НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Пачуўшы пра набліжэнне нямецкіх войскаў бальшавікі ўцяклі з Мінска. Расійскае войска, паралізаванае пацыфісцкай прапагандай, нават не думала супраціўляцца немцам. У ахопленым эвакуацыйным хаосам Мінску змагацца за ўладу пачалі наспех арганізаваныя малалікія польскія падраздзяленні і астаткі беларускіх фарміраванняў. Палякі занялі пакінутыя бальшавікамі ваенныя скдады і ўзброілі некалькі соцень дабравольцаў. Вызваленым з турмы кіраўнікам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады таксама ўдалося згуртаваць пару соцень салдат, якія былі ахвотны змагацца за стратэгічныя аб’екты ў горадзе. Нямнога большыя сілы, галоўным чынам розныя вартаўнічыя службы, былі на расійскім баку. Змаганне ўсіх з усімі, якое працягвалася больш за дзесяць гадзін, было перапынена ўваходам у сталіцу 21 лютага нямецкіх войскаў.
У гэты ж дзень Выканаўчы камітэт Рады І Усебеларускага з’езда выдаў Першую ўстаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвясціў сябе найвышэйшай цывільнай уладай у Беларусі. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фарміравацца згодна волі народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып павінен ажыццяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм. Выканкам стварыў Народны Сакратарыят Беларусі, а яго старшынёй прызначыў Язэпа Варонку. У згаданай грамаце ўпершыню не гаварылася пра аўтаномію і неабходнасць заставацца ў складзе расійскай федэрацыі. Яе тэкст на беларускай і расійскай мовах быў расклеены па ўсім Мінску.
Беларускія дзеянні не мелі большага значэння, паколькі ўся ўлада ў Беларусі знаходзілася ў руках камандзіраў нямецкай арміі. 22 лютага загадалі яны польскім падраздзяленням пакінуць Мінск, а беларускім — скласці зброю. Не жадаючы ўскладняць адносіны з Расіяй, немцы не прызналі беларускага ўрада, занялі сядзібу Народнага Сакратарыята, рэквізавалі ягоную маёмасць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сцягі і забаранілі чальцам урада пакідаць горад. Аднак пад канец лютага дайшло да перагавораў паміж Сакратарыятам і нямецкай ваеннай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага несельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весці легальную дзейнасць на тэрыторыі Міншчыны, галоўным чынам у галіне арганізавання лакальнай адміністрацыі, школьніцтва і выдавецкага руху.
9 сакавіка Выканаўчы камітэт Рады І Усебеларускага з’езда выдаў Другую ўстаўную грамату, у якой сцвярджалася:
«Пасля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь свет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць».
Выканкам абвясціў узнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі, вызначыў яе межы і часовы лад. Беларуская дзяржаўнасць — паводле граматы — павінна расцягвацца
«ў рубяжах рассялення і лічэбнай перавагі беларускага народа».
Да часу правядзення свабодных выбараў ва Устаноўчы Сойм выканаўчая ўлада мела належыць Народнаму Сакратарыяту.
Паколькі Выканкам быў легальным, прызнаным немцамі прадстаўніцтвам насельніцтва Беларусі, яго структуры пачалі хутка разрастацца. Гарнуліся да яго перш за ўсё земскія і гарадскія самаўрады, якія пабачылі рэальную сілу, здольную стрымаць грабежніцтва нямецкага войска. 9 сакавіка Выканкам абвясціў сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі і ўзяў на сябе функцыі часовай заканадаўчай улады. Захоп усёй тэрыторыі Беларусі немцамі дазволіў аб’яднаць намаганні дзеячаў двух цэнтраў — віленскага і мінскага. Браты Іван і Антон Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі, якія ўсю нямецкую акупацыю знаходзіліся ў Вільні, канчаткова адракліся ад планаў стварэння канфедэратыўнай літоўска-беларускай дзяржавы, пасля таго як літоўцы 19 лютага аб’явілі незалежнасць. Прыклад Літвы быў таксама ўказальнікам для віленскіх беларускіх дзеячаў. Апрача таго яны меркавалі, што немцы, так як літоўцаў, будуць таксама падтрымоўваць беларусаў. 18 сакавіка Віленская беларуская рада далучылася да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Павялічаная на прадстаўнікоў усіх зямель і асяроддзяў БНР 25 сакавіка 1918 г. абвясціла незалежнасць Беларусі. У яе састаў мела ўваходзіць Магілёўшчына, Міншчына, Віцебшчына, Гродзеншчына (з Беластокам), беларускія часткі Віленшчыны, Смаленшчыны і Чарнігаўшчыны. Палессе, згодна Брэсцкаму мірнаму дагавору, было перададзена Украіне. Рашэнне аб абвяшчэнні незалежнасці не было Радай прынята аднадушна. Многія яе чальцы выступалі супраць парвання сувязей з Расіяй. Аднак большасць паднялася драматычнай спробы будаваць сваю дзяржаўнасць, спадзеючыся знайсці падтрымку немцаў. 25 красавіка правадыры Рады з Іванам Серадой на чале выслалі нямецкаму кайзеру Вільгельму ІІ тэлеграму з падзякай за вызваленне Беларусі і прапановай заключыць нямецка-беларускі хаўрус. Апрача Серады тэлеграму падпісалі Раман Скірмунт, які быў ініцыятарам гэтай дыпламатычнай акцыі, Павел Аляксюк, Язэп Лёсік і Пётр Крачэўскі. Немцы на беларускія прапановы адказу не далі. Гвалтоўная змена арыентацыі з прарасійскай на пранямецкую выклікала востры канфлікт унутры беларускага руху. Па гэтай прычыне ў адстаўку падаўся кабінет Язэпа Варонкі, а самая вялікая беларуская арганізацыя — Беларуская сацыялістычная грамада — распалася на тры партыі: Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП) і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ). «Рэвалюцыянеры» выказваліся за супрацоўніцтва з Расіяй і бальшавікамі, «федэралісты» хацелі хаўрусу з Расіяй, але не мелі ахвоты кантактавацца з бальшавікамі, а «сацыялдэмакраты» ў сваю чаргу выразна не фармулявалі сваіх адносін да Расіі і засяродзіліся на ратаванні аўтарытэту Рады і стваранні нацыянальнага войска.