На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Да гадоў ваеннага і пасляваеннага дзяцінства звяртаецца І. Пташнікаў у апавяданнях «Алені», «Алёша», «Бежанка», якія неабходна разглядаць як зыходныя для разумення ідэйных і эстэтычных імкненняў аўтара на другім этапе творчасці. Пачаўся новы адлік па шкале каштоўнасцей. У вобразах Алёшы, Ірынкі чытач раптам убачыў фактычна першыя ў пташнікаўскай творчасці сапраўды запамінальныя станоўчыя характары. Героіка і прыгажосць няхай невялікіх, але подзвігаў раскрываецца на такіх вобразах. Гэта маленькі Алёшка, які ўвесь засяроджаны на думках аб блізкіх, аб галоднай і хворай маці, аб бацьку, якому так хочацца пачытаць на фронце пісьмы з дому. Гэта 12-гадовая Ірынка з апавядання «Алені», якая цягнецца да нечага высокага, светлага, рамантычнага, у ёй жыве прага любві, імкненне да абароны прыгожых і бездапаможных істот. І ў душы героя апавядання «Бежанка» таксама тоіцца першае, яшчэ сарамлівае, пачуццё любві. У гэтых лепшых пташнікаўскіх апавяданнях духоўнасць герояў, чысціня, прыгажосць іх успрыняцця жыцця, нягледзячы на яго цяжкасці, супрацьпастаўлены жорсткасці, цынізму, смерці. І калі ў першым зборніку «Зерне падае не на камень» пераважала эмацыянальная атмасфера паэтычных адносін да жыцця самога аўтара, то ў вышэйназваных творах пісьменніку ўдалося, «хаваючыся» самому, стварыць такую хвалюючую мелодыю, якая найбольш адпавядала іменна дзіцячым рамантычна-ўзнёслым адносінам да свету.
Стыль у многім вызначаецца «вобразам апавядальніка», ці, інакш кажучы, пазіцыяй і характарам асобы, ад імя якой ідзе гаворка. Гэта па сутнасці тое, што многія пісьменнікі і даследчыкі літаратуры называюць асноўным тонам твора. Тон па-мастацку замацоўвае манеру літаратара гаварыць, успрымаць свет, урэшце склад розуму і пачуццяў пісьменніка. Асноўны тон твораў І. Пташнікава ў цэлым аб'ектыўны, а аўтарскае «я» настолькі аб'ёмнае, што ўмяшчае, ў сабе і погляд, «голас народа», які чуцён у мастацкім тэксце.
У апошнія гады ў беларускай прозе намеціўся ў многім новы тып адносін мастацтва да рэчаіснасці: не толькі сацыяльна-псіхалагічны разрэз жыцця, а і філасофска-лірычнае яго асваенне. У поўнай меры гэтая тэндэнцыя прасочваецца ў творчасці І. Пташнікава, І. Чыгрынава, М. Стральцова, але праяўляецца яна ў кожнага з пісьменнікаў у своеасаблівай, спецыфічнай аўтарскай манеры.
Схільнасць да філасафічнасці выявілася ў І. Пташнікава не адразу. Творчае развіццё самога пісьменніка, агульныя тэндэнцыі часу прывялі да неабходнасці ўдакладнення і глыбейшай дыферэнцыяцыі вясковых характараў на розных гістарычных этапах развіцця сацыялістычнага грамадства. Пошук характараў, якія ўвасобілі б этычны ідэал пісьменніка, пошук дабраты, прыгажосці, сумлення, нязломнасці перад выпрабаваннямі, працавітасці, знітаванасці з прыродай і іншых чалавечых, нацыянальных, сацыяльных каштоўнасцей, вынесеных пасля самай жорсткай вайны ў гісторыі, пачаўся ў апавяданнях «Алёша» і «Алені», якія з'явіліся падыходам да аповесці «Лонва» з яе гуманістычнымі, сцвярджальнымі інтанацыямі.
У сапраўднага пісьменніка кожны элемент мастацкай формы нясе адпаведную сэнсавую нагрузку, з'яўляецца нібы «ячэйкай» мастацкай думкі. Не цяжка заўважыць, што амаль усе назвы твораў І. Пташнікава — гэта ўласныя імёны, часцей за ўсё тапанімічныя назвы: «Чакай у далёкіх Грынях», «Лонва», «Тартак», «Мсціжы», «Найдорф». К. Чорны ў ваенных сваіх творах таксама называў многа імёнаў людзей, геаграфічных назваў, сцвярджаючы гэтым любімае, тое, што ганьбілася акупантамі. Прывязанасць І. Пташнікава да сваёй «малой Радзімы» таксама сведчыць пра яго жаданне ўзвысіць свой народ, пра яго грамадзянскую адказнасць перад землякамі. Паказваючы іх і свой куток Беларусі, Пташнікаў у канкрэтным выяўляе агульначалавечае, важнае для ўсіх людзей. У. І. Ленін пісаў: «Багацей за ўсё самае канкрэтнае і самае суб'ектыўнае. Індывідуальнае заключае ў сабе як бы ў зародышы бясконцасць». Вось гэта сваё вельмі канкрэтнае і суб'ектыўнае Пташнікаў паказвае аб'ектыўна, і для чытача геаграфія яго твораў раскрываецца паступова, але вельмі натуральна. Акрамя таго, невядомая чытачу тапаніміка можа нешта сказаць нават сваім фанетычным гучаннем: «Тартак» і «Найдорф» успрымаюцца як выбух, «Мсціжы» — нібы запрашэнне да роздуму, «Лонва» выклікае пачуццё пяшчоты, мяккасці, замілавання.
У аповесці «Лонва» пануе настрой святла, ціхай радасці, якая апанавала і прыроду, і людзей пасля страшных ваенных выпрабаванняў. Усё стамілася ад жорсткасці, ад агню, ад смерці. І ўсё ж нельга забыць мінулае, усё вакол — напамінак пра нядаўнюю вайну, якая трагічным водгуллем увесь час гучыць у аповесці. І асабліва страшная, недарэчная смерць Юркі пасля ўсяго таго хараства, што адкрылася яго душы.