На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Дэталізацыя ў І. Пташнікава — выяўленне яго пісьменніцкага светабачання. Вобраз у яго шматпланавы, у ім адчуваецца завершанасць, ідэйная ёмкасць і адначасова маляўнічасць.
Юрка Даліна, Завішнюк, вёска Лонва і зямля, якая тлее яшчэ ў сумна-радасным 1946 годзе,— галоўныя героі аповесці.
Філасафічнасць твора вымагала сімвалічнасці многіх вобразаў.
У паэтыцы Я. Коласа «прыродныя» вобразы набліжаюцца да вобразаў, так сказаць, «чалавечых» і нават узвышаюцца да алегорыі («Казкі жыцця», алегарычныя ўстаўныя навелы ў паэмах). Пікавую думку наконт гэтага выказаў мастацтвазнаўца В. Альфонсаў: «Прырода яшчэ да чалавека ўжо несла ў сабе чалавека, і ў гэтым сэнсе ён «вечны» ў мінулай сваёй гісторыі». А калі так глядзець на прыроду, любіць і разумець яе — лягчэй будзе і разумець чалавека, быць бліжэй да яго.
У сваіх вобразах-сімвалах Пташнікаў імкнецца дасягнуць коласаўскай алегарычнасці, але ў Коласа сімвал мае большае філасофскае напаўненне. І. Пташнікаў жа паглыбляецца ў асацыятыўнасць адчуванняў. Сэнс кожнага сімвалу глыбокі, шматзначны, але, бывае, нялёгка «выходзіць» за ўласныя межы. Кожны сімвал, выпісаны сам па сабе канкрэтна і дэталёва, выклікае падсвядомае перажыванне, якое разумова асэнсоўваецца не адразу, але ў рэшце рэшт выяўляе часта значна большае, чым здаецца ў пачатку, часам адну з ідэй твора, напрыклад, вобраз сасны ў «Лонве», якая, здавалася, «і расла толькі дзеля таго, каб залечваць усё жыццё раны». Параненая сасна плача жыватворнай жывіцай і — прадаўжае жыць. Таксама, як і народ, што вынес неверагодныя пакуты і выстаяў, таксама, як і старая Грасыльда, якую вайна пазбавіла асабістага шчасця і якая тым не менш з адданасцю дапамагае людзям. Дарэчы, у «Рускім лесе» Л. Ляонава таксама ёсць вобраз сасны, які ўзвышаецца да сімвалу. Са стогнам, на вачах у кампазітара П. І. Чайкоўскага, гіне сасна ў «Аповесці аб лясах» К. Паўстоўскага. Паэтычны вобраз сасны праходзіць і праз раманы І. Навуменкі.
У І. Пташнікава, як ужо адзначалася, сімвалічнымі становяцца і назвы, прычым яны па-рознаму абыгрываюцца ў творах: «Ад лесу відаць была добра ўся Лонва — стаяла на шырокіх і цвёрдых тут грудзях зямлі; здавалася, яе ніхто не можа зрушыць з пагор'я і сапхнуць да ракі, дзе ніжэй, дзе лог і балота; здавалася, яна прырасла тут навек да зямлі, і зямля без яе — не зямля, і лес без яе — не лес...» Адзін з галоўных персанажаў аповесці Завішнюк часта і падоўгу думаў, што значыць Лонва: «Калі ён доўга думаў, яму тады здавалася, што Лонва — гэта ранішняя зара на ўсходзе; што гэта — прастор з яго лясамі і рэкамі, з яго нагор'ямі і балотамі; што гэта — сонца на захадзе, калі барвовае ў вячэрняй летняй і асенняй цішыні ўсё неба, а далёка, як даступна вачам,— сінеча... Густая, што дым...»
Шэраг разлічана расстаўленых вонкавых падрабязнасцей, якія набываюць усё большае сімвалічнае значэнне, набліжаючыся да кульмінацыі аповесці, перадаюць увесь жах, недарэчнасць Юркавай смерці.
Эскіз дзесяты (аповесць падзяляецца не на раздзелы, а на эскізы) поўнасцю прысвечаны Юрку. Пачынаецца ён радасна, лёгка. Юрка ўвесь час думае пра Жэню, пра Завішнюка. Па сутнасці, некалькімі штрыхамі пісьменнік перадае ўсё Юркава жыццё, яго ўнутраны свет, надзеі, імкненні, мары. Пісьменнік прасочвае кожны Юркаў крок па балоце, па імшары і дакладна паказвае, што яму трапляецца па дарозе, што выклікае яго думкі і ўспаміны.
Разважанні Юркі часам па-дзіцячы наіўныя, часам засмучоныя. Бывае, прарываюцца ў яго цяжкія, змрочныя ўспаміны пра вайну, хоць, здавалася б, у дзяцінстве ўсё забываецца лёгка, але толькі не тое, што перажыў Юрка. «На хвіліну якую Юрка ўспомніў, як яго схапілі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Тады таксама было цёпла, а яго хапілі дрыжыкі. Ён яшчэ дрыжаў і ў хляве на сене — у тую ноч, як была вечарынка ў Палёхі, калі яму сасніўся паліцай, што страляў яго на загуменні». Пасля змрочных успамінаў Юрку цягне паглядзець на сонца, якое ён вельмі любіў, і яму адразу станавілася хораша: «...Падумаў яшчэ, што яго чамусьці вунь як цягне паглядзець на сонца. Зірнуў на сонца — і цягне цяпер. Сонца такое — да сябе ўсё цягне...»