На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
«Лонва» вызначаецца яшчэ сярод іншых твораў І. Пташнікава тым, што тут своеасаблівы сімбіёз традыцый К. Чорнага і Я. Коласа. У паэтычным, лірычным, нават пантэістычным успрыняцці прыроды адчуваюцца коласаўскія прыродаапісальныя інтанацыі. Апалітызм у паказе чалавечых пачуццяў, адчуванняў — у многім ад К. Чорнага. Нельга не заўважаць своеасаблівага, вельмі складанага і часам нават парадаксальнага праламлення традыцый розных літаратур у творчасці пісьменнікаў сярэдняга пакалення. Розныя па стылі, яны праяўляюць цікавасць да розных элементаў, розных асаблівасцей творчасці класікаў сусветнай, рускай, беларускай і іншых нацыянальных літаратур. Але галоўнай з'яўляецца беларуская нацыянальная традыцыя, якая ва ўсёй шматграннасці сваіх аспектаў прайшла складаны шлях развіцця. Прасякнутая моцным сялянскім каларытам, беларуская нацыянальная стылёвая традыцыя вымагала ад пісьменнікаў мастацкага пранікнення ў самыя глыбіні народнага быцця, але ў самім характары такога пранікнення, выбары жыццёвага матэрыялу ў кожнага з мастакоў адчуваецца вельмі індывідуальнае бачанне свету, свой арыгінальны стыль.
У творчасці пісьменнікаў сярэдняга пакалення традыцыі папярэднікаў праяўляюцца не ў паўтарэнні творчых прыёмаў, а ў сваіх, больш-менш сталых адносінах да жыццёвага матэрыялу. Характар гэтых адносін залежыць ад творчай індывідуальнасці, своеасаблівасці таленту пісьменніка, яго жыццёвага вопыту і праяўляецца ў стылі, мове, у выкарыстанні адпаведных мастацкіх сродкаў. Безумоўна, нельга не згадзіцца з агульнапрынятай думкай (і мы адзначалі гэта вышэй), што В. Быкаў, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, А. Адамчык і іншыя беларускія пісьменнікі «ўскормлены» лепшымі чорнаўскімі традыцыямі ў іх сучаснай інтэрпрэтацыі. Але той жа Пташнікаў з яго вострым успрыняццем чалавечых недахопаў, з яго раннечорнаўскай цікавасцю да тонкіх душэўных імпульсаў у чалавеку адначасова вельмі паэтычны ў адносінах да роднай прыроды, да зямлі, ён канкрэтны ў лірычным, нават інтымным, і лірычны ў канкрэтным. Гэта якасць аналітыка. А вытокі лірызму, відаць, перш за ўсё — у яго мастацкай памяці, у адчуванні сваёй блізкасці да зямлі, да родных мясцін. Лірызм — вельмі арганічны паказчык таленту, і не будзе памылкай лічыць, што ён нараджаецца тады, калі будучы пісьменнік яшчэ сам не разумее, ад каго і чаму ён вучыцца, што становіцца неад'емнай часткай яго творчай індывідуальнасці.
У І. Пташнікава ёсць агульныя рысы з паэтыкай Я. Коласа. Стыль пісьменніка залежыць як ад яго характару, так і ад асаблівасцей таго, што ён апісвае. Агульнасць паэтыкі Я. Коласа і І. Пташнікава можна вытлумачыць іх адной нацыянальнасцю, адным прыродным, геаграфічным акружэннем. Але неабходна ўлічваць і ўласна літаратурны фактар. Традыцыі Я. Коласа, шырока вядомага і найбольш даступнага з ранняга дзяцінства, убіраюцца таленавітымі натурамі ў адрозненне ад традыцый К. Чорнага хутчэй падсвядома, чым свядома. Такая думка можа выклікаць пярэчанне ў тым сэнсе, што ўвогуле мастацкія традыцыі, якім наследуе той ці іншы пісьменнік, не выбіраюцца, а з'яўляюцца непрыкметным для самога аўтара стылеўтвараючым фактарам. Але гэта не заўсёды так. Як вядома, А. Фадзееў у сваім «Разгроме», «Апошнім з Удэгэ» свядома, з самага пачатку выкарыстоўваў традыцыі Л. Талстога. Відаць, тое ж можна сказаць пра традыцыі К. Чорнага ў пісьменнікаў другога пасляваеннага пакалення. У якасці настаўніка многія з іх свядома выбралі К. Чорнага, таму што яго адносіны да чалавека, яго драматызм, яго вялікая нянавісць да фашызму імпанавалі, адпавядалі таму душэўнаму настрою, з якім пісалі А. Адамовіч, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, В. Адамчык і іншыя пра ваенныя выпрабаванні беларускага народа.
Па характару таленту, скажам, І. Чыгрынаў больш падобны на Я. Коласа, І. Пташнікаў — на К. Чорнага. Але ў паэтычным свеце І. Пташнікава, зноў жа падкрэслім, многа агульнага з паэтыкай Я. Коласа. Гэтая агульнасць, відаць, ідзе ад глыбіннага, вельмі арганічнага адчування Я. Коласа як паэтычнай радзімы. Як у многіх пісьменнікаў-эпікаў, лірызм І. Пташнікава праяўляецца як настрой, як пафас, асабліва ў апісаннях прыроды. Слушна заўважыў В. Каваленка: «Адметная асаблівасць пейзажаў І. Пташнікава — моцная эмацыянальная іх афарбоўка».
Стыль — паказчык своеасаблівасці бачання свету, вынік аўтарскага светаадчування, яго адбітак, у якім усе элементы звязаны і залежаць адзін ад аднаго. Як «абагульняючы прынцып формы», стыль выяўляе характар заўсёды цэласна. Таму можна сказаць: «Пакажы, як ты апісваеш прыроду, і я табе скажу, што ты думаеш пра людзей».