Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:

Аўтар разглядае гісторыю беларускай нацыі ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. Ён сцісла перадае асаблівасці кожнага з этапаў гістарычнага шляху, які прайшлі беларусы за гэты час, шукае адказ на пытанне, чаму лес народа стаўся менавіта такім, а не інакшым.
1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 110
Перейти на страницу:

«Каб забяспечыць свабоду працоўным масам і адраджаючымся народам і проціставіцца акружаючым нас бандам наймітаў змрочных сіл імперыялізму, VI Абласная канферэнцыя бальшавікоў лічыць неабходным стварэнне самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларускай».

1 студзеня 1919 г. аб сваім існаванні заявіў Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі. У выдадзеным маніфесце заклікаў ён народ Беларусі на барацьбу з «прадажнымі буржуямі, купцамі, памешчыкамі, фабрыкантамі і духаўнікамі», якіх прадстаўнікамі былі Рада БНР ды слугуючыя ёй нямецкія, польскія і ўкраінскія акупанты. Змест маніфеста як і вага абвінавачанняў былі доказам таго, што бальшавікі лічылі БНР важным канкурэнтам за ўладу ў Беларусі. Маніфест адначасна прызнаваў несапраўднымі ўсе законы, пастановы і распараджэнні ўлад БНР. Кіраўніком савецкага ўрада быў назначаны беларускі камуніст Зміцер Жылуновіч, але фарміраванне Народнага камісарыята ўнутраных спраў было даручана армяніну Аляксандру Мяснікову, які 17 снежня 1917 г. разганяў І Усебеларускі з’езд. У складзе ўрада было 8 беларускіх і 11 расійскіх камуністаў.

3 лютага Усебеларускі з’езд Саветаў вырашыў устанавіць федэратыўны хаўрус з Савецкай Расіяй і абвясціў канстытуцыю БССР пад назвай «Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа». Некалькімі днямі раней Цэнтральны Камітэт РКП(б) паменшыў тэрыторыю Беларусі, адарваўшы ад яе Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні і далучыўшы іх да Расіі. Неўзабаве непатрэбным палічылі яны таксама існаванне абрэзанай тэрытарыяльна Беларусі. Адпаведныя пастановы аб яе ліквідацыі «ад імя беларускіх рабочых і сялян» прыняў Усебеларускі з’езд Саветаў, абвяшчаючы 16 лютага 1918 г. волю далучэння БССР да Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). Беларускія камуністы са Зміцерам Жылуновічам на чале, якія ў канцы 1918 г. суарганізавалі БССР, былі арыштаваны, паколькі пратэставалі супраць новых падзелаў краіны. Ва ўладах Літбела не было ніводнага беларуса. Літоўска-беларуская савецкая дзяржава была федэрыравана з Расіяй. У выглядзе звышнацыянальнай арганізацыі мела яна перашкодзіць адраджэнню незалежніцкіх памкненняў беларусаў і літоўцаў, а заадно само яе існаванне давала савецкім уладам козыр у рукі як доказ іх паслядоўнай рэалізацыі прынцыпу аб праве народаў на самавызначэнне.

Да канца лютага большасць беларускіх зямель была занята Чырвонай Арміяй. 13 сакавіка з часткі савецкіх узброеных сіл была створана Літоўска-Беларуская армія, але мабілізаваных у Беларусі салдат найчасцей пасылалі на ўсходні або паўднёвы франты. Сама назва Літоўска-Беларуская армія не мела нічога супольнага з яе этнічным складам, бо ў пераважнай ступені састаўлялі яе расійскія салдаты.

На занятым абшары Беларусі бальшавікі паспешліва арганізавалі саветы сялянскіх дэпутатаў, якія пачалі дзяліць вялікую зямельную ўласнасць і заахвочваць сялян выступаць супраць двароў. Многія прадстаўнікі памешчыцкага саслоўя, якія раней падтрымоўвалі ідэю незалежнай беларускай дзяржаўнасці, памянялі сваю арыентацыю і забеспячэнне сваіх інтарэсаў сталі шукаць ва ўзнікаючай Польшчы. Большасць, баючыся рэпрэсій, апынулася на тэрыторыі Польшчы. У частцы нацыяналізаваных зямельных маёнткаў ствараліся сельскагаспадарчыя камуны. Іх чальцамі пераважна былі людзі, якія раней належалі да фальварковай службы. Сяляне не атрымоўвалі нічога і апрача таго былі прымушаны забяспечваць чырвонаармейцаў харчамі і фуражом, выконваць для войска транспартныя паслугі. Мабілізацыя ў савецкую армію чарговага штогодняга кантынгента прызыўнікоў выклікала бежанства маладых людзей у лясы, спрыяла ўзніканню розных груп, якія рашаліся на партызанскую барацьбу з атрадамі Чырвонай Арміі, што высылаліся на вёскі для рэквізіцыі збожжа, коней, свіней.

Польска-савецкая вайна. Падзеі на Беларусі

17 лютага 1919 г. дайшло да першых польска-савецкіх сутычак. У сакавіку польскае войска апынулася на лініі рэк Піна — Ясельда, а 21 красавіка пасля трохдзённых баёў была занята Вільня. Дзень пазней была абвешчана адозва Галоўнакамандуючага польскімі войскамі Юзафа Пілсудскага «Да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага». «Польскае войска нясе Вам усім вольнасць і свабоду», — запэўніваў Ю. Пілсудскі. Галоўнакамандуючы дэклараваў таксама, што створыць магчымасць вырашаць нацыянальныя і канфесійныя пытанні без ніякага гвалту і націску з боку Польшчы. Апрача Ю. Пілсудскага свае адозвы і загады на польскай і беларускай мовах выдалі генералы Эдвард Рыдз-Сміглы і Станіслаў Шаптыцкі. З загаду Э. РыдзаСміглага вынікае, што афіцыйнай мовай мела быць польская, а ўсе распараджэнні ўлад мелі перакладацца на беларускую мову. У кантактах з уладамі дапускалася ўжыванне беларускай мовы. У сітуацыі далейшай канфрантацыі з Савецкай Расіяй польскія ўлады імкнуліся здабыць прыхільнасць таксама і з боку беларусаў. Для часткі палітыкаў, якія стваралі структуры БНР, Юзаф Пілсудскі, вядомы прыхільнік федэралізму, уяўляўся магчымым хаўруснікам беларускай незалежнасці.

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 110
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)