Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
“Ра… Ант.. “ – ужо не магла гаварыць муха, вочы заплюшчыла, здавалася ў палон крывапійцу.
Каб не задушыць абодвух, я прыцэліўся і пстрычкай збіў павука з мухі. Ён адляцеў да другой сценкі, ударыўся аб яе, упаў на падлогу…Мухіко была ледзьве жывая, амаль не дыхала. Я ўзяў пусты карабок з-пад сярнічак і паклаў яе туды.. А карабок аднёс і паклаў на плафон люстры – пад самую столь.
“Жывая?”
“Здаецца, жывая… Каб ты спазніўся на колькі секунд, то... Дзякую табе. У другі раз мяне ратуеш…”
“А калі першы?”
“Калі ўпусціў у фортку…”
“А-ааа…”
“Капні мне кроплю вады… абмыю раны. А чаму ты павука не забіў? – спахапілася яна, як спалохалася, як баялася, што зноў да яе чапіцца пачне. – Ён жа забойца…”
“Думаю, што яму больш ужо не захочацца ганяцца за табою. Але людзі павукоў не забіваюць – не прынята такое рабіць… “
“Гэта яго падгаварылі іншыя мухі. Зайздросцяць мне ў нечым… “Запанела”, гавораць, з чалавекам пасябравала, вылучыцца быццам хачу… Што яшчэ сказалі, – што я мару быць прэзідэнтам і вылучу сваю кандыдатуру. Ну і нацкавалі на мяне павука. Я і не падазравала нічога, там і павучыння не было, я ўсю кватэру абследавала, а ён спадцішка накінуў на мяне сваю сетку… І папалася, дурная. Яшчэ раз дзякую за вызваленне. А таму цяпер я перад табой у неаплатным даўгу. Рабі са мной што хочаш…”
Я засмяяўся ўголас, усеўшыся на канапу:
– А што я з табою магу зрабіць? Я і так зрабіў шмат – прыручыў цябе, наўчыў размаўляць, далучыў да грамадскай і палітычнай дзейнасці.
“Гэтага мала… Я хачу быць карыснай агульнай справе. А хочаш, я стану для цябе тваім другім вокам і вухам, сведкам тых падзей, якія ніхто не можа бачыць?”
“Як гэта?”
“А так… Бачу, ты мяне вельмі недаацэньваеш. Гэта нічога, што я папалася павуку… Ды я і не папалася, гэта чыстай вады дыверсія. Запланаванае забойства. Але я больш не пападуся ніколі. І ў гэтым дапаможаш мне ты.”
“Я? Якім чынам?”
“Ты, і толькі ты. І не толькі ты, дарэчы. А яшчэ і Саяма сан. Той, пра якога ты мне расказваў.”
Я не разумеў. Пры чым тут мой японскі сябар? І калі я расказваў ёй пра сваю эміграцыю, пра “Чорную пантэру”? Чытала мае ўспаміны, калі я спаў ці думаў пра той час? Як, якім метадам яна дамаглася дабрацца да маіх думак? Якім дарам яна валодае? Пытанні адныя нараджалі другія, а адказаў на іх я не знаходзіў…
“У цябе ёсць далькажык, што ён падараваў? – дапытвалася далей у мяне муха. – Маленькі такі – з карабок запалак.”
“Ёсць. Я ім амаль не карыстаюся. Не было вялікай патрэбы.”
“Цяпер ёсць патрэба і нагода. Пільная нагода. Пазвані яму, скажы, што яго хоча праведаць адна госця – тэбээмаўка і бэнээфаўка. Скажы, што мяне ён павінен узброіць мікравідэакамерай з мікрафонам. Усё гэтае начынне ён павінен умацаваць на мне. На мае вочы. Я потым буду шныраць усюды, дзе неабходна будзе нашаму руху.”
– Хочаш стаць шпіёнкай? – не вытрымліваю і пачынаю гаварыць уголас. “Антон сан! Гавары са мною ласкава і пяшчотна. Я якая ні ёсць, а ўсё ж паненка…”
– Выбачай, занесла, – апамятаўся, адчуўшы сваю віну перад ёю. – Я забыўся спытаць, а адкуль ты родам – цікава мне ведаць…
“Хіба ж я не казала? З Мухаўца я, што на Берасцейшчыне. Выбачаю табе. Дык як ты глядзіш на маю прапанову, Антон? Праўда будзе здорава, га?”
А я ўсё адно не цяміў. Якой камерай яе неабходна забяспечыць? Што, яна фільмы здымаць будзе, відэакліпы? І як завезці яе туды, у далёкую Японію? На чым?
“А ні на чым. І замежны пашпарт мне не трэба, як табе. Толькі каб паскорыць справу і час – ты мяне павінен завезці на аўтобусную станцыю, адкуль ідзе аўтобус у аэрапорт”.
– І – што?
“Як што? – дзівілася з маёй недасведчанасці Мухіко. – Я сяду ў аўтобус. Ён завязе мяне ў аэрапорт. Там я перасаджваюся ў самалёт. Добра будзе, калі гомельскіх дзяцей з чарнобыльскай зоны павязуць у Варшаву, то я тады прамым рэйсам дабяруся да Токіо. А так трэба ляцець праз Маскву, чаго мне вельмі не хочацца. А там я дарогу да Саямы знайду, абы ён даў згоду на нашую аперацыю…”
– Ці то мне сніцца, ці не сніцца, ці так і ёсць і сапраўды – злучыла нас з табой крыніца, злучыла нас на ўсе гады, – прадэкламаваў я ўголас свой жа, некалі даўно напісаны, верш да Яніны.
– Не сніцца, усё адбываецца на яве…
2.
Я ўсё думаў і не пераставаў думаць, што жыву ў нейкай чароўнай казцы, і што ў ёй выконваю нейкую, хаця і сам не ведаю якую, ролю. Які чараўнік наладзіў такі цуд, укінуў мяне ў іншае вымярэнне, у віртуальны свет, надзяліў мяне і маіх суразмоўнікаў незвычайным дарам? Але прыйшлося змірыцца і з іншай высновай і пераканаўчым вынікам – ды ніякага цуду і казкі няма, я жыву ў рэальным свеце, проста на маіх вачах ажывала жывая рэальнасць дзівоснага і чароўнага свету, да якога я цяпер маю самае непасрэднае і актыўнае дачыненне…