мы выйдзем на сувязь. Сігнал ты пачуеш, і будзеш бачыць тое, што будзе бачыць Мухіко…
– Буду чакаць ад цябе вестак.
– Бывай, дружа! Поспехаў!
– Да пабачэння!
3.
Чамусьці, сам не ведаю, чаму, але з’явілася неадольнае жаданне пазваніць ёй, Яніне.Пасля кароткага вагання набраў патрэбны нумар.Спачатку пачуўся вясёлы смех, потым, праз нейкі час, яна прыставіла слухаўку да вуха:
– Слухаю вас! Але! Не маўчыце, слухаю…
Я не мог ёй сказаць ніводнага слова. Бо ўсе яны здаваліся недарэчнымі і няўклюднымі. Галоўнае, што я пачуў яе голас – некалькі слоў. Націснуў тут жа чырвоную кнопачку.
“Навошта ты гэта робіш?! – дакараў ужо самога сябе. – Яна ж ад цябе далёка-далёка, за тысячы кіламетраў, і не да цябе цяпер ёй, мо і выкінула цябе са сваёй памяці і сэрца, а ты вярэдзіш ёй раны…”
Нехта другі, больш стрыманы і строгі ў сваіх пачуццях, лупцаваў мяне, дакараў, папракаў, абзываў рознымі словамі і выразамі, каб засаромеўся я свайго ўчынку і не дзяцінеў, не ўпадабляўся таму неразумнаму дзіцёнку, што шкадуе аб страце сваёй любімай цацкі…
Мне і сапраўды стала сорамна і прыкра за самога сябе. Ну навошта, сапраўды, трывожыць яе, навошта назаляць, напамінаць пра сябе? Адно хіба радавала, што яна не падумае, не здагадаецца, што званіў я. Бо нікому ж у свеце яна не давала свой нумар. Бо ніводнага разу не званіла мне па звычайным тэлефоне, нумар якога яна ведала, памятала...