Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Мы разышліся як у моры караблі, каб праз дзень-два зноў сутыкнуцца-сустрэцца на лесвічнай пляцоўцы, і выслухаць зноў яго параносвы…
Божа, на сваёй роднай зямлі адчуваць сябе абражаным і цярпець выпады ад недавумкаў, цярпець здзек ад чужынцаў? Чаму на стыку двух стагоддзяў і тысячагоддзяў нельга знайсці на іх кару? Чаму ў іх, у людзей суседняй дзяржавы, такія імперскія замашкі, заваёўніцкія інтарэсы і прэтэнзіі? Мы іх пусцілі за стол, а яны з нагамі на покуць. Рассяліліся па нашай зямлі, і яшчэ хочуць стаптаць нашыя душы сваімі бруднымі ботамі. Не прашу нават пакарання, а прашу, каб усяліў Бог у іх расхрыстаныя бязбожныя душы і сэрцы разуменне і розум, наўчыў не лезці ў чужую царкву са сваімі крывавымі мячамі… Чаму і да сённяшняга часу знаходзяцца паслядоўнікі Пётры Першага, які нарабіў гвалту ў Полацкай Сафійцы, пасекшы з Меншыкавым уніяцкіх святароў?
Высака ў небе рэактыўны самалёт (якой дзяржавы?) прачырыў на небе белую доўгую паласу.
Сонца яшчэ па-летняму было цёплае і ласкавае. Хто хадзіў у тэнісках і кашулях ці сукенках, хто ў касцюмах. Ішоў сваёй сцяжынай – тратуарам да будынка абласнога ўпраўлення адукацыі, а з галавы не выходзіў раскормлены твар адстаўніка-суседа Меншыкава. Як злы лёс – у самадзержца быў памочнік Меншыкаў, і тут, у мяне, за сцяной… Адкуль у яго душы столькі атруты?
Начальнік упраўлення Барыс Яфімавіч, калабок, шчокі блішчаць, вочкі бегаюць, не спыняюцца ні на чым, расказвае мне як наіўнаму пачаткоўцу ў журналістыцы:
– Волнует областное управление эта тема… Но белорусские школы не сокращаются, а наоборот, увеличиваются. Уже на сегодня в области восемьдесят процентов белорусских национальных школ…
Ці я дурны ці глухі, ці Барыс Яфімавіч так навучыўся хлусіць ад свайго кіраўніка Лажава і Галвера, самага галоўнага хлуса, ці можа я не туды прыйшоў, куды мерыўся, але мне зрабілася прыкра ад яго слоў. Іван Меньшыкаў хоць у адкрытую мне гаворыць, што я ніхто ў сваёй краіне, а
галоўны адукацыйнік вобласці лічыць мяне за дурня і ўсміхаецца яшчэ пры гэтым, несучы несусветнае глупства… Генацыд ідзе, знішчэнне, а ён мне пра “восемдзесят працэнтаў”…
Якая ж можа далей гамонка? Адкрытая пагарда. І што мы, аматары таварыства беларускай мовы, можам супрацьпаставіць такім чыноўнікам? То напачатку вясны, як быў у парламенце Зянон Пазьняк, як вёў рэй Станіслаў Шушкевіч, як кіраваў рэспубліканскім таварыствам беларускай мовы Ніл Гілевіч, то тады неяк прыслухоўваліся, усе стараліся пераходзіць на родную мову і радасць была ва ўсіх, што сваё роднае вяртаем…
А потым як які нячысцік падножку паставіў.
Як галёкнуў антыбеларус на ўсе брыгады, так і пачалі цурацца свайго, як ад роднай матулі ацураліся адначасова, зноў пачалі “чёкаць” і “рёкаць”, але не ва ўсіх тое выходзіла правільна, як і ў таго, хто ніяк не можа і па сёння вымавіць правільна, як ні стараецца, а ўсё роўна атрымліваецца “жэншчыны”…
І зноў родная мова стала папялушкай, на задворках ёй чыноўнікі месца вызначылі, хаця быццам бы і па вялікім законе яе ўраўняць павінны з суседняй, нялюбай. Як бы не так! Пятлю на шыю накінулі, задушыць саўсім ужо хочуць…
Яшчэ схадзіў у бібліятэку, глянуў у чытальнай зале апошнія газеты, але тых, што былі мне па душы, бібліятэка не выпісвала – не быў дадзены дазвол і грошы. І прыкмеціў, адчуў па сваім настроі і ўнутраным трывожным адчуванні, што як толькі я сышоў з дому, мяне пастаянна прыгнятала нейкае незразумелае прадчуванне, а пад грудзі шылася пачуццё трывогі. Не мог вызначыць толькі, адкуль бралася тая трывога. Успомніў, што даў абяцанне Мухіко прыйсці дадому а першай гадзіне дня. Быў яшчэ толькі поўдзень. Калі яшчэ завітаць па дарозе ва ўнівермаг і купіць чорнага чарніла для маёй кітайскай аўтаручкі, – то акурат у намечаны час я і з’яўлюся дадому, пераступлю парог кватэры…
Вярнуўся а трынаццатай. Калі ж адчыніў дзверы, то пачуў пранізлівы і тонкі крык:
“Антон, ратуй! Я блізка ад смерці. Ратуй!…”
“Дзе ты, Мухіко?! – устрывожыўся я, не ведаючы, у якую бяду яна трапіла. – Дзе?”
“На кухні, над газавай плітой, у кутку. Павук-жырыновец мяне…”
Кумельгам кінуўся на кухню. У кутку, у нябачнай павуціне (адкуль яна і ўзялася, я ж зусім нядаўна вычысціў усе куткі і закуткі – не люблю, калі павучынне ў хаце), чорны павук ашчаперыў лапамі маю кватарантку, вострым хобатам імкнуўся пранізаць бакавіну…