На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
У эпоху бурнага развіцця навукі і тэхнікі, смелага пранікнення ў таямніцы прыроды, наступлення на прыроду набывае новае гучанне праблема ўзаемаадносін яе з чалавекам. Сёння яна ўспрымаецца асабліва востра. Калі пісаў «Лонву» ды і пазнейшыя творы І. Пташнікаў, праблема ўжо наспела, але яшчэ не выкрышталізавалася. Аднак паказваючы ў лепшых традыцыях рускай і беларускай класічнай літаратуры непераходзячую прыгажосць прыроды, яе арганічную сувязь з чалавекам, Пташнікаў, відаць, ужо тады адчуваў небяспеку, таму палемічна завастраў некаторыя моманты.
Як правіла, і гэта добра відаць у Я. Коласа, паказ адзінства чалавека і прыроды нараджае гуманістычную пранікнёнасць вобразаў таго ці іншага твора. Галоўнае ў стылі Коласа —прастата, чалавечнасць, яснасць. Колас у адрозненне ад К. Чорнага яшчэ не спыняецца на канфлікце паміж унутраным і знешнім, паміж рацыянальным і эмацыянальным.
Уменне бачыць у простым, звычайным сапраўды паэтычныя рысы, здольнасць раскрыць духоўнае багацце простага чалавека, чалавека працы, паказаць яго маральную прыгажосць, а таксама хараство навакольнай прыроды — ва ўсім гэтым і можна бачыць блізкасць І. Пташнікава да Я. Коласа. Зноў жа падкрэслім, што тут падабенства не прыёмаў, не стылю, а агульнага светабачання.
Прыгажосць коласаўскага стылю была навеяна прыгажосцю навакольнай прыроды. Праўда, беларуская прырода ў адрозненне ад прыроды поўдня — не яркая, не дэкаратыўная, але яна нечым прыцягвае да сябе. Беларускі пейзаж схіляе да роздуму, да самапаглыблення, да філасофскага погляду на жыццё. Найбольш тонка гэта асаблівасць беларускай прыроды была ўлоўлена, на нашу думку, іменна І. Пташнікавым. Імкнучыся паслядоўна, падрабязна перадаць адценні, этапы спасціжэння героямі навакольнага свету, пісьменнік выяўляе і схільнасць да сімвалу, да абагульнення.
У розных творах І. Пташнікава сувязі чалавека з прыродай розныя, ды і ўспрыняцце яе самім пісьменнікам неаднолькавае. У апавяданні «Алені» першая сустрэча з хараством для гераіні — гэта першы ўрок дабра і любві. У «Лонве» і «Мсціжах» прырода — і фон, і аб'ект чалавечай працы. Яна ж узбуджае пачуцці людзей, наводзіць іх на роздум. Але калі ў «Лонве» яшчэ пераважае лірычна-ўзнёслае ўспрыняцце асяроддзя, то ў «Мсціжах» выяўляецца, калі можна так сказаць, «аграрна-філасофскі» (А. Чычэрын) погляд на зямлю.
Апалітычнасць пташнікаўскага стылю вымагае паказу адначасовасці — зрокавага, слыхавая, асязальнага і абаняльнага — успрыняцця прыроды героямі. Гэта стварае складаныя канструкцыі і перыяды.
Юрку Даліне з «Лонвы» кожная жыццёвая з'ява напамінае пра ваеннае мінулае і дапамагае зноў і зноў адчуць радасць жыцця, радасць духоўнай блізкасці да Жэнькі, яго першага сарамлівага кахання, да Завішнюка, на якога хочацца быць падобным. Калі ідзе Юрка па лесе ў дзень сваёй смерці, усё, што сустракаецца яму, набывае і для яго, і для чытача нейкае асаблівае значэнне: «Ля імшары халадок, пахне балотам і вадой, але на дарозе суха. Шамчыць пад нагамі сівы мох, і ўцякаюць з вачэй, хватка ўразаючы, рудаватыя яшчаркі. У старых, выбітых калясьмі калдобінах тут растуць грыбы-чашчавікі, на тонкіх і высокіх ножках, і зайцавы баравікі — зялёныя, як альховае лісце». Адкрыццё свету ў зрокавых, пластычных вобразах, перадача рэчавасці асяроддзя — аснова паэтыкі І. Пташнікава. Часам свабода асацыятыўных пераходаў ад аднаго назірання ці роздуму да другога набліжае манеру пісьма да «плыні свядомасці». Напрыклад, грыбы напамінаюць Юрку, што іх топчуць браканьеры, і тут жа ўспамінаецца, як смешна Завішнюк адахвоціў іх ад гэтага месца, напісаўшы на кавалку фанеры: «Заминировано! Проезд в Сырницу закрыт!» Яны тады ўсе смяяліся над палахлівымі браканьерамі, але сама па сабе такая аб'ява — характэрная прыкмета таго часу: менавіта на тым месцы і падрываецца пазней Юрка.
Псіхалагічны аналіз у «Лонве», як і ў пазнейшых творах, ідзе побач з падрабязным выпісваннем канкрэтнай рэчавасці асяроддзя, якая абуджае псіхічны настрой героя. Вось Завішнюку ўспомнілася, як ён упершыню прыйшоў у Мсціжаўскі лес. Гэта было раніцай, вясной: «Лес быў ціхі-ціхі, горды, як на Алтаі, да якога Завішнюк прывык...
Падымалася сонца, зыркае, як нагрэты ў печы камень, якім у кадзе грэюць ваду. Збіралася духата, парыла перад дажджом, падсыхала зямля... І тады Завішнюк убачыў, як па сасновых камлях з зямлі падымаецца пара і паўзе ўгару... Падымаецца, кратаецца, дрыжыць, што дым, ля кожнай сасны...
Зямля тлее, здалося яму тады. Такога ён яшчэ не бачыў...»
Крытыкі неаднаразова папракалі І. Пташнікава, што часам ён неапраўдана падрабязны, залішне расквечвае стыль. Што датычыць першых твораў, то гэта справядліва — рэфлексіі герояў і рэчавая рэальнасць былі адарванымі адна ад адной структурамі, таму многія падрабязнасці здаваліся проста непатрэбнымі. Але ў «Лонве» і пазнейшых творах канкрэтныя рэаліі асяроддзя ўдзельнічаюць у псіхааналізе. Так, Пташнікаў даходзіць да ісціны няхай складаным, але адзіна магчымым шляхам — праз скрупулёзнае даследаванне характараў герояў, праз дакладнасць і канкрэтнасць рэчыўнай фактуры, праз праўду сітуацый і абставін.