На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Як і многія маладыя пісьменнікі, І. Пташнікаў пачынаў з невялікіх апавяданняў. Сабраны яны ў зборніку «Зерне падае не на камень». Першыя творы І. Пташнікава, нягледзячы на ўсе намаганні аўтара надаць ім драматычнасць, яшчэ не нясуць сацыяльна важных ці проста цікавых ідэй, не раскрываюць маральных канфліктаў. Гэта хутчэй эцюды, вельмі настраёвыя, эмацыянальныя, а таму рыхлаватыя па сюжэтнаму руху. Пануючай у іх з'яўляецца паэтыка настрояў, нюансы пачуццяў, усё тое, што потым таксама будзе прысутнічаць у творах пісьменніка, але ўжо як дамінанта асноўнага тону, ноты апавядання.
Уражвае мастацкая памяць пісьменніка. Глянуўшы на ўсю яго творчасць, разумееш, што яго мастацкае мысленне пачынаецца іменна з памяці, з назіральнасці. Пра прыгажосць прыроды, пра зямлю, пра чалавечую працу на гэтай зямлі і вынесеныя ёю пакуты трэба гаварыць неяк адметна, і Пташнікаў зразумеў патрабаванні такога матэрыялу. Праўда, зрэдку ў яго першых апавяданнях пейзажы, абстаноўка дзеяння прымалі самагоднае значэнне. Такое адчуванне, што, эстэтызуючы прыроду, малады аўтар імкнуўся адгарадзіцца ад гарачай плыні жыцця, складаных яго сацыяльных праблем. Аднак і нельга вініць пачынаючага пісьменніка, што ён, валодаючы талентам бачыць і цаніць навакольную прыгажосць, спяшаецца перанесці на паперу жывапісную, каларытную стыхію, што кіпіць вакол яго. Свет раскрываецца зрокавымі, пластычнымі вобразамі, адчуванне прыроды нават больш біялагічнае, але ўжо нават у першых апавяданнях заўважаецца імкненне знайсці асацыятыўную сувязь прыродных з'яў з паэтычнай думкай, з роздумам пра чалавека і яго лёс... Напрыклад, у апавяданні «Бяроза маўчала» — аб прыгажосці кахання, аб чалавечым шчасці — увесь час прысутнічае трывожны, трапяткі пейзаж, які перадае журбу, пакутлівыя перажыванні галоўнага героя, каханая якога трапіла ў аўтамабільную катастрофу. Яму балюча і адзінока, і ўсё навокал ён успрымае адпаведна свайму тужліваму настрою: «Недзе далёка пяюць, і мелодыя да мяне даносіцца, як з-пад зямлі... Песня як бы лье і лье нешта гарачае на душу...
Вада калышацца, як густая мазута. На берагах застылі, здаецца, у адвечным спакоі высокія лазнякі, застылі, як і мае думкі...
Шэрае, маркотнае неба зусім нерухомае... На захадзе яно пабурэла: там закацілася нядаўна сонца... З маіх грудзей вырываецца ўздых, нейкі дрыготкі, зусім не мой. Я адчуваю, што мне не стае любага, майго...» Адпаведнымі эпітэтамі і маляўнічымі параўнаннямі пісьменнік павышае лірычнасць свайго апавядання. Эмацыянальная напружанасць стане прыкметнай асаблівасцю аўтарскага тону ва ўсіх творах пісьменніка.
Ужо ў аповесці «Іллюк Чачык», якая прынесла заслужаную вядомасць І. Пташнікаву, адчуваецца не толькі пільнае вока, тонкая назіральнасць, а і грамадзянская пазіцыя пісьменніка, яго думкі і клопаты пра свой час, пра новага чалавека ў новых абставінах.
У творах, дзе моцны элемент сатыры,— «Чачыку», «Не па дарозе», некаторых апавяданнях, рамане «Чакай у далёкіх Грынях», прысвечаных традыцыйнай у той час у літаратуры тэме ўздыму калгасаў,— ставяцца і больш шырокія пытанні, на якія яшчэ мала звярталі ўвагу мастацтва і крытыка,— аб духоўнай культуры вёскі наогул. Пташнікава хвалюе вёска, ён адчувае наспеласць перамен у яе не толькі матэрыяльным, але і духоўным жыцці, і ў той жа час ён разумее неабходнасць захавання многіх этычных і эстэтычных каштоўнасцей народа. Таму не можа не выклікаць яго абурэння адступленне як ад спрадвечных, так і ад сацыялістычных нормаў маралі. І. Пташнікаў, які шукае вытокі духоўнасці, на працягу ўсёй сваёй творчасці з агідай адкідвае ўсё тое, што не адпавядае яго ідэалам. І сатыра ранняга Пташнікава набывае не камедыйныя, а трагічныя інтанацыі. Сатыры Пташнікава не ўласцівы гумар ці іронія, затое відавочная публіцыстычная страснасць аўтара. Суровая сатыра І. Пташнікава нечым нагадвае некаторыя раннія апавяданні К. Чорнага, але, акрамя гэтай, па сутнасці, не мае іншых паралеляў у беларускай прозе, якая ні на адным з этапаў свайго існавання не абыходзілася безсмешнага, дасціпнага, гумарыстычнага. Пасля рамана «Чакай у далёкіх Грынях», які сустрэў шмат заўваг крытыкаў, творчыя намаганні І. Пташнікава накіроўваюцца ў іншым напрамку.