На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Не будзе новай думка, што гады дзяцінства не толькі фарміруюць талент і характар асобы, але і вельмі значна ўплываюць на светапогляд, на грамадзянскую пазіцыю чалавека. Творы І. Пташнікава, як і творы яго калег-пісьменнікаў І. Чыгрынава, В. Адамчыка, Б. Сачанкі, М. Стральцова і іншых,— гэта мастацкая гісторыя аднаго пакалення, якраз таго, што перанесла вайну ў дзяцінстве. Праўда, кожны з гэтых пісьменнікаў па-рознаму апавядае пра сваё далёкае маленства: адзін у форме эпічнага рамана, другі — лірычнай аповесці, трэці —драматычнай балады ў прозе. Але для ўсіх гэтых пісьменнікаў становіцца характэрным глыбокае адчуванне сувязі часоў, якое ідзе ад немагчымасці забыць мінулае, тыповым для іх з'яўляецца і імкненне раскрыць асновы духоўнага жыцця свайго народа, глыбінныя вытокі яго перамогі. Адсюль пільная ўвага да маральна-этычных праблем, да такіх якасцей чалавечай натуры, як шчырасць, адкрытасць душы, сардэчнасць, усяго таго, што асабліва востра ў цяжкую гадзіну адчуваецца менавіта дзецьмі.
Іменна ў творах аб ваенным часе ярка праявіліся своеасаблівыя таленты І. Чыгрынава, Б. Сачанкі, І. Пташнікава, М. Стральцова. У іх аповесцях і раманах назіраецца вельмі арганічнае зліццё аб'ектыўнай карціны вайны і напружаных духоўных драм, трагічнасці перажыванняў людзей. Аб'ядноўвае гэтых празаікаў агульны пафас творчасці — імкненне паказаць маральны дух народа ў час гістарычнай драмы, прасачыць, як у барацьбе з жорсткімі абставінамі ідзе выпрабаванне кожнага чалавека паасобку і чалавечых калектываў, ацаніць псіхалогію чалавека з пункту гледжання народнай маралі і прынцыпаў сацыялістычных нормаў жыцця. Увабраўшы вопыт сваіх папярэднікаў і ў беларускай, і ў іншых літаратурах братніх рэспублік, пісьменнікі гэтыя побач з раскрыццём карэнных праблем маралі паказваюць і канкрэтныя гістарычныя рэаліі народнага жыцця, плённа працягваючы такім чынам нацыянальную беларускую стылёвую традыцыю.
Гаворачы пра традыцыі, неабходна адзначыць, што па-новаму было засвоена пісьменнікамі так званага другога пасляваеннага пакалення многае з творчасці К. Чорнага, асабліва ваеннага часу. Цікавасць да Чорнага ў маладых мастакоў была выклікана неабходнасцю ўсвядоміць вайну з этычнага пункту гледжання, пад знакам сучасных канцэпцый маральнага вопыту мінулага. Ваенныя творы К. Чорнага пабудаваны на антытэзе паміж гуманізмам і антыгуманізмам, паміж недаверам да чалавека і верай у яго, паміж дабром і злом. Гэтая іх галоўная ідэйная накіраванасць дапамагла пісьменнікам наступных пакаленняў разабрацца ў пачуццях і адчуваннях свайго ваеннага маленства і юнацтва з пазіцый гуманістычнага разумення вайны і чалавека на вайне, дапамагла зразумець значэнне дабраты, душэўнай цеплыні для выхавання чалавека, пазбаўленага простых чалавечых радасцей.
Дзеці з абкрадзеным дзяцінствам — адна з галоўных тэм творчасці позняга Чорнага. Пісьменнікі другога пасляваеннага прызыву яшчэ больш паглыбілі тэму, якая стала на нейкім этапе і для іх галоўнай, але надалі ёй яшчэ большы драматызм, бо гаварылі пра перажытае асабіста. У ваенных творах К. Чорнага многія сітуацыі драматычныя, але некалькі ўмоўныя, што было выклікана яго не вельмі дасканалым веданнем ваеннай абстаноўкі на Беларусі. Важнейшымі ў Чорнага становяцца канцэпцыя гуманістычная, замілаванне душэўнымі адносінамі сваіх герояў, напрыклад, Волечкі і Кастуся ў «Пошуках будучыні». Чорны пазбягаў апісваць смерць на вайне, але адчуваючы яе бязлітаснасць і непазбежнасць, сцвярджаў жыццё, праслаўляў тое ў адносінах людзей, што не мог парушыць фашызм, што аказалася адзіна сапраўдным. Пад уплывам чорнаўскай паэтыкі ванных часоў фарміраваўся ў нечым і стыль В. Быкава з яго паэтыкай асацыяцый, недагаворанасці, з яго ёмістай псіхалагічнай дэталлю, якая стварае не карціну, а настрой, раскрывае стан чалавечай душы ў той ці іншай, часцей драматычнай сітуацыі. Стыль В. Быкава аказаў уздзеянне на ўсю савецкую ваенную літаратуру.
Сапраўды трагічнае гучанне набываюць творы, напісаныя, як правіла, па ўласных успамінах, напрыклад, «Апошнія і першыя» Б. Сачанкі, «Лонва», «Тартак», «Найдорф» І. Пташнікава, «Салодкія яблыкі» В. Адамчыка, «Бульба» І. Чыгрынава, «Адзін лапаць, адзін чунь» М. Стральцова і некаторыя іншыя. Праўда, Пташнікаў стараецца не падкрэсліваць, што гаворка ідзе пра яго асабістае, перажытае, але ясна, што ўбачанае, адчутае, а потым і асэнсаванае пакінула глыбокі адбітак у душы пісьменніка. Наогул ацаніць сёння зробленае многімі беларускімі пісьменнікамі немагчыма без уліку іх дзіцячага вопыту ваенных гадоў.