На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Рэалізм І. Пташнікава, як і рэалізм Я. Коласа, пачынаўся нават не з адлюстравання, а яшчэ з успрыняцця свету. Ступень жа актыўнасці такога ўспрыняцця не толькі вызначае меру таленту мастака, але і асаблівасці яго стылю.
Пакуль што недасягальным узорам у беларускай літаратуры з'яўляецца коласаўская чысціня мелодый і яснасць, празрыстасць стылю, у аснове якой — «ідэал гарманічнай чалавечнасці». Так, карыстаючыся словамі даследчыка А. Чычэрына, можна назваць светаўспрыняцце Я. Коласа. «Гарманічная чалавечнасць» у нашым разуменні — гэта прырода, грамадства, чалавек як аб'екты мастацкага даследавання, кожны з якіх выступае раўнапраўным і ў той жа час шматлікімі сувязямі звязаным з другімі: «...ад тысячы ніцей, з якіх аснована і выткана жыццё і злучана быццё і небыццё — збіраўся скарб...» (Я. Колас).
Цэльнасць успрыняцця свету, а гэта значыць, і эстэтычнае яго ўспрыняцце, характэрнае таксама і для народнай паэтыкі, з усіх твораў Я. Коласа найбольш ярка выявілася ў «Новай зямлі». Стварэнне паэмы было выклікана ў Я. Коласа вельмі складанымі сацыяльнымі, ідэалагічнымі і эстэтычнымі матывамі аб'ектыўнага і суб'ектыўнага характару. Таму ў «Новай зямлі» выразна выявіўся стыль Я. Коласа, у паэме знайшлі ўвасабленне самыя адметныя асаблівасці коласаўскай індывідуальнасці. Поліфанізм, гарманічнасць стылю, яснасць і стройнасць рытму робіць «Новую зямлю» адным з лепшых твораў савецкай літаратуры.
Сучасная навука экалогія вывучае сувязі ўсяго жывога ў прыродзе. Гарманічную зладжанасць існавання жывых істот народ усведамляў здаўна. Цэласнасць коласаўска-пташнікаўскага, як і народна-паэтычнага ўспрыняцця свету, тлумачыцца гармоніяй самой рэчаіснасці, і гармонія гэта праяўляецца ва ўсіх сферах народнага жыцця.
Я. Колас здолеў паказаць нацыянальнае ў характарах сваіх герояў у многім дзякуючы таму, што адчуваў іх асяроддзе. Колас умеў бачыць як бы вытокі мастацкай культуры народа ўвогуле, дзе яшчэ спаяна ў адно праца і мастацтва, чалавечае і стыхійна-прыроднае.
Пафасам услаўлення народа прасякнутг паэма «Новая зямля», гэты рэалістычны, канкрэтны па жыццёваму матэрыялу і ў той жа час глыбока філасофскі твор. У аснове філасофіі паэта, у аснове яго рэалізму ляжыць ідэя народнасці, сцвярджэнне народнага пачатку і ў жыцці, і ў мастацтве. Я. Колас паэтызуе народ праз яго быт, праз прыроду, з якой ён зліты ўсім сваім існаваннем і ў якой яго не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя вытокі. Цэласнасць адлюстравання чалавека аказваецца ў многім залежнай ад цэласнасці адлюстравання яго асяроддзя.
Мы так многа гаворым пра паэму «Новая зямля», таму што ў ёй — увесь паэтычны свет Коласа, таму што яна, як ніякі іншы твор у беларускай літаратуры, вучыць любіць жыццё, бачыць яго прыгажосць, вучыць любві да Радзімы, да народа. Я. Колас імкнуўся да стварэння гарманічных вобразаў, да найбольшай паўнаты ў адлюстраванні чалавека і ўсяго, з чым звязана яго жыццё.
Многае з коласаўскай паэтыкі ўспрынялі сучасныя пісьменнікі, у прыватнасці І. Пташнікаў. У Пташнікава любоўнае і вельмі канкрэтнае адчуванне прыроды, уменне ўзнавіць яе фарбы, гукі, пахі, якія трымае мастак у падмяці, прывесці ў творы да мастацкага цэлага, захоўваючы адначасова жыццёвую канкрэтнасць, і звязаць з іншымі мастацкімі кампанентамі твора. І. Пташнікаў, як і яго вялікі настаўнік, праз пейзаж выяўляе сваё пачуццё Радзімы, сваю любоў да яе, праз прыроду імкнецца зразумець навакольны свет і людзей. Такім чынам, пейзаж у Пташнікава падпарадкаваны аўтарскай канцэпцыі, ён арганічна суадносіцца з асноўнай стылёвай сістэмай пісьменніка і выконвае складаную функцыю мастацкага стварэння адзінай плыні быцця.
Як і ў Коласа, героі І. Пташнікава не сузіраюць прыроду, а жывуць у прыродзе, яна ўдзельнічае ў фарміраванні духоўнага свету чалавека. Пачынаючы з апавяданняў зборніка «Сцяпан Жыхар са Сцешыц», пейзаж становіцца ў Пташнікава люстрам жаданняў, пачуццяў і думак чалавека, стану яго душы, дадзеных у эмацыянальным адлюстраванні праз карціны прыроды. Тут наогул існуе дыялектычная сувязь. Калі ў першых творах не было ярка акрэсленых характараў, то і пейзаж выглядаў чужародным элементам, існаваў як быццам толькі для таго, каб паказаць майстэрства аўтара яго ствараць. Аднак са з'яўленнем больш-менш закончаных характараў, таго ж Алёшкі ці Ірынкі, вобразы прыроды арганічна дапаўняюць, раскрываюць чалавечыя вобразы. Пейзаж дапамагае праявіцца нейкім асаблівым рысам душэўнага жыцця чалавека. Акрамя таго, насычанасць пейзажнымі малюнкамі твораў І. Пташнікава можна тлумачыць і як жаданне пісьменніка пашырыць межы чалавечага, паказаць паўнату рэчаіснасці, усё тое, што так ці інакш тлумачыць і дапаўняе воблік чалавека.