На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Часам пошукі М. Стральцова, як ужо адзначалася, нагадваюць пошукі В. Шуканіна, ва ўсякім разе яны ўяўляюцца заканамернымі для пэўнага этапу развіцця грамадства і літаратуры і сведчаць аб праніклівасці, сучаснасці М. Стральцова. Праўда, пакуль што лепшыя вобразы яго твораў — М. Багдановіч, дзед Міхалка, Іванка — людзі мінулага, але яны нібы выпрастаны ў сучаснасць, праз свой век «спасцігае» цэльнасць чалавечай асобы М. Стральцоў. Галоўная якасць, адметнасць яго — у больш уласцівым, чым іншым пісьменнікам яго пакалення, імкненні да гармоніі свету, да гармоніі у чалавечай душы, у развіцці чалавека.
Творчасць М. Стральцова — вельмі важны этап у развіцці беларускай літаратуры, яго стыль належыць да перспектыўнага стылёвага напрамку сучаснай беларускай прозы.
Пафас жыццесцвярджэння
Гаворачы пра індывідуальны стыль таго ці іншага пісьменніка, неабходна перш за ўсё мець на ўвазе адзінства прынцыпаў падбору, сувязі і ўзаемадзеяння ўсіх дэталяў вобразнай формы твора, уласцівых гэтаму пісьменніку. Фарміраванне стылю пісьменніка — гэта і свядомае, і часам несвядомае складванне сваёй канцэпцыі жыцця, свайго эстэтычнага ідэалу, сваёй сістэмы прынцыпаў мастацкага адлюстравання. Цэльнасць такой сістэмы залежыць і ад таленту мастака, і ад гістарычнай рэчаіснасці, і ад традыцый нацыянальнай культуры, і ад мноства іншых фактараў.
Іван Пташнікаў быў і застаецца пісьменнікам пераважна вясковай тэмы, калі разумець пад тэмай жыццёвы матэрыял, узяты для даследавання мастаком. Пташнікаў піша вёску на розных этапах яе гісторыі, праўда, недалёкай, зафіксаванай у аўтарскай памяці. Прыхільнасць да аднаго жыццёвага матэрыялу ў дадзеным выпадку абумоўлена не толькі дасканалым веданнем яго, але і творчым крэда пісьменніка, яго ідэалам, эстэтычнымі задачамі, якія ён ставіць перад сабой.
Творчасць І. Пташнікава пачалася ў канцы 50-х гадоў, у час вялікіх і складаных пераўтварэнняў, змен ва ўсіх сферах грамадскага жыцця нашай краіны, у час, калі з цяжкасцямі, драматычнымі пошукамі, стратамі і знаходкамі фарміравалася літаратура, якую мы называем зараз сучаснай — літаратура 60-70-х гадоў. Гэта літаратура сталага сацыялістычнага грамадства, і яе шматграннасць, багацце форм — адлюстраванне багацця самой рэчаіснасці.
Калі гаварыць пра вёску, то за імклівымі працэсамі, што адбываліся там, літаратура сачыла дастаткова пільна. Тут можна назваць імёны такіх вядомых пісьменнікаў, як У. Фаменка, Я. Мальцаў, М. Аляксееў, П. Праскурня, С. Круцілін, Я. Дораш, У. Цендракоў, П. Пестрак, А. Кулакоўскі, А. Асіпенка і інш. Гэтыя пісьменнікі ставілі значныя грамадскія пытанні, імкнуліся вырашыць важныя сацыялагічныя, вытворчыя і маральна-этычныя праблемы. Трохі пазней, іменна тады, калі пачынаў І. Пташнікаў, аблічча літаратуры пачала вызначаць так званая «вясковая проза». Відаць, трэба лічыць натуральным, што на пераломе ў жыцці краіны, сяла, як было гэта ужо неаднойчы, мастакі слова звярнуліся да глыбінных вытокаў народнага жыцця. У час, калі асабліва хуткімі тэмпамі адыходзіў у мінулае спрадвечны сялянскі ўклад, адна за адной з'яўляліся кнігі В. Бялова, У. Цендракова, В. Шукшына, Я. Носава, В. Астаф'ева, Ф. Абрамава, В. Распуціна, Й. Друцэ, Г. Матэвасяна і інш. Вакол названых пісьменнікаў кіпелі спрэчкі, ім было кінута нямала папрокаў, не ўсе з якіх сёння можна прызнаць справядлівымі. У прыватнасці, крытыкавалася пэўная ідэалізацыя імі старой патрыярхальнай вёскі, яе жыццёвага і асабліва псіхалагічнага ўкладу. Цяпер ясна, што пік іменна таго напрамку, які даволі ўмоўна назвалі «вясковай прозай», мінуў. Урбанізацыя, імклівы рост гарадоў непазбежна нараджае новае светабачанне, новую псіхалогію. Аднак праблем вёскі, праблем сельскай гаспадаркі не стала менш, хутчэй наадварот.
Беларуская літаратура была заўсёды цесна звязана з вясковым жыццём, можа, менавіта таму пра «вясковую плынь» наша крытыка не гаварыла і не вылучала яе асобна. Яна бачылася заканамерным працягам нашай нацыянальнай эстэтычнай традыцыі. Заўсёды неслі моцны сацыяльны зарад нашы творы на вясковую тэму, строга рэалістычныя, з густой бытавой асновай, з імкненнем да эпічнасці, аднак пры гэтым не пазбаўленыя лірычнага пафасу і драматычнай вастрыні канфліктаў.